Навіны з саміту G20



Не, я асабіста на саміт дваццаці самых моцных эканомік планеты не патрапіў. Ні эканоміка маёй краіны, ні мая асабістая не далі мне аніводнага шанцу асвяціць гэтую падзею адтуль. Але пару тройку кантрастных навін удалося ўбачыць і праз акіян.

Дык вось, у сталіцы Аргенціны Буэнас-Айрэсе прайшоў доўгачаканы двухдзённы саміт лідараў краінаў G20. Там жа, за 33 км ад Буэнас-Айрэса адбыўся землятрус. Але галоўнай інтрыгай першага дня стала тое, што прэзідэнт Амерыкі Дональд Трамп не паціснуў руку кіраўніку Расейскай Федэрацыі Уладзіміру Пуціну. Гэта ў адрозненні ад землятрусу заўважылі абсалютна ўсе, і адзначылі, што рукапаціскання не адбылося не толькі таму, што амерыканскага і расейскага лідараў паставілі так, што яны і не маглі дацягнуцца адзін да другога, а гэта іх наўмысна паставілі так таму, што яны і не збіраліся ручкацца.

Затое Уладзімір Пуцін з энтузіязмам паціснуў далонь спадчыннага прынца Саудаўскай Аравіі Мухамеда бін Салмана, якога нібыта таксама абмінуў прэзідэнт ЗША. Не вельмі рукапаціскальны на гэтым саміце аказаўся прынц для амерыканца з-за таго, што высокапастаўленага госця з Саўдаўскай Арабіі падазраюць ці то ў прамым, ці то ва ўскосным дачыненні да забойства свайго суайчынніка журналіста.

Што тычыцца няміласці да расейскага лідара, то прычына канфлікту ляжыць далёка ад журналістыкі. З журналістамі ў Расеі ўжо ўсё нармальна. З гэтым навялі поўны парадак, прыціснуўшы да ногця і журналістаў і журналістыку. Зараз у свеце не могуць уцяміць навошта расейскія ваенныя караблі напалі на караблі Украіны?! І хіба што не ўцямяць.

Там жа, на саміце, стала вядома, што прадстаўніца самай магутнай эканомікі Еўропы нямецкі канцлер Ангела Меркель прыляцела ў сталіцу Аргенціны рэйсавым самалётам. Але не з-за прыроднай сціпласці, а таму, што яе нямецкі самалёт зламаўся. Гучыць як анекдот, але факт застаецца фактам. Прычым фактам смешным. Бо хоць яе самалёт і не называўся “Фольксваген”, але ж ён усядно нямецкі. Як гэта ён мог зламацца?! Паверыць немажліва! Да таго як  Меркель стала кіраўніком краіны, такога канфузу ў Нямеччыне і ўявіць было немажліва! Ды многа чаго немажліва было ўявіць у Нямеччыне да Меркель.

Дарэчы Меркель, як і яе французскі калега Макрон, у адрозненні ад амерыканскага лідара, ці ў піку таму, ці ў здраду яму, уцякаць ад рукапацісканняў з расейскім і саудаўскім кіраўнікамі не сталі. Мала таго, Меркель добра пагаварыла з Пуціным. Можа папрасілася, каб той падкінуў яе па дарозе назад на сваім самалёце да Берліна, а можа каб пасля заканчэння канцлерскага тэрміну уладкаваў на працу ў Газпрам, як некаторых нямецкіх палітыкаў мінулага, хто яе ведае. Афіцыйна заявілі, што гаворка ішла пра расейска-украінскі канфлікт у Керчанскім праліве. Неафіцыйна кажуць, што пра газавод.

Можна было б пасмяяцца з гэтай сітуацыі даўжэй, каб не прыйшла і сумная навіна, што памёр 41-шы прэзідэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш старэйшы. Той самы кіраўнік Амерыкі, які абвясціў усяму свету пра прызнанне суверэнітэту Беларусі пасля развалу СССР. Той самы, які прадоўжыў палітыку слаўнага Рональда Рэйгана, якая і прывяла да развалу імперыі зла СССР, і як вынік прынесла суверэнітэты многім паняволеным народам.

Гэта была лёсаносная эпоха, праслаўленая намаганнямі Рональда Рэйгана з Амерыкі, і Маргарэт Тэтчэр з Еўропы. Гэтым вялікім дзеячам хіба і ў страшным сне не магло прысніцца, што неўзабаве ім на замену прыйдзе другі амерыкана-еўрапейскі тэндэм з Барака Абамы і Ангелы Меркель, пры якім адродзяцца не толькі былыя савецкія імперскія амбіцыі, але і ўзброяцца і асмялеюць дыктатарскія рэжымы, расквітнее тэрор, зменяцца межы ў Еўропе… І ўрэшце паламаецца нямецкі самалёт, які мусіў даставіць на саміт самых буйных эканомік свету лідара эканомікі Еўропы.

Ну а ў Беларусі гэтымі днямі стала вядома, што падымецца кошт на цыгарэты і харчаванне ў дзіцячых садочках і школах, і што праіндэксавалі тарыфы на камуналку, і што запрацуе база “дармаедаў”, дзе можна будзе даведацца дармаед ты ці ўсё ж не, і што для размяшчэння каментара на інтэрнэт-рэсурсах трэба будзе ідэнтыфікавацца…

Праўда, на саміце G20 гэтага не абмяркоўвалі.

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ