Не да жартаў



Гэты мужчына прыцягнуў маю ўвагу адразу. Статны, акуратны, сталага веку, з кійком у руцэ, і па адной штаніне было бачна, што замест нагі ў яго пратэз. Ён збіраўся нешта спытаць у іншых людзей на прыпынку гарадскога транспарту, але не стаў гэта рабіць у першага, хто патрапіўся бліжэй. Ён абышоў і маладзёнаў, і хмурую жанчыну сярэдняга веку, і ўсіх астатніх, і звярнуўся толькі да мужчыны, які быў блізкі яму па гадах. Такое разуменне прыстойнасці і ўласнай вартасці зараз мала ў каго сустрэнеш. Гэта чалавек рэдкай фармацыі і даўнейшага выхавання. Такія людзі ўжо даўно перавяліся. Але зрэдку яшчэ сустракаюцца. І гумар у іх таксама ўнікальны як і яны.

– Добры дзень. Прабачце за непакой, але мушу спытацца. Падкажыце калі ласка, як мне даехаць да абласнога шпіталя, – звярнуўся ён да мужчыны, і як толькі пачынаў здароўкацца, прыпадняў капялюш.

Мужчына, да якога ён звярнуўся, ацаніў ветлівасць госця Гародні і падрабязна растлумачыў як да таго шпіталя дабрацца. І між імі завязалася размова.

– Я кожны год прыязджаю сюды, каб прайсці дактароў. Бо каб мне прадоўжылі групу інваліднасці, мушу штогод паказваць лекарам, што новая нага ў мяне яшчэ не вырасла, – пажартаваў мужчына з кійком у сярэдзіне размовы.

– А ці маеце дзе заначаваць, – пацікавіўся суразмоўца. – Тыя дактары мусяць вас да сябе дахаты запрасіць па ўсіх законах прыстойнасці, раз выцягнулі вас у горад праверыць ці не вырасла нага, – падтрымаў ён жартаўлівы тон госця.

Жарты мужчын спадабаліся і ўсім астатнім на прыпынку. Нават маладзёны прыціхлі і лавілі кожнае слова. А ў хмурай жанчыны ажно твар пасвятлеў. А мужчыны гумарылі далей.

– Дзякуй, але маю дзе спыніцца. Дачка ў мяне тут жыве. І ведаеце што, нейкі ў яе тэлевізар больш разумны, чым у мяне на хутары. Мусіць ажно сто каналаў паказвае. Пад такі добра засынаць. Бо пакуль знойдзеш, што хочаш паглядзець, то ўжо і спіш.

– А ці што цікавае знайшлі хоць раз?

– Ну так. Учора паказвалі, як у Афрыцы саранчы так шмат развялося, што ўсю траву можа з’есці. Дык яны тую саранчу труцяць хіміяй! Зусім падурнелі! Я таксама траву высяваў ў сябе на хутары. Але ж не рэжу авечак ды кароў за тое, што яны траву ядуць. Для іх я тую траву і высяваю.

– Я таксама пра гэта думаў, – падтрымаў яго суразмоўца. – Трава для таго і ёсць, каб нехта яе еў. Хай бы наадварот, раскормлівалі тую саранчу, і тады яе тлустую лавілі б жыўцом ды кансервавалі б. Ёсць багата краін, дзе такое любяць есці. А ў разе чаго можна было б для жывёлаў корм з яе рабіць. Ці алей які з яе ціснулі б. А яны труцяць тую бедную саранчу! Зусім падурнелі! А яшчэ кажуць, што тая саранча кожны дзень з’ядае столькі ж, колькі спажывае харчавання такая краіна як Нямеччына!

– Вось табе раз, – усміхнуўся мужчына з кійком. – Няўжо немцы так шмат сталі есці?

– Хіба не, – махнуў рукой другі. – Немцаў там у Нямеччыне амаль не засталося. Гэта, хіба, прыезджыя маюць такі добры апетыт. Ды і нашых туды шмат паехала людзей. І ніхто на апетыт не скардзіўся. А вось цікава, калі лекары ўбачаць, што нага ў вас узяла ды вырасла, то што тады? Забяруць групу назад?

– Яны то хіба толькі гэтага і чакаюць, каб мне пенсію па інваліднасці не плаціць, –  усміхнуўся мужчына. – Але ж і я не такі дурны. Як убачу, што нага адрастае, то перад камісіяй адрэжу яе зноў.

– О! Гэта вы добра прыдумалі, – падтрымаў суразмоўца жарт. – А то як убачаць новую нагу, дык могуць і ў Афрыку адправіць саранчу вылоўліваць.

Ад стрыманага смеху ажно кіс ужо ўвесь прыпынак. Але тут нечакана размова павярнулася ў другі бок.

– А яшчэ той тэлевізар дачкі сказаў, што расейскі начальнік нашаму паабяцаў ўсё ж даць нафту, – сказаў уладальнік кійка і ў адно імгненне яго жартаўлівы выраз на твары памяняўся на заклапочаны.

– О, гэты як мякка пасцеле, то потым вельмі жорстка спаць, – адказаў суразмоўца і яго голас набыў трывожныя ноткі.

Прысутныя на прыпынку таксама спахмурнелі як па камандзе. Больш ніхто нічога не гаварыў, ажно пакуль не прыйшоў аўтобус. Узнятая тэма не наводзіла на жартаўлівы лад. Ды і ўвогуле размаўляць перахацелася.

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ