Невясёлыя анекдоты



Даўно не пачынаў фельетона з анекдотаў. Хіба трэба для разнастайнасці зноў хоць адзін разбавіць анекдатычнай тэматыкай. Як казаў герой вельмі філасофскага фільма “Усё той жа Мюнхгаўзен”, уся праблема многіх людзей у тым, што ў іх занадта сур’ёзныя выразы твару. А ўсе на свеце подласці робяцца менавіта вось з такімі сур’ёзнымі абліччамі. Ну а анекдот – добры сродак для разбаўлення звышсур’ёзнасці выразаў чалавечнасцю.

Гэта, пры ўмове, што анекдот вясёлы. Ну а якім жа ён мусіць быць?! Ясна, што вясёлым. На тое ён і анекдот.

Палез я, значыць, у сеціва, каб паглядзець, як і пра што зараз жартуюць людзі на свеце. На захадзе ад Беларусі на першае месца сталі выходзіць анекдоты пра чай і “Мерсэдэс”. Маўляў, зараз, нельга гаварыць на чорную гарбату, што гэта чорная гарбата. Не талерантна стала ўжываць слова “чорны”. Таму на чорны чай трэба казаць “не зялёны чай”, “не чырвоны чай” і “не белы”. І чалавек сам здагадаецца, што гаворка ідзе пра чорны. Словы зялёны, чырвоны і белы ўжываць пакуль не забараняецца.

Ну а з “Мэрсэдэсам” увогуле ўсё проста і лёгка. Фірма “Мэрсэдэс-бэнц” нібыта перастае выпускаць некалі знакамітыя чорныя мадэлі сваіх аўто, бо хопіць, маўляў, ужо ездзіць на чорных. Колькі можна?! На белых пакуль што ездзіць можна.

На усходзе ад Беларусі, у Расеі значыць, анекдоты зусім іншыя. Ну які там чай ці “Мерседэс”?! Тым больш “бэнц”. У іх там свой поўны “бэнц”! Там кіраўнік расейскай дзяржавы мяняе Канстытуцыю Расейскай Федэрацыі і тым самым абнуляе ўсе свае прэзідэнцкія тэрміны. Скасоўвае іх, значыць, і зможа зноў пачынаць прэзідэнцтва з нуля.

Дарэчы, гэта вельмі зручная мадэль, некалі апрабаваная ў Беларусі яшчэ ў далёкім 1996-м годзе. Расея ідзе з адставаннем ад Беларусі ў дваццаць чатыры гады, але ідзе ўпэўнена. Вось і анекдоты там пайшлі у гэтым жа рэчышчы, што і абраны шлях.

Маўляў, прэзідэнт вырашыў памяняць Канстытуцыю, бо Канстытуцыя настойвала, каб мянялі прэзідэнтаў.

Каротка і зразумела! У лепшых традыцыях анекдатычнага жанру.

Вось і атрымліваецца, што хто каго змог, той таго і памяняў. Хто скажа, што гэта несправядліва?! І цяпер ужо былыя прэзідэнцкія тэрміны абнуляюцца, скасоўваюцца значыць, не ўлічваюцца, і новы тэрмін прэзідэнцтва будзе лічыцца першым.

Дык вось пра тое абнаўленне прэзідэнцкіх тэрмінаў, ці проста абнаўленне, новы анекдот, які хіба жанчынам вельмі спадабаецца. Даўно не чуў такіх чыста жаночых жартаў.

Ляжаць, значыць, двое закаханых у ложку. І тут дзяўчына нечакана заяўляе свайму любаму, што ён у яе першы. Хлопец здзіўляецца, прыгадвае сваёй каханай, што тая неяк не так даўно была прызналася яму, што да яго ў яе было яшчэ пара-тройка мужчын. І нават некалькі жанатых. На што дзяўчына з чыстым поглядам, чыстым сумленнем і чыстым голасам адказвае:

– А я іх абнуліла. Скасавала значыць. Таму зараз ты першы. Радуйся.

Ну але пяройдзем нарэшце да Беларусі. Тут ужо даўно ўсё абнулілі што можна, і нават на чорным “Мерсэдэсе” можна катацца. І раптам у сеціве натыкаюся на новы беларускі анекдот на гэту тэму. Гучыць проста, адным сказам: “Ад чорнага “Мерсэдэса” да чорнай гарбаты адзін крок, калі гэты крок ты зрабіў у бок прэзідэнцкага крэсла.

А затым і другі анекдот вымалёўваецца. 

Пытаецца, значыць, адзін беларус у другога:

– Што гэта так шмат людзей міліцыя затрымліваць стала?

– Дык у нас жа зараз этап праверкі сапраўднасці подпісаў, пастаўленых за кандыдатаў на прэзідэнцкае крэсла, – адказвае другі.

– І што з таго, – здзіўляецца першы.

– Вось і забірае міліцыя тых, хто подпісы ставіў, каб праверыць іх сапраўднасць. Трэба праверыць кожны подпіс. У нас жа чэсныя выбары.

Дарэчы, подпісаў гэтым разам у суме за ўсіх прэтэндэнтаў сабралі каля трох мільёнаў. Плюс-мінус нешта там, ды гэта неістотна. Не думаю, што ўсе іх будуць правяраць такім чынам, але добры адсотак то дакладна.

Анекдот ды толькі. Толькі вось чамусьці не весяліць. Нейкі новы жанр анекдотаў пайшоў, што не весяліць. І хіба што мы яго вынаходнікі. Хоць, па-праўдзе кажучы, і ў суседзяў новыя анекдоты таксама нейкія не вельмі вясёлыя.

Віктар Сазонаў 

  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ