Новая рэальнасць



Свет увайшоў у новую рэальнасць, у якой яму прыйдзецца існаваць бліжэйшы час. І хоць ён толькі пачаў гэта ўсведамляць, затое ўсведамленне нарастае касмічнымі тэмпамі. На падсвядомасці ужо і раней было ўсё зразумела. Зараз да асэнсавання новай рэальнасці падключаецца ўжо і свядомасць.

Новая рэальнасць вельмі моцна адрозніваецца ад старой. Нібыта нічога новага, на першы погляд, не адбываецца. Усё засталося як і раней. Расея сварыцца з Амерыкай. Пакістан з Індыяй. Уцекачы масава лятуць у Еўропу. У ЗША праходзяць выбары за якімі сочыць увесь свет і ніхто не можа сказаць хто там выйграе. У Расеі за выбарамі ніхто не сачыў, бо вынік быў вядомы заранёў, гэтак жа як і ў Беларусі, Казахстане, Узбекістане і іншых постсавецкіх рэспубліках, якія не змаглі вырвацца з вялікабрацкіх абдымкаў Крамля.

Так нібыта было і раней. Вось толькі раней была надзея, што можна ў гэтым свеце нешта змяніць, не дазволіць давесці ўсё да поўнага абсурду і канчатковага краху. Была нават упэўненасць, што здаровы сэнс і звычайная чалавечая логіка падкажуць выхад. У некаторых нават былі спадзяванні на станоўчыя якасці чалавечай натуры, якія нібыта ўласцівыя нават кепскім людзям. Я ўжо не кажу пра разлік на самы звычайны інстынкт да самазахавання, які быццам бы мусіць быць нават у самых неадэкватных лідараў.

А вось зараз ужо няма аніякай надзеі ні на дамовы, ні на перамовы, ні на паляпшэнне адносін, ні на пошукі шляхоў выхаду з тупіковых сітуацый, ні на што. Сітуацыя больш не кантралюецца ні палітыкамі, ні духоўнымі лідарамі, ні міратворцамі, ні аўтарытэтамі, нікім.

Гэта і ёсць новая рэальнасць.

Усё выйшла з пад кантролю. Сітуацыяй у свеце ў глабальным маштабе больш ніхто не кіруе ні самастойна, ні калегіяльна. Кожная спроба яе палепшыць толькі паскарае пагаршэнне. Ніхто нічога больш не ў стане кантраляваць.

Грамадзянская дыскусія ўнутры краін пераходзіць ў мардабой. Дыскусія паміж краінамі ў баявыя дзеянні.

Напачатку існавання ў новай рэальнасці больш камфортна сябе адчуваюць таталітарныя рэжымы. Іх самаўпэўненасць у беспакаранасці і магутнасці тады расце ў геаметрычнай прагрэсіі з кожнай саступкай дэмакратычных краін. Не важна колькі рэальна за іх прагаласавалі на так званых унутраных выбарах, бо яны заўсёды паказваюць усяму свету лічбу больш васьмідзесяці адсоткаў. І ім пляваць з высокай званарні, вераць у гэтую лічбу іншыя ці не. Бо гэта не лічбы. Гэта пасыл у свет пра іх магутнасць.

Маўляў, намалюем колькі захочам. І ніхто з гэтым нічога не зможа зрабіць. Ні ў у сярэдзіне краіны ні звонку. Таму справу мець можна толькі з намі, магутнымі, і ні з кім іншым.

Крыкі апазіцыі і незалежных наглядальнікаў пра фальсіфікацыі толькі ўзмацняюць упэўненасць такіх рэжымаў у сваёй моцы. Таму калі надыходзіць канец падобнага рэжыму, як гэта сталася на Украіне, то самым моцным і шчырым пачуццём у іх ёсць неверагодных маштабаў здзіўленне, якое толькі потым замяняецца на дзікі страх за сваю ўласную шкуру.

Гэты жывёльны страх потым перадаецца разам з усведамленнем новай рэальнасці і тым таталітарным рэжымам, якія нібыта някепска трымаюцца. Але зразумелі, што сітуацыя ўжо імі не кантралюецца. Бо сітуацыя не кантралюецца нікім. Прыйшла новая рэальнасць.

Дэмакратычныя рэжымы таксама разумеюць, што цяпер не яны кіруюць сітуацыяй, а сітуацыя імі. Яны яшчэ занятыя сваімі выбарамі, спрабуюць змагацца з унутранымі і знешнімі праблемамі, залагоджваюць дыктатараў і з жахам глядзяць на непрадказальнасць будучыні. Кожнае іх дзеянне натыкаецца на супрацьдзеянне.

Спроба дамовіцца па Сірыі і спыніць там страляніну перарастае ў татальныя бамбардзіроўкі, спроба дамовіцца па Данбасе вымушае маўчаць пра Крым, спроба узмацніць дэмакратычныя каштоўнасці ўзмацняе іх апанентаў…

Падзеі пачынаюць жыць сваім жыццём і не залежаць больш ад людзей. Больш ні адно рашэнне палітыкаў, ні персанальнае ні калегіяльнае, не ўплывае на сітуацыю.

І застаецца толькі адна надзея, што яна, гэтая новая рэальнасць, зменіцца сама. Ці на яе ход паўплывае Нехта мацнейшы за самых моцных гэтага свету.

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ