Падарожжа пад час пандэміі
З Беларусі патрапіць у Польшчу, або якую іншую краіну Еўразвязу, зараз звычайнаму чалавеку можна выключна на самалёце. Ну ёсць там некаторыя іншыя варыянты для камандзіровачнікаў, для тых, хто едзе па працоўнай дамове, па дыпламатычным пашпарце, і яшчэ па пару-тройцы выключэнняў з галоўнага правіла. А галоўнае правіла палягае на тым, што звычайны, і так не асабліва заможны беларус, мусіць набыць квіток менавіта на самалёт, кошты на які пасля адміністратыўнага ўвядзення гэтага правіла ўзляцелі так высока, што могуць спаборнічаць з тымі самалётамі.
Народу такое новаўвядзенне ў правілы перасячэння беларускай мяжы патлумачылі змаганнем з пандэміяй. Чаму тая пандэмія чапляецца толькі да людей, якія едуць наземным транспартам, і не хоча падарожнічаць самалётамі, людзям тлумачыць ці не захацелі, ці паленаваліся. Толькі вось нам, каб патрапіць з Гародні да Беластоку і пераадолець усяго восемдзесят тры кіламетры, прыйшлося трыста кіламетраў ехаць да Менску, пасля ляцець самалётам больш паўтысячы кіламетраў да Варшавы і паглядаць на Беласток зверху, праехацца грамадскім транспартам па Варшаве ад аэрапорту да чыгуначнага вакзалу, і на заканчэнне пару сотняў адматаць на цягніку з Варшавы да Беластоку. Хіба што толькі коннага віду транспарту не скарысталі ў сваёй вандроўцы, ну і яшчэ на сабаках не ехалі. А ў выніку, у канцы гэтага доўгага падарожжа мы прыехалі ледзве не ў тую кропку, з якой выехалі. І мусілі сутыкацца з вялікай колькасцю людзей, якіх ніколі не спаткалі б, каб рухаліся наўпрост. Вось вам і змаганне з пандэміяй.
Седзячы ў неверагодна вялікім самалёце з сотнямі пасажыраў, я ўвесь час думаў пра той абсурд, да якога можна дайсці толькі адным адміністрацыйным указам. А яшчэ і пра тое, што ўсе неверагодныя тэхналагічныя здабыткі чалавецтва не змаглі палегчыць жыццё самому аўтару тых здабыткаў, чалавеку. Людзі зрабілі імклівыя машышы, самалёты, дарогі, цягнікі, кампутары, разумнейшыя за іх уладальнікаў тэлефоны, гіпермаркеты з усялякімі таварамі і многа-многа іншага. А сам чалавек шчаслівейшы так і не стаў ад усяго гэтага. Самому чалавеку жыць не стала ні лепей, ні весялей, ні лягчэй.
Дык навошта ж гэта ўсё тады было?! Калі ўсе здабыткі можна зневеліраваць усяго адным указам. І ў перыяд інтэнсіўнага руху змагаюцца за экалогію, каб прасунуцца ўсяго на восемдзесят тры кіламетры на захад, прыйшлося спаліць і бензін, і авіацыйнае паліва, і дызель для цягнікоў. І пры гэтым, мы на падарожжа згубілі больш часу, чым каб скарысталіся з коней, або нават паехалі наўпрост на тых сабаках. Але ж на сабаках праз мяжу не пускаюць. Трэба ляцець на самалёце. З камфортам.
А камфорту хоць адбаўляй. У менскім аэрапорце стаіць апарат, які сам робіць каву. Без чалавека, але як чалавек. Плаціш грошы, і ён механічнымі рукамі на тваіх вачах пачынае малоць кававае зерне, заварвае змолатае, дадае па тваім жаданні цукар і ўсё, што хочаш. Яму не важна, якія ў цябе праблемы, ці маеш ты столькі грошай, каб падарожнічаць самалётам, ці маеш столькі часу, каб марнаваць яго ў жыцці і марнаваць само жыццё. Ён аўтамат. Ён так запраграмаваны, што мусіць выцягнуць з цябе грошы і за гэта заварыць кавы. Вось і кіраўніцтва нашае так запраграмаванае, каб выцягнуць грошы. Толькі кавы не заварвае.
Недалёка ад аўтамата па вырабе кавы робяць медыцынскія тэсты. Пандэмія ж. І тут мусіш заплаціць нармальную суму. Але табе ўжо ўсядно. Ужо столькі заплаціў за падарожжа на восемдзесят тры кіламетры, што гэтая аплата не ўспрымаецца на слых. Праўда, з чарговага месяца гэтая паслуга адпадзе. Чыноўнікі Польшчы вырашылі самы яе прадаць. Цяпер тэсты будуць рабіць у Польшчы.
А чыноўнікі Беларусі збіраюцца здзіраць грошы з наземнага транспарту. Цяпер кожная машына, якая перасякае мяжу, будзе змушаная заплаціць за тое, што яна ёсць, тая мяжа. А значыць хутка адменяць забарону перасякаць мяжу наземным транспартам. Навошта яна, калі грошы можна здзёрці не толькі з авіяквітка.
Для вандроўнікаў гэта добра. Грошы, можа, як і цяпер, немалыя пойдуць. Але хоць на часе можна будзе зэканоміць. Шкада толькі кававага апарату. Чым ён зараз займецца.
Віктар Сазонаў