Падзенне Бастыліі
Гародню, якую так любілі і іншаземныя турысты, і беларускія вандроўнікі, і мясцовыя жыхары, не пазнаць. Паўсюль турнікеты, перакрытыя дарогі, сілавікі ў бонежэлетах… Нават зразу і не адрозніш хто яны, ці міліцыя, ці ДАІ, ці якія спецслужбы… Ці свае, ці чужыя…
Чорныя бронежылеты, хмурыя твары, цёмная аўра вакол… Нібы глядзіш фільм пра акупацыю. Людзі кажуць адзін другому, як рызыкоўна хадзіць вечарам у цэнтры гораду, бо паб’юць, забяруць, пасадзяць. І як рызыкоўна хадзіць па ўскраінах гораду, бо схопяць, арыштуюць, вывезуць. І як небяспечна ўвогуле выходзіць у горад, бо нападуць, адбяруць тэлефон, не дадуць нават паведаміць родным, што з табой сталася. Анекдот пра мужыка, які на хвілінку адлучыўся з хаты каб купіць хлеба і не вярнуўся, стаў рэальнасцю. Толькі гэта ўжо не анекдот. Гэта новая беларуская паслявыбарчая рэальнасць. І не толькі ў Гародні. Гэта агульная рэальнасць па ўсёй Беларусі. А ўрэшце, кажуць, што трэба ўсё ж ісці, і па ўскраіне, і ў цэнтр, нягледзячы на рызыку быць схопленым, збітым, асуджаным. Бо ўжо ўсё абрыдла, і трэба нешта з гэтым рабіць.
Людзі абмінаюць міліцыю і іншых прадстаўнікоў улады ў форме і без формы. Хто з насцярогай, хто з папрокам, хто з жалем, хто з грэблівасцю, хто моўчкі, хто нешта скажа праз сябе, хто ў слых. Абмінаюць як ворагаў, як чужаземцаў, як акупантаў. Бо наблізішся, то можна нажыць праблем. Спытаеш нешта, то гэта можа быць апошняе пытанне на свабодзе.
Людзі не ідуць па дапамогу да ўладаў. Ні да мясцовых, ні да рэспубліканскіх. Яны ведаюць, што ў іх няма сваёй улады. Тэлефоны праваабаронцаў не змаўкаюць. З другога канца абаненты плачуць, шукаюць сваіх дзяцей, родных, блізкіх, каханых. У кожнага свой боль. У кожнага перажыванні за блізкіх людзей, якія прапалі і не могуць нават паведаміць, што з імі сталася. І няма дзе шукаць паратунку! Службы, якія мусяць шукаць тых, хто прапаў, займаюцца іншымі. Займаюцца тымі, хто яшчэ не прапаў. Тымі, хто яшчэ на свабодзе.
Вечарамі сірэны, сігналы машын, крыкі, імклівыя перадыслакацыі сілавікоў і пратэстоўцаў. Паведамленні пра тое, што то ў адным, то ў другім канцы гораду хапун, патасоўкі, затрыманні, наезды на машыны браневіком, пацярпелыя, хуткія дапамогі, і зноў па колу.
Чутныя крыкі “Верым, можам, пераможам”, “Не здадзёмся”, “Жыве Беларусь!!!”.
Галоўная тэма размоў, гэта пра тое, што робіцца на вуліцах і пра дзеянні ўлады. Галоўнае пытанне ў двух беларусаў, якія спаткаліся на вуліцы, гэта ці пасадзілі каго з тваіх блізкіх…
А куды садзіць, як ужо не хапае месца тым, каго пасадзілі?! І колькі ж можна садзіць?! Няўжо цэлы народ?! Гэта ж не бульба. Ужо не бульба. Гэта ўжо Народ. Беларускі Народ. Увесь не пасадзіш. А пасадзіш, дык вырасце такі ўраджай, што ўсім хопіць.
У культавым фільме майго юнацтва адзін высокапастаўлены, надзелены вялікай ўладай герой, пачуўшы непрыемную песню пра сябе, пытае ў свайго падначаленага:
– Чаму аўтар гэтага твору яшчэ не сядзіць у Бастыліі?
– Таму што аўтара гэтай песні нельга пасадзіць у турму ў прынцыпе. Бо аўтар гэтага твору ёсць сам народ, – адказвае той.
І тады начальнік, скрывіўшы незадаволеную грымасу, са злосцю сцвярджае:
– Няма такога народу, які нельга пасадзіць у Бастылію!
Тады гэтая фраза здавалася смешнай і ўдала падабранай для той камедыі. Але пазней давялося зразумець, што нічога смешнага тут няма. Бо гэта рэальны стыль мышлення кожнага, хто ап’янеў ад доўгагадовай улады, і з таго набраўшыся пыхі і самаўзвялічвання як брадзячы сабака блох, лічыць, што можа гвалтам вырашыць кожную праблему. Нават пасадзіць народ у Бастылію. Яны думаюць, што сіла і турма гэта і ёсць завершаны набор сродкаў, які дазволіць ім вечна рабіць што хочуць. Яны нават пачынаюць забывацца, што і яны самыя не вечныя…
Цяперашні беларускі рэжым ужо даўно робіць стаўку выключна на сілу. І як паказалі падзеі апошніх дзён, калі для разгону мірных дэманстрантаў быў ужыты непрапарцыянальны гвалт, выканаўцы здольныя і гатовыя на любыя зверствы супраць сваіх суайчыннікаў. Сістэма гвалту даўно створаная і даведзеная да дасканаласці. Жорсткія затрыманні, нялюдскія паводзіны, бяздумнае зверскае збіццё сваіх суайчыннікаў толькі за тое, што тыя выйшлі патрабаваць справядлівасці, усё гэта не ўкладваюцца ў разуменне нармальнага чалавека і даўно пакінула прастору, дзе можна шукаць падзел паміж дабром і злом. Мірныя акцыі ператвораныя ў поле жудаснага разгону і збіцця ўдзельнікаў. Ужываецца ўвесь набор спецсродкаў, страшнейшымі за якія ёсць толькі пагрозы ужыць яшчэ большую сілу і не спыняцца ні перад чым…
Увесь свет у разгубленасці і здзіўленні паглядае на кадры з Беларусі, дзе ўжыванне сілы супраць мірных дэманстрантаў ёсць галоўнай і адзінай стратэгіяй улады. Бо сілы многа. Яе назапашвалі гадамі, выкідвалі на яе незлічоныя сродкі і толькі на яе рабілі стаўку. Прыйшоў час яе прымяніць. Спатрэбілася. І тут трэба аддаць належнае гэтай уладзе. Даўно ведалі, што спатрэбіцца.
Праўда, у дадатак да сілы яшчэ ж патрэбная Бастылія. І здавалася, Бастылію можна збудаваць з усёй краіны. А яе сцены, гэта страх. Людскі страх. Страх, які ўвесь час расце, бо побач стаіць сіла. Страх, які знішчае волю і прагу да свабоды, да пошуку самога сябе. Гэты страх прымушае маўчаць, пагаджацца з несправядлівасцю, незаўважаць няпраўды, прыніжацца, ліслівіць, падманваць самому іншых і нават выконваць злачынныя загады. Страх ёсць галоўнымі мурамі і падмуркамі вялікай Бастыліі.
Але сцены рухнулі! Рухнулі, рухнулі, рухнулі… Людзі выйшлі на змаганне ў першую чаргу з сваім страхам. І перамаглі яго. Бастылія пала.
Гэтых людзей пераследуюць, хапаюць, судзяць, садзяць, палохаюць… Па праўдзе кажучы, з імі могуць зрабіць што заўгодна. Бо сіла назапашаная з другога боку і эфектыўна прымяняецца. Сіла іх скручвае і кідае за краты. Іх так многа асудзілі, што ў ізалятарах часовага ўтрымання не хапае месцаў. Іх садзяць па некалькі дзесяткаў у адну маленькую камеру і ўсядно не хапае месцаў. Вязуць у другія гарады і іншыя кропкі, і там месца не хапае. Бо Бастылія рухнула. Тая Бастылія, дзе можна было пасадзіць увесь народ і яшчэ месца заставалася б, рассыпалася разам са страхам. Бо страх яе сцены. А без сценаў гэта ўжо не Бастылія. Так, толькі яе контуры.
Тэарэтычна, такой вялікай сілай, якую назапасіла ўлада, можна яшчэ на нейкі час заглушыць актыўныя пратэстныя выступы. Можна. Але Бастылію ў яе ранейшым варыянце ўжо не адновіш. На месца страху прыходзяць стойкасць, вартасць, смеласць, упэўненасць і простая, самая звычайная чалавечая годнасць.
У апостала і евангеліста Яна Багаслова ёсць выказванне: “Той хто баіцца, недасканалы ў любові. Бо любоў праганяе страх”.
Любоў да Праўды, да Справядлівасці, да Радзімы, да Беларусі, да Свайго Народу, да Бліжняга, які стаіць побач з табой, праганяе страх.
Ратаваць існуючы рэжым кінуліся яго даўнія сябры і паплечнікі. Адзін з першых, гэта начальнік Расейскай Федэрацыі. А як жа ж без яго?! Ён ніколі не хаваў, што Беларусь ёсць галоўнай сферай яго інтарэсаў. Зусім нядаўна яны так былі схапіліся з беларускім калегам, што здавалася больш не паціснуць адзін другому рукі нават пасля пандэміі. Але ж як сцвярджае старая народная мудрасць, крумкач крумкачу вока не выдзяўбе. Яны не тое што рукі паціснуць, яны абдымацца будуць нават пад час пандэміі. І расійскі кіраўнік не спыніцца ні перад чым, каб захаваць Беларусь у сферы свайго ўплыву, а яшчэ лепш выкарыстаць сітуацыю і праглынуць яе цалкам. Няма сумневаў у тым, што не маргнуўшы вокам пры патрэбе аддасць загад сваім узброеным сілам прасунуцца на захад.
Толькі вось беларусы на гэтыя варыянты больш не згодныя. Беларусы ў сваёй пратэстнай масе, якія і па гэтым пытанні, і па многіх іншых, апярэдзілі свае палітычныя эліты. Яны яскрава акрэсліваюць свае жаданні і патрабаванні. Справядлівая, вольная, незалежная беларуская краіна з дэмакратычнымі выбарамі і правамі чалавека.
Ну а глабальныя еўрапейскія структуры прадказальна выказваюць занепакоенасць. У іх хіба пра занепакоенасць бланкі ўжо загатоўленыя на ўсе выпадкі жыцця. Застаецца толькі ўпісаць краіну і паставіць дату.
А вось асобныя еўрапейскія краіны выказаліся больш канкрэтна. Пакуль яшчэ азіраючыся на агульнаеўрапейскую бюракратыю, але ўжо не надта. А Польшча, Літва і Латвія прапанавала ўладам у Беларусі сваё пасрэдніцтва, паміж пратэстоўцамі і фактычнай уладай.
Ці скарыстаецца ўлада Беларусі гэтай прапановай. Упэўнены што не. Колькі ў яе было мажлівасцяў дыялогу з міралюбівай нацыянальнай апазіцыяй. Але яна не бачыла ў іх суб’екта, бо апазіцыя была слабая. А дамаўляцца то і трэба з слабейшым, пакуль той слабейшы. Бо ён тады на большыя саступкі пойдзе. Ды і ўвогуле дамаўляцца справа добрая. Але ж не. Такое не здарылася. А гісторыя паказвае, што калі не дамаўляюцца з Гандзі, то абавязкова прыходзяць больш радыкальныя лідары.
Зрэшты, гэтым разам беларускі народ паказаў, што ён і без лідараў можа. Лідараў то асабліва і не чуваць. З лідарамі рэжым навучыўся спраўляцца, што і даказаў і зараз, калі многія былі вымушаныя з’ехаць з краіны, іншыя зменшыць сваю радыкальнасць да мінімуму, а тыя хто не зменшыў, аказаліся за кратамі. А вось з народам аказалася справіцца цяжэй, чым з лідарамі. Бо гэтым разам, народ пайшоў не за нейкім канкрэтным лідарам, а за ідэяй. З лідараў проста рабілі сімвалы гэтай ідэі. Ну і даўно вядомыя, галоўныя, старадаўнія сімвалы беларусаў, бела-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” занялі сваё належнае месца ў цяперашнім пратэстным руху. Гэтыя сімвалы лунаюць паўсюдна. Гэтымі сімваламі размалёвана ўся Гародня, і гэтым разам іх не спяшаюцца сціраць камунальшчыкі. Выкарыстанне гэтых сімвалаў падкрэслівае антынацыянальны, антыбеларускі характар сённяшняй улады, і прагу да свайго нацыянальнага, да свайго беларускага адраджэння ў тых, хто зараз выйшаў на вуліцы.
Бо беларускі пратэст, што сённяшні, што ранейшыя, яны носяць яшчэ і вызвольны характар, характар вызвалення і ад свайго унутранага гнёту, і ад праяў замежнай акупацыі.
Беларусы цяпер хочуць самыя будаваць сваю краіну і сваю будучыню. Краіну без сцен са страху, і будучыню без Бастыліі. Яны ўжо заявілі пра сябе як пра годны еўрапейскі народ, з якім зараз лічыцца будуць усе. Яны сведчаць пра сябе перад усім светам, як перспектыўная і вялікая нацыя. Яны робяць сваю гісторыю.
Віктар Сазонаў