Парада хворым аўтамабілістам
Прыхварэў я. Прычым хвароба схапіла мяне неяк рэзка, у дарозе. Нібыта нічога страшнага, ехаць недалёка і асаблівага ўплыву на пільнасць гэтае недамаганне на шафёра з больш чым трыццацігадовым стажам не павінна аказаць. Проста знізіў на ўсялякі выпадак хуткасць і стаў узірацца ў ветравую шыбу шырока адчыненымі вачамі. Але на нейкім адрэзку дарогі сустрэчны аўтамабіль, пад’ехаўшы да мяне вельмі блізка, рэзнуў мне па гэтых шырока адчыненых далёкім святлом. Я западозрыў, што хіба я не своечасова на думку шафёра таго аўто пераключыў святло з далёкага на блізкае, і сустрэчны суайчыннік такім чынам вырашыў мне адпомсціць.
Тое, што на дарозе людзі часамі забываюцца пераключыць святло, справа не рэдкая. Ну то тады “міргнеш” фарамі таму затарможанаму, ён хуценька і выправіцца. Так раней было заўсёды. Але біць па вачах далёкім святлом сучасных іншамарак, гэта небяспечна не толькі для таго, каму свеціш у вочы, але і для таго, хто свеціць. Бо фары абедзвюх машын могуць рэзка сустрэцца каб паспаборнічаць у яркасці і будзе нічыя.
Упэўнены, што сустрэчны суайчыннік таксама пра гэта ведаў. Але не змог стрымацца. І ўвогуле, усё часцей заўважаю, што звычайныя бытавыя рэчы пачынаюць настолькі моцна раздражняць людзей, што яны праяўляюць такую агрэсію, пра якую зусім нядаўна ў падобных выпадках ніхто б і падумаць не змог. Узровень агрэсіі ў грамадстве ўзрастае з кожным днём. І гэта не толькі ў нас.
У ЗША адна журналістка ў сацыяльных сетках напісала, што ахвяры масавай бойні ў Лас-Вегасе былі аматарамі музыкі “кантры”, а значыць прыхільнікі рэспубліканцаў, якія за продаж зброі. І таму іх не так моцна шкода як іншых людзей. Вось так. Любіш “кантры” і цябе ўжо ў глыбіні душы ненавідзяць. І што сама галоўнае, тыя хто ненавідзяць, сцвярджаюць што гэта не яны, а іх ненавідзяць. А яны то шчыра любяць увесь свет, ну акрамя там нейкіх аматараў “кантры”, рэспубліканцаў, тых хто не падзяляе іх погляды на продаж зброі, іншыя погляды, і яшчэ там пару-тройку катэгорый. А ёсць і такія, якія ў гэта яшчэ і вераць.
Ну ў Амерыцы гэтую жудасць не пакінулі без увагі. Жанчыну з такім уяўленнем пра справядлівасць хуценька выперлі з рэдакцыі, даўшы цвёрдую ацэнку таму, што ёсць нянавісць. А вось у нашай суседкі Расеі чарговы напад на журналістку іншага характару. Да такіх нападаў там то ўжо прывыклі. Але гэты быў здзейснены з асаблівым цынізмам. Таццяна Фельгенгаўэр была ў сваёй рэдакцыі, як на яе напаў невядомы і нанёс удар нажом у шыю. Рэдакцыя адной з прычын такой неапраўданай жорсткасці палічыла і матэрыялы прапагандыстаў з дзяржаўных СМІ, якія напоўненыя ілжой і ствараюць атмасферу нянавісці. А пра Таццяну Фельгенгаўэр зусім нядаўна быў выпушчаны акурат такі фільм.
У адказ дзяржаўныя прапагандысты звінавацілі акурат незалежных журналістаў у парушэнні пэўных нормаў а ў сваё апраўданне сказалі, што нельга іх вінаваціць, калі нейкі псіхічна хворы чалавек лётае з нажом па рэдакцыі незалежных СМІ.
Эх, якія праўдзівыя народныя мудрасці. Адна з іх сцвярджае, што няма такіх вар’ятаў, якія б’юць вокны ў сваёй хаце. Чамусьці той вар’ят не паляцеў з нажом у шырока прадстаўленыя дзяржаўныя рэдакцыі з зорнымі тэлевядучымі і іншымі медыя-зоркамі, вядомымі на ўсю Расею і на ўвесь свет кожнаму вар’яту. А выбраў такую рэдакцыю, матэрыялы якой цікавыя выключна людзям думання. І вар’яту яны на вочы наўрад ці могуць патрапіць нават выпадкова.
І прапагандысты з дзяржаўных СМІ чамусьці ходзяць па горадзе не азіраючыся. Вар’яты ад апазіцыі відаць менш буйныя і ўжо раззброеныя. А вось незалежныя слугі пяра атрымліваюць удары ў розных формах, ажно да крайніх…
Тут усё вядома з даўніх часоў. Падзяляй і ўладар. Стварай у грамадстве атмасферу нянавісці і кіруй вар’ятамі…
Ну а калі вы едзеце за рулём і адчулі, што мажліва прыхварэлі, то лепш адразу ўключыць бліжняе святло і для бяспекі знізіць хуткасць. На бліжнім святле правілы дазваляюць ездзіць. А пры павольным руху добра думаецца.
Хоць я і зараз ўпэўнены, што тады я пераключыў святло своечасова.
Віктар Сазонаў