Парк
Выпала нядаўна заначаваць у Менску. Ну, і вырашыў, нарэшце, спаткацца з старым сябрам. Жыццё такое, што нават стэлефаноўваемся рэдка. А ўжо бачымся, дык і не ўспомніць, калі гэта было апошні раз.
Акурат выпала мне начаваць недалёка ад яго дома. Мой гатэль па адзін бок парка, яго дом па другі. А прайсціся па восеньскім парку, асабліва калі дзень выдаўся сухі і цёплы, праблем не складае.
Засядзеўся я ў яго дапазна. Амаль што не да рана. Ну, але ўсяго не перагаворыш. Пара і развітвацца. Таксі браць не захацеў, цягнула прайсціся па парку. Ноч выдалася цёплай, парк адчынены. Неяк непрывычна ажно. Па парках я бадзяўся апошнія разы па начах ужо не помню калі. І тады, напрыканцы васьмідзясятых, напачатку дзевяностых, гэта было не зусім бяспечна. І ў нос можна было дастаць, і ў вуха. Сам мог каму заехаць, і як з’яўлялася міліцыя, то проста выганяла парушальнікаў парадку з парку, калі тыя не вельмі ўпіраліся. Хапаць людзей не было асаблівай моды. Ды і людзі тады маглі адбіць у міліцыянера чалавека, якога на іх думку хапілі ні за што. Таму, напэўна, і не хапала міліцыя людзей так нахабна, бо самі баяліся нарвацца.
А закаханыя маладыя парачкі дык гулялі ў тыя часы паўсюдна і аж да раніцы. Ды што там маладыя. Старэнькія міла сядзелі на лавачках. А юнакі з гітарамі ў малых і вялікіх кампаніях ажно са шкуры вылазілі, каб спадабацца дзяўчатам. Ды і дзяўчаты выкручваліся як умелі. Ажно вочы ў хлопцаў разляталіся.
Ну і сяброўскія, ці проста прыяцельскія кампаніі не саступалі па колькасці іншым. Дзесьці ў шахматы на лавачках гулялі, хто ў даміно, хто ў карты. Недзе чарку за каўнер кулялі. А як жа ж! Не без гэтага. Парк усё ж. А парк, гэта месца для адпачынку. Ну а адпачынак кожны па свойму разумее.
Бывала, што і пад лавачкамі самыя ахвочыя да гарэлкі начавалі. Ну а што тут такога?! Людзі, яны ўсе розныя. І здароўе ў іх рознае. А п’юць звычайна аднолькава. Па поўнай. Вось некаторым на сон больш часу і трэба, каб сілы аднавіць. І яны гэты час на дарогу дахаты не гублялі. Адпачывалі прама там.
Ну, гэта я вам пра былыя часы распавёў. А зараз у вялікім сталічным парку я не ўбачыў аніводнага чалавека. Ноч была – проста цуд! Цёпла, суха, прыемна… Гарэлі ліхтары. Сумавалі пустыя лавачкі. І аніводнай жывой душы. Ні сядзяць маладыя дзяўчаты на каленях у каханых хлопцаў, ні цалуюцца, ні абдымаюцца, не гуляюць у даміно мужчыны, ні граюць пявучыя гітары… Нават алкаголікаў няма! Ні на лаўках, ні пад імі… Пуста і жудасна…
Я сам родам з вёскі. Колькі ў нас там людзей было?! Раз-два і палічыў усіх. Ну але каб у такую ноч было пуста, каб не шапталіся па задворках закаханыя, каб не збіралася ў школьным садзе моладзь… А тут, у Мінску, у сталіцы Беларусі, ажно два міл’ёны чалавек без малога жыве! У галаве такая лічба не ўкладваецца! І цалкам пусты парк у такую цудоўную восеньскую ноч…
Ну вось, хіба, і адказ на ўсе пытанні. Спяць людзі. Спіць наш народ. Дарэчы, не толькі ноччу. Проста спіць. Тыя, што прачнуліся, стаяць з бела-чырвона-белымі сцягамі, і не могуць зразумець такую нізкую актыўнасць астатніх. А адказ да банальнага просты. Наш народ спіць. Стаміўся ён, адсыпаецца. Вось прачнецца, і тады паробіць усе справы. А прачнецца абавязкова. Захоча есці, і прачнецца. Або схадзіць куды захоча. Або проста ўжо выспіцца нарэшце! Ну колькі ж можна ўжо спаць?!
Вось калі вы будзеце ісці па парку вашага горада цудоўным восеньскім вечарам, або нават уначы, і на кожнай лавачцы будзеце бачыць закаханых якія шэпчуцца, або пажылых, якія адпачываюць, або любых людзей, якія нешта робяць, то ведайце, час прыйшоў. Народ прачнуўся. А пакуль што застаецца або заспяваць яму калыханку па-беларуску, або актыўна будзіць, без слоў, а толькі гукамі ды стукамі, або пачакаць, пакуль сам прачнецца. Бо сон, кажуць, рэч патрэбная. Пад час сну правільныя рашэнні прымае розум.
І часцей гуляйце па начах у парку! Дыхаецца добра, і думаецца неардынарна. Я вось, пакуль па парку не прайшоўся ў ночы, так ні разу не думаў, як зараз напісаў. І не гаварыце, што я напісаў абы што! Прайдзіцеся спачатку ўначы па парку.
Віктар Сазонаў