Подлая вайна
Яшчэ тады, калі расейскія прапагандысты смела гледзячы ў вочы шматмільённай аўдыторыі айчынных тэлегледачоў сцвярджалі, што аніякіх расейскіх зялёных чалавечкаў у Крыме няма і быць не можа, у сацыяльных сетках ужо мільганула назва новага вайсковага канфлікту – самая подлая вайна. Аўтар гэтай назвы даводзіў, што былі ўжо войны названыя самай крывавай, самай доўгай, самай жорсткай… Шмат іх было. І ўсе яны больш ці менш адпавядалі сваім назвам. Але гэтая вайна, калі яе назавуць самай подлай, будзе адпавядаць назве цалкам. На ўсе 100%.
На днях вайна на Украіне зноў паказала свой звярыны аскал. Узмацніліся баі за данецкі аэрапорт, ці дакладней за кавалак выпаленай зямлі, на якім той аэрапорт зусім нядаўна вабіў вочы пасажыраў сваёй веліччу, паляцелі баявыя зарады ў жылыя кварталы і грамадскі транспарт, быў абстраляны мірны Марыупаль. Нібыта для вайны нічога новага. Стралялі па гарадах ды гараджанах і раней. Стралялі. Толькі вось заўсёды казалі хто, і навошта. Апраўдвалі свае дзеянні, хай сабе часам і не ўдала, але стараліся апраўдаць вайсковай мэтазгоднасцю, вялікімі або надуманымі ідэямі ці нават банальнай помстай некаму за нешта. Зараз жа поўнае маўчанне з боку аднаго ўдзельніка канфлікту, Расеі. Нібыта зноў нейкія там чалавечкі завяліся, толькі невядома ўжо якога яны колеру.
Нават тэрарысты паля тэрактаў бяруць на сябе адказнасць і заяўляюць, для чаго на іх думку было здзейсненае злачынства. Тут жа поўнае інкогніта. Маўляў, здагадайцеся самі. Расея там ваюе з невядома кім, ці украінцы паміж сабою, ці добраахвотнікі з добраахвотнікамі… Крамлёўскія агітатары сказалі ж, што гэта дзясяткі тысяч апалчэнцаў. А далей дадумвайце самі.
Але подласць гэтай вайны бачна і ў гэтых агучаных дзясятках тысяч апалчэнцаў. Сярод рускіх удзельнікаў, ці то гэта казакі, ці адпускнікі, ці добраахвотнікі ці як бы іх там яшчэ не называлі крамлёўскія прапагандысты няма блізкіх і родных сённяшніх высокапастаўленых асоб Расеі у сілах якіх тую вайну спыніць. Як гэта было і ў чэчэнскіх войнах, як і ў прыднястроўскім канфлікце, як і ў расейска-грузінскай вайне… Ваяваць ідуць дзеці іншых грамадзян. Хіба ў гэтым і закладзеная не толькі подласць, але і мажлівая бясконцасць і маштабнасць гэтай вайны. Бо яе актывізацыю або спыненне вырашаюць адны, а ваяваць мусяць другія, такія далёкія ад тых першых, як і тыя першыя недаступныя для другіх. Бо яны, першыя, аддаюць перавагу патрыятызаванню на цёплых і ўтульных крэслах у залі Дяржаўнай Думы. А іх дзеці на замежных курортах або ў офісах сваіх нябедных фірм. Ім асабіста, як яны думаюць, небяспека непасрэдна не пагражае.
У свой час войска ўзначальвалі і ішлі ў бой першымі самы кіраўнікі краін. Князі ды цары. А побач з імі іх сыны, якім за гонар было ісці першымі. У шчырасць пачуццяў такіх ваяроў можна і паверыць. Ды і ў нядаўнія часы дзеці кіраўнікоў краін прымалі непасрэдны удзел у баявых дзеяннях. Калі казаць па зразумелых прычынах пра Расею то нават дочкі апошняга імператара пайшлі на фронт перавязваць параненых салдат. І гэта натуральна, калі сям’я кіраўніка краіны пакутуе з усім народам. Тады ёсць хоць маленькае спадзяванне, што кіраўнік сто разоў падумае, перш чым пачынаць вайну. І нават у такога крывавага кіраўніка як Сталін сыны мусілі быць на перадавой. І як вядома адзін з іх не вярнуўся з нямецкага палону. Што ўжо казаць пра дзяцей, прыкладам, ангельскага каралеўскага двара, якія па традыцыі здаўна і па сённяшні дзень выбіраюць вайсковыя спецыяльнасці і ў разе чаго будуць вымушаныя непасрэдна паглядзець у вочы ваеннай жудасці. І так робяць не толькі прадстаўнікі ангельскіх элітаў. Іншыя таксама. Але гэта не пра сённяшніх супраціўнікаў Украіны.
Вось толькі яны з-за сваёй надуманай беспакаранасці не могуць аніяк зразумець, што так быць не можа бясконца. Яны ж таксама загінуць у гэтай мясарубцы. Гісторыя гэтаму сведка. Хай сабе ў канцы загінуць, пасля падманутых імі прыстойных людзей. Але нікуды яны не ўцякуць. Колькі б воўк не валок, павалакуць і воўка. Ну а прыстойныя людзі пацерпяць за тое, што дазволілі сябе абдурыць, і своечасова не спынілі подласць.
Віктар Сазонаў