Пра коцікаў і чыпсы
Пра Рутэній-106 шырокія масы насельніцтва здаецца ўжо забыліся. Ці, калі быць больш дакладным, то шырокія масы, у гэтым дакладным разуменні слова “шырокія”, пра яго хіба што нічога і не чулі. Хоць было ўсё зусім нядаўна. А тыя, што чулі, ужо забыліся або проста не хочуць, або не маюць часу пра яго думаць. І вось цяпер і тыя, што нешта чыталі пра гэты радыеактыўны элемент, і тыя хто гэтую інфармацыю праглядзелі, знаходзяцца ў роўных умовах – ніхто нічога не ведае. І ведаць не хоча. Падумаеш, недзе там у Расеі, на нейкім Урале здарылася нейкая тэхнагенная катастрофа. Калі думаць пра ўвесь негатыў, які здараецца ў Расеі, мазгі звіхнуць можна. Нават калі ты не рускі.
Нічога дзіўнага ў тым няма. Рутэній не выключэнне. Так з усім іншым таксама. Сучасныя сродкі масавай інфармацыі гоняцца за сенсацыяй і галоўным крытэрам для сябе ставяць выключна аператыўнасць падачы інфармацыі. Як яна паўплывае на змену сітуацыі – гэта справа дзясятая. У сённяшнім свеце галоўнае – быць першым. Ад гэтага залежыць усё. Толькі тады цябе заўважаць заказчыкі рэкламы, фундатары, інвестары, спонсары і ўсе астатнія патрэбныя для выжывання асобы. Навамодныя зараз сацыяльныя сеткі імгненна выкідваюць інфармацыю ў сеціва, дзе яна яшчэ больш імгненна злятае ўніз электроннага экрана саступаючы сваё месца наступнай публікацыі. І не важна якой. Хоць там будзе чарговы здымак чарговага коціка або талерка з недаедзенымі на сняданак чыпсамі – ёй месца вымушаная будзе саступіць нават паведамленне пра глабальную сусветную катастрофу. І яшчэ невядома што больш набярэ лайкаў.
Вось было б добра савецкім ідэолагам, каб сённяшнія тэхналогіі былі ў той час. Не трэба было б хаваць ад усяго свету і ад свайго насельніцтва нават трагедыю на Чарнобыльскай АЭС. Інфармацыя сама зляцела б з стужкі навін некуды ўніз ці ў нябыт хутчэй, чым развеялася б радыеактыўнае воблака над Чарнобылем. А то, каб заблытаць Захад, яны павыганялі на першамайскія дэманстрацыі пад радыеактыўнае пекла сотні тысяч сваіх суайчыннікаў. Маўляў, глядзіце, хто б стаў рызыкаваць жыццямі такой колькасці людзей, каб небяспека сапраўды існавала?! На шчасце на той час Захад быў іншы і не паверыў у тую бесчалавечную хлусню. Бо добра ведаў, што бальшавікі ніякім чалавечым жыццём, акрамя свайго ўласнага не апякуюцца. І ў звычайным ручным рэжыме, проста выкарыстоўваючы толькі рэвалюцыйны наган, загубілі тых жыццяў больш, чым усе тэхнагенныя катастрофы і прыродныя катаклізмы разам узятыя.
Зрэшты там, на Урале, з чарнобыльскіх часоў хіба мала што змянілася. І як аказалася не толькі на Урале. Расейскі бок не проста зрабіў спробу замаўчаць пра выкід рутэнія, але калі гэта зафіксавалі прыборы ў далёкай Францыі, нават паспрабаваў накінуць цень на самых французаў. Пасля прызнаў, што нешта там нядобрае сапраўды здарылася, але вуснамі свайго высокапастаўленага чыноўніка параіў суайчыннікам “піць піва і глядзець футбол”. Маўляў, не загружайцеся вы гэтымі праблемамі. У вас і іншых хапае, ад якіх вам мала не будзе. А наяўнасць рутэнія не асабліва паўплывае на агульны малюнак. Ну сумна ім займацца Уралам. Ды і Расеяй займацца сумна. Іншая справа Сірыя, ці Крым, ці Данбас… Вось там сапраўды ёсць дзе разгуляцца фантазіі.
Ну а што ж ў краіне, якая найбольш пацярпела ад Чарнобыля і зараз займаецца пабудовай айчыннай ядзернай энергетыкі? А ў ёй усё ціха. Тут як заўсёды радыеактыўны фон у норме. І ўсе астатнія фоны таксама ў норме. Стабільнасць. І тут таксама стала хіба што сумна думаць пра тое, што робіцца ў усходняй суседкі. І сапраўды, як ужо было падкрэслена, калі пра тое думаць, то мазгі звіхнуць можна.
А думаць мусіць трэба. Бо хіба што там будуць захоўвацца адпрацаваныя адкіды ядзернай энергетыкі і нашай сінявокай. Вось гэтыя вось рутэніі, і не рутэніі таксама. І як аказваецца яны вельмі хутка могуць прыляцець з месца свайго пахавання да месца свайго ўзнікнення. І застацца тут значна даўжэй, чым аператыўная стужка навін пра іх зляціць некуды ў нябыт з сацыяльных сетак, саступіўшы сваё месца коцікам і недаедзеным чыпсам.
Віктар Сазонаў