Прадказанне на 2019-ты



Ох і любяць людзі рабіць прадказанні на наступны год. Дакладней любілі раней. У мінулыя гады ад гэтага занятку іх за вушы нельга было адцягнуць. Як толькі год заканчваўся, то прагнозы на наступны сыпаліся як снег за палярным колам. Іх было столькі, што хапіла б для выкарыстання ў якасці забаўляльнай літаратуры на цэлы наступны год. А якія серыялы можна было б паставіць паводле тых прагнозаў, а якія фантастычныя поўнаметражныя стужкі! Гэта ж гатовыя сцэнарыі. Бяры – не хачу.

А вось у канцы гэтага году прадказанняў на наступны не тое, што зусім няма, але іх настолькі мала, што складваецца ўражанне нібыта зноў адрадзілася інквізіцыя і ўсіх прадказальнікаў спалілі на цэнтральных плошчах як шарлатанаў. Ну нейкія прагнозы то ёсць. І з большага, чамусьці, яны эканамічнага кшталту. І вельмі такія прадказальныя. Прыкладам, што нафта патаннее, Амерыка пабагацее, Расея паглыбіцца ў санкцыі, Украіна ў карупцыю, Еўропа ў бюракратызацыю, дармаеды не ўратуюць эканоміку Беларусі, запрацуе першы блок Астравецкай атамнай электрастанцыі і яшчэ пару тройку настолькі відавочных рэчаў, што пад сумневам толькі Астравецкая АЭС і застаецца. Ну і глабальнае пацяпленне, канешне, хоць гэта не зусім з эканомікай звязана.

Ну а на палітычныя тэмы прадказальнікі з сваімі прагнозамі сталі значна больш асцярожныя, чым у мінулыя гады. Больш не прызначаюць канкрэтную дату імпічменту Дональду Трампу, а наадварот, цяпер ужо гавораць пра яго мажлівы другі тэрмін. І з брэксітам сталі больш разважлівыя, як і з будучыняй Еўразвязу ў цэлым. Што тычыцца Усходняй Еўропы, дык пра гэта маўчаць зусім, нібыта нехта зоркі на гэтай частцы неба завешаў цёмнымі фіранкамі і пазбавіў усялякай мажлівасці разгледзець іх лёсаносны ход. Хоць тут і на зоркі глядзець не трэба, каб правесці пэўныя аналогіі з гэтай часткі свету. Вось раней каб Уладзіміру Пуціну падняць свой рэйтынг у Расеі трэба было пачаць змаганне супраць Украіны за Крым. Ну больш не было яму чым пахваліцца перад сваімі выбарцамі. А зараз у ўкраінскага кіраўніка Пятра Парашэнкі выбары на носе. І яму асабліва чым пахваліцца перад сваімі выбарцамі няма. І вось ці пойдзе ён шляхам свайго ўсходняга калегі ні адзін прадказальнік адгадаць не бярэцца. А да выбараў на Украіне лічаныя месяцы застаюцца. Ну што за прадказальнікі такія пайшлі непрадказальніцкія?!

Што да Беларусі, то тут ужо даўно забыліся слова рэйтынг. Ён тут нікому не патрэбны, як зайцу стоп-сігнал. Ды каб і быў каму патрэбны, то яго ўсядно ні ў каго няма, дабра такога, ні ва ўлады ні ў апазіцыі. Беларусы нарэшце сталі жыць па прынцыпе “не ствары сабе куміра” і з цікавасцю назіраюць, калі гэтая біблейская мудрасць дойдзе да астатніх. Што тычыцца перамен у сябе на радзіме, то здаецца беларусы вырашылі не ісці на радыкальныя крокі а дачакацца калі іх непрыяцелі, і вонкавыя, і ўнутраныя, адыдуць натуральным чынам вызначаным прыродай. Нешта падобнае на канфуцыянства. Хоць могуць і перадумаць. Хто іх ведае. Народ непрадказальны.

Многія скептыкі, для таго каб паказаць, што сэнсу ў прадказаннях няма, прыводзяць прыклад з Савецкім Саюзам. Маўляў ніхто не прадбачыў развалу СССР. А я вам скажу так, што там той СССР у параўнанні з падзеямі гэтага году! Ну хто мог прадбачыць, што ў гэтым годзе на конкурсе прыгажосці, дзе выбіралі самую прыгожую жанчыну планеты, з журы выганяць ўсіх мужыкоў. Вось ён гендар у завершанай форме. І пік росквіту фемінізму. А вы кажаце Савецкі Саюз! Хіба ён вярнуўся, той Саюз, толькі з іншай назвай.

Ці вось, хто мог прадбачыць, што пачнецца працэс адмаўлення ад калядных ялінак, бо яны, нібыта, абражаюць пачуцці вернікаў з іншых канфесій. Гэта ўжо пік росквіту паліткарэктнасці. І што там у тых вернікаў за пачуцці такія?! Ну хто мог такое прадбачыць! Хаця калі пакапацца ў спадчыне вялікага Мішэля Настрадамуса… Ды і індзейцы Майя прадказвалі, што нашаму свету хана прыйдзе… І адкуль яны ўсе ведалі пра той конкурс прыгажосці і працэс адмаўлення ад калядных ялінак?!

Таму на 2019-ты год у мяне ўсяго адно прадказанне – гэты год усіх прыемна здзівіць. Ну проста вельмі хочацца каб так было. Даўно мы прыемна не здзіўляліся.

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ