Пратаколы



 

У сталіцы Расеі і ў іншых гарадах гэтай краіны прайшоў марш міру. Галоўная яго тэматыка – спыненне вайны на Украіне. Улада нават дала дазвол на правядзенне гэтай публічнай акцыі. Што вельмі дзіўна. Можа яна тэставала сваё грамадства на ступень адурманьвання, запалохвання і лаяльнасці? А можа была перакананая, што ніхто не збярэцца. Бо пасля судоў над актывістамі мінулых акцый, пасля шквалу той жудаснай антыўкраінскай, антыеўрапейскай і антыамерыканскай прапаганды, якая запоўніла ўсе расейскія сродкі масавай інфармацыі, пасля запалохвання і пагрозаў у бок мажлівых удзельнікаў шэсця праз сацыяльныя сеткі і не толькі праз іх, мала хто верыў у масавасць гэтага маршу. Але ён стаў яшчэ больш масавы, чым мінулы, што праходзіў яшчэ ўвесну.

Безумоўна, Крэмль на гэта неяк адрэагуе. Неяк скарэктуе свае дзеянні з улікам таго, што адбываецца ў грамадстве. Але спадзявацца што ён адумаецца, убачыўшы што не ўсе ў Расіі звар’яцелі і спыніць актыўныя дзеянні супраць Кіева можа толькі той палітык, які проста праспаў два апошніх дзесяцігоддзі, незалежна ад таго, у крэсле парламента якой краіны ён адсыпаўся на працы.

Найбольш верагодны сцэнар дзеянняў расейскай улады – гэта ў першую чаргу ўдар па інтэрнэце, праз які і прасочваецца ў расейскае грамадства альтэрнатыўная інфармацыя. Толькі і тут не ўсё так проста. Інтэрнэт, у яго цяперашнім агульнадаступным выглядзе, ужо даўно заблакавалі б. І да гэтага ўжо даўно падрыхтаваныя. І заканадаўчая база амаль гатовая, хоць яна ў сённяшняй Расіі і не патрэбная для хоць якіх дзеянняў улады. Проста інфармацыя ў грамадства ўжо паступае не толькі праз сеціва, але і ад тых, хто пабываў на Данбасе і яму пашчаслівілася вярнуцца, і ад самых уцекачоў-перасяленцаў, якія насуперак аптымістычным чаканням зараз больш параўноўваюць сябе з ссыльнымі ў Сібір, і ад пахмурнеўшых жыхароў самога Крыму. Таму стаўка хутчэй за ўсё таксама будзе і на ўзмацненне рэпрэсій. А каб запалохаць, ці хаця б прымусіць заткнуцца амаль усіх сваіх суайчыннікаў у сённяшняй рэпрэсіўнай расейскай машыны сілаў больш чым дастаткова.

Ну але халера з ёй, з той расейскай уладай. Больш важным хіба ёсць тое, што ёй супрацьпаставіць Еўропа ды Злучаныя Штаты, але ў першую чаргу і сам Кіеў. Бо апошнім часам праглядаецца нейкая яго, ды і іх усіх разгубленасць у гэтым кірунку. То ці не варта і ім ўлічыць тое, што адбылося на маршы міру ў Маскве? Можа ў дадзенай сітуацыі добра прадуманы моцны зварот да расейскіх грамадзянаў можа зрабіць больш карысці, чым здаецца на першы погляд. Асабліва калі гэты зварот прыйдзе з Кіева. Можа дэмакратычнай сістэме свету варта пачаць больш актыўна падтрымліваць і рабіць стаўку на здаровыя плыні грамадства на постсавецкай прасторы, а не старацца залагодзіць агрэсіўнае кіраўніцтва. На тыя плыні, якія самы, нават без вонкавай падтрымкі, рызыкуючы многім, усё ж выйшлі на марш міру з плакатамі “Хопіць лгаць і ваяваць”. Бо тая яго актыўная і не замбаваная прапагандай частка можа абудзіць і ўсё грамадства, якое нарэшце прачнецца, працверазее, апамятаецца ад напушчанага на яго дурману і прымусіць спыніць вайну. І гэта хіба што адзіны на сённяшні дзень рэальны сцэнар не дапусціць не толькі да расейска-украінскай, але і да чарговай сусветнай бойні.

Ну а пакуль што ваюючыя бакі зноў селі за стол перамоваў у Менску і чарговы раз запратакаліравалі пратаколам чарговы пратакол, у якім дамовіліся на наступнай сустрэчы спратакаліраваць яшчэ пару пратаколаў. Прабачце за каламбур, але ўсё выглядае менавіта так. Бо адзінае ў чым яны ўсе там пагаджаюцца, то гэта ў тым, што дамоўленасці прапісаныя ў тых пратаколах увесь час парушаюцца. Праўда, нешта станоўчае і тут адзначаюць. Страляць, кажуць, хоць і не перасталі, але сталі менш. Ну дык на кожнай вайне страляюць то больш, то менш. Часамі гэта нават супадае з часам падпісання пратаколаў. Але часцей за ўсё перад перадыслакацыяй войск для новага ўдару. А пратаколы падпісваюць, каб час выйграць.

Віктар Сазонаў

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ