Прычыны і наступствы
Беларусь многія лічаць выпрабавальным палігонам Расеі. Маўляў, многія рэчы напачатку Масква выпрабоўвае на беларускім грамадстве, а пасля, калі эксперымент праходзіць так, як трэба, яго ставяць там, у Расеі. Калі ж штосьці пайшло не так, то ўносяць пэўныя карэкціроўкі і адпраўляюць у Беларусь на пераздачу. Калі і другі раз не праходзіць, зноў дапрацоўваюць, але ў сябе эксперыментаваць усядно не рызыкуюць. Вось, прыкладам, як гэта было з дэкрэтам пра дармаедства. Гучала гэтая тэма і ў расейскай Думе даволі востра, але пасля беларускіх пратэстаў пра яе як бы і забыліся зусім, і ніхто не памятае хто яе там падымаў.
Таму вельмі здзіўляе, што пенсійную рэформу Крэмль не малпуе з разважлівага беларускага досведу, а таранам прасоўвае абы каб хутчэй, не зважаючы на масавыя пратэсты сваіх грамадзян і яе татальную непапулярнасць. Кіраўнік Расейскай Федэрацыі гатовы сваім рэйтынгам ахвяраваць, абы яна хутчэй была зацверджана. А зводзіцца тая рэформа ў асноўным да банальнага павелічэння пенсійнага ўзросту грамадзян і толькі.
У Беларусі зараз многія непапулярныя меры ўкараняюць хоць дробнымі дозамі ды часта. Як да атруты прывучаюць грамадства, малымі порцыямі. Вось паліва даражэе хоць і часта, але толькі на адну капейку. І ўжо пра тыя паліўныя пратэсты, якія былі раней, грамадства даўно забылася. Ну хто будзе бунтаваць з-за адной капейкі. А што іх накапае ў хуткім часе на круглую суму, дык гэта і незаўважна. І з падвышэннем пенсійнага ўзросту ўсё пакрысе. І патроху можна назбіраць неабходную лічбу. Чаму б Крамлю гэты досвед не пераняць? Чаго яны фарсіруюць падзеі?! Ну павінны ж быць нейкія прычыны!
А чаго яны толькі не робяць, каб гэтая так званая рэформа адбылася адразу і як мага хутчэй. На прапаганду яе мэтазгоднасці хіба больш патрацілі грошаў, чым яна можа зэканоміць бюджэтных сродкаў. Напэўна таму, што галоўны аргумент грамадства хавае як грачнёвую кашу з маслам. Хоць калі падумаць, гэты аргумент і выедзенага яйка не варты. Бо ён сцвярджае, што пенсіянераў стала больш, чым працаўнікоў. Але ж чалавецтва для гэтага і рабіла тэхнагенную рэвалюцыю, каб замест чалавека машыны працавалі. Ці нават робаты. І калі раней, каб апрацаваць дзесяць гектараў зямлі, сто чалавек цягалі за вяроўкі дзесяць сох і галадалі, то пазней ужо дзесяць коней цягалі дзесяць плугоў, і ўсяго дзесяць чалавек ішлі за тымі плугамі. І ўжо ўсе сто чалавек не галадалі. А пасля гэтае поле апрацоўваў адзін трактар з адным трактарыстам. Яшчэ ў часы майго дзяцінства амаль да кожнай каровы трэба была даярка. Зараз з фермай у некалькі тысяч галоў упраўляюцца некалькі чалавек і самыя тых кароў нават за вымя не цягаюць. А толькі на гузікі ціскаюць. Чалавека замяняе машына. І не трэба да кожнага пенсіянера прыстаўляць працоўнага.
Тэхнічны прагрэс для таго і задумваўся, каб жыццёвы ўзрост усё падымаўся, а пенсійны ўзрост апускаўся. У адваротным выпадку ён не мае аніякай вартасці. І чалавек ужо ў наш час мусіць адпрацаваць не больш паловы ад сваіх бацькоў, каб дасягнуць таго ж матэрыяльнага выніку што і мінулае пакаленне. А далей хай займаецца чалавек творчасцю, падарожжамі, грамадскімі справамі, чым захоча. А пазней і гэтага часу не спатрэбіцца. Тэхналагічная рэвалюцыя ж не стаіць на месцы. І работнікаў у тым выглядзе, як мы прызвычаіліся, у адну чалавечую сілу, патрэбна будзе ўсё менш і менш.
Але калі для працы людзей патрэбна ўсё менш, то для вайны яны па-ранейшаму патрэбныя ў неабмежаванай колькасці. Бо на вайне людзі гінуць. І калі маладых забіраць на вайну, то старым хочаш не хочаш, а трэба вяртацца на працу. Бо хоць на той ферме і не шмат работнікаў патрэбна на гузікі ціскаць, але яны ўсё ж патрэбныя. Робаты яшчэ не ўсё вырашаюць ні ў мірнай рабоце, ні калі з кім вайну пачынаць. А шкада.
Зрэшты, чаго зразу пра вайну думаць. Прычыны падвышэння пенсійнага ўзросту могуць быць значна больш празаічныя. Маладыя то з усёй паслясавецкай прасторы уцякаюць хто куды шэрагамі і калонамі. Могуць чаго добрага і ўсе паўцякаць. Яны на захадзе могуць спатрэбіцца. А вось іхняя цяперашняя ўлада не. Ні ў якім варыянце. Вось і думае тая ўлада пра наступствы свайго кіравання. І без павелічэння пенсійнага ўзросту не абыдзецца.
Віктар Сазонаў