Развагі былога дыверсанта



Праглядаючы загалоўкі сённяшніх інфармацыйных сайтаў пра вайсковыя вучэнні расейскай арміі па мажлівым прымяненні ядзернай зброі, прыйшла мне на памяць адна даўняя размова. Адбылася яна на тэрыторыі тагачаснай Чэхаславакіі ў адной з сакрэтных вайсковых частак СССР. У гэтай баявой адзінцы мне давялося неяк паслужыць.

– Мы жывём у век ядзернай зброі, – пачаў сваю лекцыю зампаліт. – Таму вайсковая частка, дзе мы служым, ёсць адным з самых галоўных падраздзяленняў не толькі Цэнтральнай групы войск СССР у Еўропе, але і ўсёй сістэмы ўзброеных сіл. Бо мы дыверсанты, якія ў выпадку вайны будуць выяўляць і знішчаць не толькі розныя стратэгічныя аб’екты ворага, але і ракеты сярэдняй дальнасці з ядзернымі боезарадамі таксама.

– Можна пытанне, – не без іроніі ў голасе падняў руку адзін надта сарказлівы яфрэйтар. – Пра тое, як знішчаць ядзерны боезарад, нас ужо добра навучылі на практычных занятках. Толькі вось чамусьці забыліся сказаць, як нам пасля гэтага выжыць. Усе мы ведаем, што ахова гэтых ракетных комплексаў такая, што як ты толькі сябе выявіш, то можаш адразу лезці ў труну. А калі ты гэтую ракету з ядзерным боезарадам знішчыш, узарваўшы яе трацілавым боезарадам падвышанай магутнасці, то спадзявацца, што застанешся незаўважаным неяк не прыходзіцца. Але і не гэта самае страшнае. Калі мы ўсё ж знішчым ядзерную боегалоўку, то рассыпаны уран стварае такі радыяцыйны фон навокал, што лепш хай цябе прыстрэліць ахова, чым бачыць як з цябе вывальваюцца самыя па сабе ўнутраныя органы, а таксама валасы, пазногці, вушы, скура і ўсё астатняе ў адвольным парадку, пры гэтым аніяк не рэагуючы на твой істэрычны пратэст супраць гэтага працэсу.

Зампаліт усміхнуўся.

– Я бачу ў нас інтэлектуалы завяліся, – парыраваў ён. – Адкуль яны толькі бяруцца ў нашай вайсковай сістэме? Недапрацоўка! Ну але калі вы такі разумны, то павінны добра сабе ўсведамляць, што да ядзернай вайны ніколі не дойдзе. Ядзерная вайна немажлівая ў прынцыпе. Яна магла б быць толькі тады, калі б ядзерную зброю меў толькі адзін бок. А калі яго маюць абодва бакі, то кожны баіцца ядзернай помсты. Таму ядзерная зброя ёсць элементам стрымлівання не толькі ядзернай, але і ўсялякай вайны. І наяўнасць нашых дыверсійных груп па знішчэнню такой зброі ёсць проста гарантам, што вораг не адважыцца яе нават падцягваць да лініі фронту. Таму не хвалюйцеся за свой лёс. І запомніце раз і назаўсёды – ядзернай вайны не будзе ніколі. Бо чалавецтва яшчэ не здурнела канчаткова.

І сапраўды. Тады ядзернай вайны не адбылося. Бо кожны зампаліт, генерал, жаўнер, просты грамадзянін і кіраўнік краіны саветаў думалі менавіта так. І не толькі ў саюзе. Так думаў і генерал Пентагона, і жаўнер НАТА, і прэзідэнт ЗША і грамадзянін еўрапейскай краіны. І аніякага больш стрымліваючага фактару было не трэба. Мышленне людзей, іх успрыманне свету і ёсць галоўным фактарам тых ці іншых працэсаў, якія адбываюцца ў свеце.

А што мы бачым зараз?! Галоўны вядучы расейскага дзяржаўнага тэлебачання Кісялёў з блакітных экранаў тэлевізараў завярае ўсіх рускамоўных гледачоў на свеце што Расея можа ператварыць Амерыку ў ядзерны попел. Дэпутат дзяржаўнай думы Расеі Жырыноўскі палохае ядзернай зброяй увесь свет. Кіраўнік Расейскай Федэрацыі і яе галоўнакамандуючы аддае загад на правядзенне вайсковых вучэнняў па прымяненню ядзернай зброі… І нават звычайныя грамадзяне Расіі, пад уплывам гэтай прапаганды, пачалі дапускаць мажлівасць ядзернай вайны…

Ну а калі такое дапускаецца ў прынцыпе, то верагоднасць таго, што гэта можа здарыцца ўзрастае ў разы. Таму абавязкова трэба зноў усім ім нагадваць словы таго сарказлівага яфрэйтара, які сцвярджаў, што рассыпаны уран стварае такі радыяцыйны фон навокал, што лепш хай цябе прыстрэліць ахова, чым бачыць як з цябе вывальваюцца самыя па сабе ўнутраныя органы, а таксама валасы, пазногці, вушы, скура і ўсё астатняе ў адвольным парадку, пры гэтым аніяк не рэагуючы на твой істэрычны пратэст супраць гэтага працэсу.

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ