Роздум
Сумна. І прыкра. Памёр аўтар несмяротнага твора “Жыццё і неверагодныя прыгоды салдата Івана Чонкіна” Уладзімір Вайновіч. Але прыкра не зусім з тае прычыны. Мы ведаем, што ўсе людзі паміраюць рана ці позна. Кожны, хто нарадзіўся, абавязкова памрэ. І памерці, пражыўшы 85 год як Уладзімір Мікалаевіч, не ёсць вялікай нечаканасцю. Тым больш трагедыяй. Улічваючы тое, з якой людскай вартасцю гэты чалавек пражыў сваё жыццё, з якім гонарам прайшоў свой зямны шлях. А прыкра таму, што за свае 50 з большым год я асабіста не змог знайсці часу, сілаў, адпаведнага псіхалагічнага настрою, проста чалавечага абавязку, каб купіць квіток на цягнік, праехаць нейкіх паўтары тысячы кіламетраў і асабіста выказаць сваю павагу і захапленне жыццём і творчасцю гэтага чалавека. А хацеў.
І ездзіў жа і па паўтары тысячы кіламетраў, і па больш. І на машыне, і на цягніку. І самалётамі лятаў. І толькі ў такія хвіліны, калі памірае вось такі чалавек, пачынаеш разумець, што не заўсёды лятаў туды, куды трэба. І не трэба зараз апраўданняў, кшталту такіх, што ўсюды не патрапіш. Бо яны непраўдзівыя, тыя апраўданні. Не трэба ўсюды. Трэба толькі туды, куды трэба. А такіх месцаў не так ужо і шмат.
І носімся мы як угарэлыя. І не заўсёды туды. Як быццам хочам сваім уласным жыццём пацвердзіць вялікую мудрасць, напісаную у найвялікшай кнізе, што жыццё ёсць мітусня мітуснёў і іншая мітусня.
І таксама справа не ў тым, што Уладзіміру Мікалаевічу была патрэбна мая, ці каго-небудзь яшчэ асабістая падтрымка ці адабрэнне сваёй дзейнасці і жыццёвай пазіцыі. Як сцвярджаюць тыя, хто быў знаёмы з ім непасрэдна, то спадар Уладзімір быў надзвычай самадастатковы чалавек. Яго абвостранае пачуццё справядлівасці і імгненная рэакцыя на фальш не залежала ад колькасці людзей, якія прызналіся што нейкім чынам падзяляюць яго погляды. Ён проста быў такім як быў. Справа ў тым, што гэта было патрэбна найперш мне самому. І справа ў тым, што ўсядно мушу паехаць. Хоць памяць ушанаваць.
“Вось калісьці памру, мы калісьці заўжды паміраем,
Як бы так падгадаць, каб не сам, каб у плечы нажом,
А забітых шануюць, адпяваюць і цешаць іх раем,
Не скажу пра жывых, а нябожчыкаў мы беражом”.
Так напісаў яшчэ адзін вялікі чалавек, да якога я некалі таксама хацеў патрапіць персанальна, Уладзімір Высоцкі. Тады я быў малады, не адважыўся. А каб узяў ды паехаў, то як кажуць у народзе, зараз было б што ўспомніць. І не важна што. Можа Уладзімір Сямёнавіч і на парог свайго пад’езду мяне не пусціў бы. Можа выпіхнуў бы з кватэры ў шыю, як гэта было неаднойчы з няпрошанымі гасцямі. А можа ўзяў бы з маіх рук бутэльку горкай і запрасіў бы за стол. І я першы раз у сваім жыцці напіўся б. З Высоцкім. А так той момант, калі я першы раз напіўся і так надышоў. Толькі гэта было без Высоцкага. Цешыць толькі тое, што хоць пад яго песні.
І да Валерыі Навадворскай з сябрам збіраліся. Нават прапановы ёй падрыхтавалі, каб перакладаць яе неўміручыя думкі на нашу мову і друкаваць іх у Беларусі, на яе гістарычнай радзіме. І таксама знайшліся іншыя справы. І таксама не паспелі.
Канешне ж, хочацца сказаць пару не самых лепшых слоў пра расейскую ўладу. Яны не толькі да іх жывых не завітвалі, але ні словам не абмовіліся пра іх нават у дзень іх смерці. Як і беларускіх уладароў не было, прыкладам, на пахаванні Васіля Быкава. Але што пра іх гаварыць. Наўрад ці на іх магілы прыйдзе столькі ўдзячных суайчыннікаў, колькі будуць прыходзіць на магілу Уладзіміра Вайновіча. Адзін мой знаёмы так не любіць маскоўскую ўладу, што неяк мне прызнаўся, што каб у Маскве не было такіх магіл, як магіла Высоцкага, то жадаў бы разбурэння гэтага горада як разбурэння Садома і Гаморы. Але не можа жадаць такога з-за гэтых вялікіх і сумленных людзей, якія там упакоіліся. Тут усё як некалі сказаў усё той жа Уладзімір Высоцкі.
“Одних мы чтим публично, во всю рукоплеща,
К другим приходим лично, на кладбища”.
Вось так. А зараз трэба хоць на могілкі з’ездзіць, раз да жывых не здолеў. І не адкладваць. А то і гэтага можна не паспець.
Віктар Сазонаў