Саюзнікі



Чым менш зараз заходні свет прыслухоўваецца да слоў кіраўніка Расеі, зразумеўшы нарэшце які ім ёсць кошт, тым больш Уладзімір Пуцін робіць публічных выступаў і заяў скіраваных на айчынную аўдыторыю. І трэба аддаць яму належнае, на большую частку суайчыннікаў яго заявы пакуль яшчэ дзейнічаюць. А калі ўлічыць той факт, што кожнае слова расейскага кіраўніка адразу падхопліваецца, адшліфоўваецца і яшчэ мноства разоў прафесійна падаецца праверанымі тэлепрапагандыстамі, то чакаць на хуткае расчараванне расейскай тэлеаўдыторыі сваім кумірам наўрад ці варта спадзявацца.

З дэзінфармацыяй пра чароўнае з’яўленне зялёных чалавечкаў у Крыме і нібыта адсутнасць расейскіх ваенных на Данбасе ўсё значна прасцей. Тут расейскія абывацелі праглынулі тую дэзінфармацыю з усмешкай і нават разуменнем, бо яшчэ з савецкіх часоў выхаваныя ў традыцыях нейкай міфічнай “вайсковай таямніцы”, якую ні ў якім разе нельга выдаць ворагу. І таму, каб таго ворага заблытаць, то дзеля карысці справы нібыта трэба лгаць сваім суайчыннікам.

Пра наяўнасць той вайсковай таямніцы вучылі з першага класу савецкай школы, славячы мальчыша-кібальчыша, які гэтага сакрэту не выдаў нават коштам свайго жыцця. Праўда, як пасля аказалася, ён яго і сам не ведаў. Бо як быццам бы і няма зусім той таямніцы. А вось ворагі ёсць. Іх многа і яны паўсюдна, і таму пра зялёных чалавечкаў менавіта ворагаў і падманвалі. Ну а свой народ усё і так нібыта разумеў правільна.

Пра пагрозу для невядома адкуль узнікшага “рускага свету” большасць расейскай аўдыторыі таксама паверыла адразу. Як у гэта можна было не паверыць? Раз ёсць такі рускі свет, значыць і пагроза для яго быць таксама мусіць. Нельга без пагрозы. Ну і традыцыйная палохалка пра агрэсіўнасць НАТА таксама прайшла на “ура”.

Але ж па закону жанру аўдыторыю трэба ўвесь час падаграваць усё новымі сенсацыямі і падрабязнасцямі, а то ёй стане сумна і яна выключыць тэлевізар або зробіць яшчэ горш – палезе ў інтэрнэт. А там і да праўдзівай інфармацыі дакапацца можна.

Вось і прыйшлося расейскаму лідару заявіць, што ўсё, што робіцца зараз на Украіне мера вымушаная. І хоць Расея не думае ўлазіць у хоць якія там канфлікты, у якія яе вельмі стараюцца ўцягнуць, але яна вымушаная прымаць нейкія меры, каб забяспечыць бяспеку сваю і сваіх саюзнікаў. Хто канкрэтна хоча ўцягнуць Расею ў канфлікты і ў якія канфлікты расейскі лідар не канкрэтызаваў. Як і не канкрэтызаваў – хто ёсць саюзнікамі Расеі, якім і трэба забяспечыць бяспеку.

І вось тут хіба што расейскі кіраўнік моцна пагарачыўся. Бо яго любімая аўдыторыя можа быць за апошні год агалцелай ідэалагічнай прапаганды ўпершыню задумалася. Адна справа сябе ратаваць, іншая справа кагосьці. І дзеля чаго? І хто ж яны такія тыя саюзнікі, дзеля забеспячэння бяспекі якіх зноў трэба расейцам цярпець нейкія нязручнасці?

Калі на ўвазе маюцца рэжымы адабраных сілай ад Грузіі Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, то яны на саюзнікаў аніяк не цягнуць. Бо нічым расейцам дапамагчы не ў стане, нават калі здарыцца цуд і яны гэта сапраўды зрабіць пажадаюць. Тое сама можна сказаць і пра Прыднястроўе. А таксама і пра Крым, і пра іншыя акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі.

А можа расейскі кіраўнік меў на ўвазе краіны ўдзельніцы мытнага саюзу? Казахстан і нашу Беларусь? Але ж казахі пакуль што не спяшаюцца адносіць сябе да рускага свету. Ну а беларусы знаходзяцца ў такім жа самым стане, у якім яшчэ зусім нядаўна была Украіна. І няма аніякай гарантыі, што праз год яна не будзе там, дзе Украіна зараз.

Вось і атрымліваецца, што няма ў расейскага кіраўніка аніякіх саюзнікаў. Няма каму забяспечваць бяспеку. І ніхто не забяспечыць яе яму. Вось таму ён і не назваў тых міфічных саюзнікаў, бо па вялікаму рахунку іх проста няма.

А што будзе, калі гэта хутка зразумее і расейскі народ. Напэўна тады ён нарэшце задумаецца, як яму быць далей. Мець такога лідара, што няма аніякіх саюзнікаў, ці ўсё ж памяняць яго, каб зноў  саюзнікі з’явіліся.

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ