Скарб



Колькі навін за апошні час! І пераважная большасць з іх насцярожваюць і нават палохаюць. Узяць хаця б амерыкана-еўрапейскі абстрэл сірыйскіх аб’ектаў, дзе Расея заявіла, што можа даць у адказ. Ну як не напалохацца пагрозамі двух нашпігаваных ядзернай зброяй краін РФ і ЗША у бок адзін другога? А заява расейскага начальніка што свет без Расеі яму, і многа каму яшчэ, зусім не патрэбны?! Ён так і сказаў, “нам”. Гэта значыць і мы, беларусы, як частка таго свету, таксама некаму “ім” непатрэбныя. Жудасць!

Ну а ў Гародні знайшлі скарб. На даху старога гарадзенскага дому знайшлі. Золата! Больш чым дваццаць залатых манетаў. А таксама залатыя зліткі, залатыя ланцужкі, залатыя пярсцёнкі, часткі залатога медалю і нават зубныя пратэзы. Таксама залатыя. Сапраўдная залатая навіна. Станоўчая як залаты чырвонец. Вось жа ўдача!

Праўда, улады гавораць, што наш беларускі галоўны скарб, гэта нашы людзі. І я аніводнага слова з гэтага выслоўя не стаўлю пад сумнеў. Тут я з нашай уладай хіба што ўпершыню згодны на ўсе сто. Так. Пацвярджаю. Галоўны скарб нашай улады – гэта нашы людзі. І ў гэтым няма аніякага сумневу.

Апаненты могуць запярэчыць. Маўляў, раз людзі гэта скарб, то чаму да іх такія адносіны. На рабоце кантракты і кантроль, пасля работы кантроль і кантракты. (Пад кантрактамі пасля работы маюцца на ўвазе негалосныя дамоўленасці ўлады і народа. Ну ёсць жа такое разуменне як негалосная дамоўленасць). Маўляў, вы нас не чапайце, а мы вас ва ўпор не бачым. І народ, нібыта, усе гады гэтую негалосную дамоўленасць выконваў бездакорна. І носу не сунуў у справы ўлады. Ну за выключэннем апазіцыі, якая таксама як бы народ. Але гэта на агульны малюнак аніяк не ўплывала. А вось улада ўвесь час рабіла выгляд, што аніякай дамоўленасці і няма. І усё ламала галаву, што яшчэ прыдумаць, каб выслоўе, што наш галоўны скарб гэта наш народ, не згубіла сваёй актуальнасці.

І яно ніяк ў нашых беларускіх рэаліях не можа згубіць гэтай актуальнасці. Бо з каго ўлада можа ўзяць сродкі на існаванне. Ну ясна, што з народу. Не з дапатопнай жа эканомікі. З эканомікі могуць дазволіць сабе жыць амерыканцы. Іх галоўны скарб – гэта іх эканоміка. За яго і змагаюцца. Сочаць за усялякімі там эканамічнымі індэксамі, каштоўнымі паперамі, і яшчэ цэлай кучай розных рэчаў. Навошта ім нейкі залаты скарб з нейкіх там зубных пратэзаў? Яны на звычайнай паперы напішуць, што іх папера – гэта і ёсць золата, і ўсё! І ўвесь свет пачынае дурэць ад гэтых папер. Бо яны эканомікай падмацаваныя. У іх нават галоўная зброя з непрыяцелямі – гэта эканамічныя санкцыі. Ну а калі прымяняюць вайсковую сілу, дык стараюцца не ў людзей патрапляць. Галоўны ўдар – гэта эканамічныя аб’екты супраціўніка.

У Рускіх свае прыярытэты. Яны жывуць з прыродных выкапняў, і таму за іх і змагаюцца. Ім усё зямлі мала. Усё тэрыторыю пашыраюць. Бо прыродныя выкапні акурат у зямлі і на зямлі знаходзяцца. Яны скарб у выглядзе залатых манет знайсці і не спадзяюцца. Тым больш з зубных пратэзаў. Ну хто ў іх мог яго закапаць? Бо калі там, у Расеі, нехта разбагацее, то яго скарб закапаны ў швайцарскім банку, або ў падобных варожых установах Еўропы і Амерыкі. Бо там эканамічнае развіццё, палітычныя свабоды, раздзяленне ўладаў і незалежны суд гарантуюць яго недатыкальнасць. Таму пакідаць свой скарб у Расейскай Федэрацыі аніводзін рускі не адважыцца. Радзіма радзімай, а грошы грашамі. Радзіму, маўляў, любім больш, чым усе іншыя людзі і народы, але ўласныя грошы трымаем падалей ад яе чэпкіх лап. Такая вось загадкавая расейская душа.

А што такое скарб? Гэта тое, з чаго ўладальнік скарбу можна жыць балюючы і ні ў чым сабе не адмаўляць. Вось і атрымліваецца, што ў нас галоўны скарб, гэта наш народ. Больш нічога няма. Ні прыродных выкапняў як у РФ, ні эканомікі як у ЗША, ні жадання яе мець.

Знойдзены ж ў Гародні скарб цяпер будзе ў музеі, дзе яму і месца, як і ўсім скарбам, і будзе ахоўвацца дзяржавай. Ну а беларускі народ, як галоўны скарб краіны, пакуль што не з’яўляецца музейным экспанатам. І функцыі яго аховы вызначаюцца для кожнага індывіда персанальна.

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ