Свет у аблозе



Ці мог бы хто яшчэ год таму прадказаць, як будзе сябе паводзіць свет, калі акажацца ў аблозе.

А ніхто і не казаў, што будзе лёгка. Нават раней, калі не было яшчэ пандэміі і ніхто не мог сабе ўявіць, што яна будзе, далёка не кожны мог пахваліцца, што яму лёгка жывецца. Ну а зараз знайсці такіх людзей увогуле, мякка кажучы, цяжкавата. І не толькі з-за каранціну. Нават калі ў Еўропе каранцін адменяць, пошукі такіх людзей будуць няпростымі. Гэта ўсё па Беларусі можна вызначыць. Каранціну тут няма, але і людзей, якім зараз лёгка, гэта не прыбавіла. Хутчэй наадварот.

Зрэшты, а калі яно было лёгка? Чаканне праблем стала для чалавецтва з’явай натуральнай. Але вось, што будзе так, як сталася зараз, ніхто і не чакаў, і ніхто і не казаў. Ну а зараз ужо і гавораць, і чакаюць чарговых праблем. А яны, аказваецца, зусім не за гарамі. А тыя, што ёсць, маўляў, гэта толькі пачатак.

Нават у самой Арганізацыі Аб’яднаных Нацый загаварылі пра хуткую мажлівасць вялікага голаду. Праўда, гэта нібыта тычыцца пакуль што толькі бедных краін. Пакуль што! Ну а ў багатых краін свае праблемы. Там ежа хіба што будзе. Пакуль што! А вось ці будзе ў многіх жыхароў мажлівасць яе набыць, гэта ўжо пытанне з сумневам.

Беларускія сяляне ў большасці сваёй не сочаць за пасяджэннямі, выказваннямі і заявамі ААН. Не ўсе ведаюць іх графік. Ды і пра ААН ведаюць не ўсе. Але высновы зрабілі аналагічныя. Сталі заўважаць, што ўзровень вады ў студнях стаў рэзка паніжацца. Ды і зямелька пачала перасыхаць. Голад ні голад, а на звышураджай ў такіх умовах разлічваць не прыходзіцца. Таму гэтым разам яны, хіба што, пагодзяцца з экспертамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Тым больш, што ад гэтай згоды ці нязгоды ім не холадна ні спякотна. Іншая справа сваё начальства. Тут нічога не зробіш, трэба падпарадкоўвацца. А галоўная ўстаноўка з самых уплывовых праўладных вуснаў – гэта хуткая і паспяховая пасяўная. Там, відаць, як і ў ААН, мажлівасць голаду дапускаюць сур’ёзна. Ну а паколькі ў нас краіна не з багатых, то ў ААН, хіба, калі казалі пра голад у бедных краінах, пра нас таксама можа і намякалі. Зрэшты, цяжка сказаць. Часамі здаецца, што ў ААН пра такую краіну як адна з заснавальніц таго ААН Беларусь, ведаюць не больш, чым беларускі селянін пра іх. Асабліва зараз, калі мы засталіся адзінай краінай у Еўропе з адчыненымі межамі. А патрапіць да нас ўсё адно нельга. Суседзі свае межы пазачынялі.

Таму, калі ўвесь свет у аблозе, то і мы ў аблозе. Нарэшце мы разам з усім светам. Ці, хаця б, з Еўропай. Бо ўвесь час ішлі сваім шляхам, унікальным як квадратнае кола, а тут раз і на табе. Ведай беларус, што ты еўрапеец. І нікуды ад гэтага не дзенешся.

Ну а свет і сапраўды ў аблозе і канца гэтаму не бачна. Калі пандэмія пачыналася, то здавалася, усё гэтак жа хутка і скончыцца. Ці хаця б так, як было ў Кітаі. Пасля аказалася, што і ў Кітаі было не так, як падавалася напачатку тым Кітаем, ну і чарговы раз пераканаліся, што Кітай гэта не Еўропа. І Еўропа ўжо не Еўропа. Але яшчэ і не Кітай.

А для пандэміі геаграфічныя адрозненні і нават зачыненыя межы аказаліся не дастатковай перашкодай. Яна дабралася і да Амерыкі, і да Афрыкі. І да тых бедных краін, пра якія казалі ў ААН. Дзе ад голаду і так паміралі, яшчэ да пандэміі. І ім там зараз невядома чаго больш баяцца. Хіба ўсяго. Зрэшты, як і ўсім астатнім.

А свет нарэшце ўбачыў, які ён маленькі і які бездапаможны. Ён цяпер увесь у аблозе. І ўсе разам і кожны паасобку зараз змагаюцца з нябачным ворагам. Праўда, не забываюцца змагацца паралельна і адзін з другім. І за сферы ўплыву, і за рынкі, і нават за тэрыторыі. Я ўжо не кажу пра ідэалагічныя войны і палітычныя баталіі. Асабліва ўнутрыпалітычныя. Праўду, хіба, кажуць знаўцы жывёл, калі сцвярджаюць, што унутрывідавое змаганне, самае жорсткае змаганне. Да нас, людзей, напэўна, гэта таксама адносіцца. І гэтаму змаганню канца не відаць.  Хоць усе ўжо і так у аблозе.

Нават гучыць неяк дзіўна. Свет у аблозе змагаецца не толькі з тым, ад чаго аблажыўся. Відаць без гэтага пакуль не атрымліваецца.

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ