Святочныя віншаванні
Часамі, як сядаю пісаць чарговы фельетон, задумваюся, пра што бы я сёння пісаў, каб найноўшая гісторыя Беларусі, сведкамі якой прыйшлося стаць майму пакаленню, склалася крыху па-іншаму. Каб, прыкладам, напачатку дзевяностых гадоў перамаглі нацыянальныя беларускія сілы. І каб менавіта тагачасныя “Адраджэнцы”, як мы тады называлі самыя сябе і так называлі нас нашыя непрыяцелі, пачалі будаваць будучыню сваёй краіны надзеленыя на тое ўсёй паўнатой улады.
Напэўна было б багата падстаў і для іх крытыкі. Напэўна месцамі тая крытыка была б безкампраміснай і бязлітаснай. І можа быць і гэткае ж пытанне як і зараз, пра што бы я пісаў каб да ўлады прыйшлі тыя сілы, якія насамрэч прыйшлі і рэальна кіруюць намі сёння, таксама запаўзала б мне ў свядомасць. І па праўдзе гаворачы, наўрад ці я змог бы адгадаць і палову тых тэмаў, якія прыходзіцца падымаць цяпер.
Ну як у той паралельнай рэальнасці можна было б здагадацца, што сама ўлада незалежнай дзяржавы можа зневажаць мову тытульнай нацыі, да якой, дарэчы, той-сёй з гэтай улады і сам належыць. А зараз ой колькі напісана пра гэта! Каб сабраць гэтыя матэрыялы ў адно то прыйшлося б выдаць іх вялікім шматтомнікам пад назвай, якая б абавязкова ўтрымлівала словы кшталту “генацыд”, “ганьба” і “свядомае знішчэнне”. Менавіта свядомае. І каб прыйсці да такой высновы трэба было рэальна і актыўна паўдзельнічаць у складанні таго шматтомніка. Бо толькі багаты досведу гэтай справе можа прывесці да такой здавалася б алагічнай і абсурднай высновы.
Ну вось стаіць у цэнтры Гародні зараз віншавальная шыльда. Яна віншуе мінакоў з Новым годам аж на чатырох мовах. На ангельскай, польскай, літоўскай, і канешне ж расейскай. Расейская там стаіць наперадзе. Беларускай няма нават у канцы. І каб пісаў пра гэта ўпершыню, то ўсё спісаў бы на бязглуздасць нейкага аднаго чыноўніка. Але багаты досвед падказвае, што няма аніякай бязглуздасці. Усё прадумана. Беларуская мова ігнаруецца свядома. Знішчаецца па загаду звонку. І здзіўляцца трэба не таму, што яе няма, а таму, што яна яшчэ зрэдку сустракаецца. Вось там недапрацоўкі канкрэтных чыноўнікаў. А тут выразна бачна іх праца. Праца тых калабарантаў, якія тут нарадзіліся, якія карыстаюцца з здабыткаў незалежнасці і гандлююць ёй, а можа хто і цішком прыхаваўшы на ўсялякі выпадак для сябе карту паляка і расійскі пашпарт адначасова.
Яшчэ зусім нядаўна Гародню здзівілі турыстычныя буклеты на чатырох мовах. А якой мовы там не было? Канешне ж беларускай. Прыпомніце той скандал, які паднялі незалежныя журналісты, і да якога далучыліся галасы патэнцыйных турыстаў з-за мяжы. І што адказалі чыноўнікі? І вось зараз чарговае віншаванне ў іх выкананні. Вось іх адказ! Скажыце цяпер што гэта памылка, а не свядомае і добра абдуманае дзеянне.
Я як назіральнік за выбарамі на паседжанні гарадзенскай гарадской выбарчай камісіі падняў пытанне, што банер “Выбары 2018” стаіць толькі на рускамоўных версіях сайтаў абласнога і гарадскога выканкамаў. А што, беларускамоўных грамадзян пра выбары інфармаваць не трэба? Я выказаў думку, што гэта парушае не толькі закон аб мовах, але і інструкцыі ЦВК. Камісія не зацікавілася маёй заявай. Маўляў, гэта справа выканкамаў. А што тыя выканкамы, калі сама Цэнтральная Выбарчая Камісія Рэспублікі Беларусь паказвае ім прыклад. На яе сайце ёсць для моўнага пераключэння ажно тры гузікі. Для рускай мовы, канешне ж, хто бы сумняваўся. Таксама і для ангельскай ёсць. Трэці ж гузік, апошні, для… людзей з кепскім зрокам. І ён таксама ра-расейску.
Так і хочацца сказаць, вучыце людцы беларускую мову. Яна паляпшае зрок. Бо калі верыць гэтай трэцяй версіі, то ў беларускамоўных выбарцаў з чым-чым, а вось са зрокам то ўсё ў парадку. Бо па-беларуску старонкі для людзей з кепскім зрокам не існуе. Зрэшты як і для выбарцаў з добрым зрокам таксама.
Вось і думаю, пра што бы я пісаў каб некалі да ўлады прыйшлі тыя, хто шанаваў бы свае традыцыі, культуру, мову… Хіба пачаў бы свой перадсвяточны фелетон даволі банальна. Неяк так: – “З Калядамі і Новым годам!!!”. А што, вельмі добра гучыць па-беларуску!!!
Віктар Сазонаў