У аўтобусе



Як шмат новага ды цікавага бачаць і чуюць тыя людзі, якія ўвесь час карыстаюцца грамадскім транспартам! Я вось калі не праедуся гарадскім аўтобусам, то абавязкова нешта напішу пасля. А ёсць жа такія, хто ездзіць аўтобусамі і тралейбусамі штодзённа. А там столькі цікавага, столькі новага, што хоць ты не вылазь з яго.

Не трэба і інтэрнэту. Пакуль праедзеш некалькі прыпынкаў, столькі навін пачуеш, што можаш сам быць крыніцай новых паведамленняў. Асабліва калі ля пажылых жанчын прыстроішся. І на што і на колькі цэны падняліся даведаешся, і як Дональд Трамп сцяну будуе на мяжы Мексікай, і калі выбары будуць, і ўвогуле пра ўсё дазнаешся, нават чаго ведаць не хочацца.

Я то прызвычаіўся на машыне дабірацца да месца працы. Цяжкавата з маімі нагамі па іншаму. Але, дзякуючы яго вялікасці алкаголю, бываю вымушаны займаць месца ў цесным грамадскім транспарце. Бо калі пакаштую з вечара горкай, то наступнага дня за руль ужо не сядаю. Прывучыў сябе так з маладосці, а зараз і самому развучвацца ўжо позна, і іншых гэтаму навучаю.

Вось і нядаўна прыйшлося чарговы раз уціснуцца ў аўтобус айчыннай вытворчасці яшчэ з прыемным смакам у роце ад учарашняга армянскага каньяку, і плячо ў плячо з іншымі суайчыннікамі праехацца па родным горадзе пад мілагучныя паведамленні быць асцярожным, бо дзверы зачыняюцца. Народу было поўна, як селядца ў бляшанцы. Такі час падабраў нязручны. Неабачліва неяк атрымалася, але ўжо нічога не зробіш. Залез, ну то еду.

Асаблівая канцэнтрацыя народу была ля кампосцера, каб, калі кантралёры раптам на прыпынку будуць, паспець пракампасціраваць квіток. Сядзячыя месцы занятыя ўсе да аднаго. І вось на адным прыпынку залазіць у цэнтральныя дзверы даволі аб’ёмная пажылая жанчына і пачынае злосна як з аўтамата Калашнікава страляць вачамі з аднаго боку ў другі. Адразу стала зразумела, што хто-хто, а гэтая абавязкова адваюе для сябе сядзячае месца ў каго-небудзь з больш слабымі нервамі.

Нервы гэтым разам у сядзячых пасажыраў аказаліся даволі моцнымі, таму як ні свідравала іх злосным поглядам аб’ёмная жанчына, ніхто нават не зварухнуўся, і тым больш не згубіў прытомнасць. Першы націск яны выстаялі. І тады жанчына да візуальнай атакі падключыла і шумавы эфект ды стала лямантаваць, што народ у нас не выхаваны і ёй месца саступаць ніхто не спяшаецца.

Пасажыры рабілі выгляд, што ўсё сказанае да іх не мае аніякага дачынення і стойка трымалі асаду. Таму жанчына змяніла тактыку і выбрала цяпер ужо канкрэтную ахвяру. Гэта аказаўся яшчэ малады хлопец, што сядзеў ля вакна, прыціснуты да сценкі другім пасажырам.

– Вось гляньце, якая моладзь пайшла невыхаваная, – паказала на яго рукой жанчына. – Сядзіць і саступіць месца старэйшым нават не думае.

– А чаго я мушу вам саступаць сваё месца? – Спакойна адказаў хлопец. – Гэта вы вінаватыя, што вам месца не хапае. Бо гэта вы такую ўладу выбралі, якая пра вас не дбае. Я тады яшчэ права голасу не меў, як вы яе выбіралі. Таму вам зараз з хаты ад сораму нельга людзям на вочы паказвацца, а не правы тут качаць. Бо гэта з-за вас не толькі вам месца не хапае, але і нам жыць невыносна.

Што тут пачалося! Які лямант падняла жанчына! Якімі яна толькі словамі не абзывала хлопца! Палівала брудам і яго, і яго продкаў. І іншым прысутным дасталося. Толькі пра ўладу выказалася станоўча. Сказала, што яна ў нас самая лепшая, тая ўлада.

Хлопец нічога ёй не адказваў. І толькі як прыйшоў час яму выходзіць, ён нахіліўся і падняў мыліцы. І на гэтых мыліцах паціснуўся да дзвярэй. У яго не было нагі. Ды і тая што была, не вельмі яго слухалася. Было бачна па выразу яго твару, што перамяшчэнне ў прасторы выклікае ў яго боль. Але пакрысе ён выйшаў з аўтобуса і абапёрся аб мыліцы, каб крыху адпачыць і набрацца сілаў для далейшай хады.

А аб’ёмная жанчына тут жа ўскочыла на яго крэсла і працягвала лямантаваць.

– Каб табе і другую нагу скалечыла, – крычала яна. – Не ведае ён, што старэйшым трэба месца саступаць! На такіх міліцыю выклікаць трэба! Міліцыю!

І як аўтобус рушыў, яна яшчэ праз вакно пагрозліва памахала хлопцу кулакамі. Але той стаяў абапёршыся аб мыліцы і апусціўшы галаву каб аддыхацца, таму хіба што гэтага ўжо не бачыў.

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ