Усё ўжо адбылося!
Колькі сябе памятаю, Дваццаць Пятага Сакавіка, у Дзень Волі, мы выходзілі ў тым ці іншым фармаце да сваіх суайчыннікаў, каб расказаць ім, што гэта за свята, якое яно мае гістарычнае значэнне і якую важкасць для будучыні. Без асэнсавання наканаванай велічы гэтай даты немажліва пабудаваць яскравую і зразумелую мадэль будучыні беларускай дзяржавы, беларускай нацыі, беларускага народу і беларускай цывілізацыі. Таму не было такога году, каб мы яе не святкавалі, пра яе не пісалі, не адзначалі, не заклікалі іншых далучыцца да старонак вялікай і славутай гісторыі.
Былі гады, калі святкаванне Дня Волі праходзіла ва ўрачыстай і натхняльнай атмасферы. Былі і варожыя часы, калі актывістаў хапалі, лавілі, арыштоўвалі, судзілі, каралі… Па усялякаму было. Але заўсёды знаходзіліся людзі, якія свядома ішлі на ахвяру…
Некалі ў аднаго мудраца спыталі, ці доўга трэба чакаць перамен да лепшага. Мудрэц адказаў, што калі чакаць, то доўга.
Вось і ў Беларусі заўсёды знаходзіліся патрыёты, якія не чакалі, а набліжалі час, калі ўвесь беларускі народ усвядоміць важнасць гэтага дня. Былі гады, калі здавалася, што нас чуе недастатковая колькасць суайчыннікаў. Былі сумневы, што нас не хутка пачуюць. Але ніколі не пакідала надзея, што прыйдзе час, калі пачуюць усе.
Час прыйшоў. І яшчэ хутчэй прыйшоў, чым спадзяваліся. Нас пачулі. Пачулі ўсе да аднаго. І не толькі ў Беларусі. Увесь свет ужо ведае, што такое Дзень Беларускай Волі. Ужо цэлы месяц гадаюць і разважаюць, як гэтая дата будзе азначацца ў гэтым годзе, ці што адбудзецца ў гэты дзень, ці можа ўлады здолеюць не даць адбыцца хоць чаму.
Але ж усё ўжо адбылося, шаноўнае спадарства! Бо няма зараз аніводнага беларуса, хто не ведае, што гэта за дата!
Гэтага, што ўсё ўжо адбылося, што беларусы зноў на цяперашнім гістарычным этапе адчулі сябе беларусамі, некаторыя ўсё яшчэ стараюцца не заўважаць, не прызнаваць, і ўсяляк супрацьстаяць Адраджэнню Беларускасці. Гэты лагічны гістарычны працэс нацыянальнага адраджэння стараюцца не дапусціць варожыя да беларускасці сілы і за межамі Беларусі, і нават у самой сінявокай. Але нічога іх намаганні не даюць. Яно ўжо здарылася, чарговае Адраджэнне Беларускасці! Усё ўжо адбылося!
Гэтую дату зараз чакаюць і тыя, хто будзе яе святкаваць і цешыцца, і тыя, хто будзе ўсяляк не дапускаць яе святкавання і асвятлення. Няма аніводнага чалавека ў гэтай краіне, які не лічыць дзён і гадзін да прыходу гэтага дня. Адны з надзеяй, другія з радасцю, трэція з страхам… Нехта з трывогай, нехта з натхненнем, але ўсе…
Ужо больш няма чалавека ў гэтай краіне, які яшчэ не ўсвядоміў, што такое Дзень Волі, які не ведае, што значыць для нас Бела-Чырвона-Белы сцяг, які хоць крыху сумняваецца, што беларускасць ёсць генетычны код беларусаў. Няма зараз аніводнага беларуса па ўсім свеце, які не адчуў сябе беларусам і не ганарыцца сваёй прыналежнасцю да вялікай нацыі. І не толькі беларусам, але ўсім астатнім, цяпер канчаткова дайшло, што ёсць такі народ як беларусы, і што ў іх ёсць свая непаўторная вялікая гісторыя, якая пісалася вякамі і працягвае пісацца і ў нашы дні!
І ўжо не так істотна, у якім маштабе ўдасца адсвяткаваць гэтае свята ў гэтым годзе, калі даўно хапаюць актывістаў, прыходзяць сілавікі ў школы і да людзей на працу з папераджальнымі візітамі, калі як канвеер працуе карны апарат і панічна робіцца ўсё, каб не адбылося нічога.
Але ж ужо ўсё адбылося! Адбылося ў душах і сэрцах, у галовах і свядомасці, у крыві касцях… І ў гэтым годзе дата Дваццаць Пятага Сакавіка яшчэ да надыходу стала завяршальным этапам усведамлення ўсіх беларусаў сябе як адзінага народу, незалежна ад таго, удасца адсвяткаваць Дзень Волі ў пажаданым фармаце, ці не ўдасца.
І не трэба зараз пераймацца тым, ці ў гэтым годзе свята адродзіць належны яму афіцыйны статус, ці трэба яшчэ крыху пачакаць. Бо ўсё на свеце прадказальна, акрамя тэрмінаў.
А прадказальна тое, што Беларусь ідзе сваім шляхам да уласнай Беларускай Цывілізацыі. Дрэва Беларускага Адраджэння прыжылося, пупырышкі набухлі, ажно трашчаць пад сонцам гістарычнага развіцця, ужо прарэзаліся лісце і кветкі… Плады неўзабаве!
З Днём Волі!!!
Віктар Сазонаў