Вар’яцтва



Некалі вялікі Альберт Эйнштэйн сказаў, што сапраўднае вар’яцтва, гэта калі рабіць увесь час адно і тое ж, і пры гэтым спадзявацца атрымаць розныя вынікі ад сваёй дзейнасці. Здавалася б, што гэта зразумела і без выказвання вядомага навукоўцы. Але ж не. Не туды тое. Каб было так ўсё проста, то геніяльны аўтар тэорыі адноснасці не губляў бы часу і паперы, каб напісаць на першы погляд такое відавочнае сцверджанне. Аказваецца не ўсім гэтая простая ісціна даходзіць да мазгоў з першага разу. Ну а некаторым не даходзіць ніколі.

За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Дастаткова проста заставацца ў Беларусі і паўглядацца на ўсё, што тут адбываецца. Пра ўладу ўжо і гаварыць не хочацца. Тое што яна дваццаць год з дня ў дзень робіць адно і тое ж спадзеючыся атрымаць розныя вынікі вядома ўсім, як і тое, што вынікі стабільна аднолькавыя. І гэта прыводзіць да простай высновы, што яна, улада, і не хоча аніякіх іншых вынікаў. Яе задавальняюць гэтыя вынікі, што ёсць зараз. Яна проста дэкларуе, што вынік шукаецца іншы. Дэкларуе не нам, а тым хто дае крэдыты і пазыкі вось пад гэтыя галаслоўныя дэкларацыі пра змены. Яна так заўсёды рабіла. Такая ў нас нацыянальная забава, дэклараваць не тое, што будзеш рабіць, а тое, што хочуць пачуць. Так весялей. І больш прыбыткова. Нашмат больш. А насамрэч улада непакоіцца толькі пра тое, каб ён, вынік, заставаўся ранейшым і быў нязменным як мага даўжэй. Зрэшты, гэта даволі лагічна. Галоўная задача ўлады захаваць уладу. Тут усё проста, даходліва і зразумела.

Значна больш складана зразумець тыя сілы з апазіцыі, якія дэкларуюць што змагаюцца за ўладу, але выбіраюць для гэтага той самы сцэнар, робяць тыя самыя дзеянні, якія ўжо неаднойчы прыводзілі да поўнага правалу іх намаганняў. Так-так. Я пра выбары. Пра тыя самыя выбары, на якія і ўлада і яе супраціўнікі ідуць правераным старым сцэнаром, што непазбежна прывядзе да гэтакіх жа правераных і старых вынікаў. Тут і да бабкі хадзіць не трэба. І калі ўладу старыя вынікі выбараў цалкам задавальняюць і ў адсутнасці абдуманых ды лагічных дзеянняў яе не западозрыш, то дзеянням яе апанентаў лепшага вызначэння чым выказаўся для падобных выпадкаў Альберт Эйнштэйн і не прыдумаеш.

Гэта ж яшчэ з пачатковых класаў, з першых урокаў малявання ўсе ведаюць, што калі перамяшаць, прыкладам, сінюю і жоўтую фарбу паміж сабой у прапорцыі 50 на 50, то атрымаецца зялёны колер. І колькі б разоў, ці тысяч разоў мы не паўтаралі б гэтае дзеянне, колер будзе атрымлівацца зялёны. З разу ў раз адзін і той жа. Спадзявацца на тое, што на нейкі стомільённы раз колер атрымаецца, прыкладам, бел-чырвона-белы, паводле Эйнштэйна называецца вар’яцтвам. Каб атрымаць бел-чырвона-белы вынік трэба ад пачатку памяняць усё. Трэба ўзяць белую і чырвоную фарбу ў прапорцыі два да аднаго, і не змешваць іх, а акуратна намаляваць дзве белых і адну чырвоную палоскі. Гаворачы прасцей, дзеянні падганяюцца пад жаданы вынік.

Але ж не. Дзеянні застаюцца старымі, апрабаванымі, з даўно вядомымі вынікамі. Выйгрышнымі для ўлады і пройгрышнымі для апазіцыйных кандыдатаў. Бо ўсё застаецца па старому, пачынаючы ад заканадаўства, постаці старшыні ЦВК, і сканчаючы тымі ж самымі камісіямі. Далей за камісіі ўжо і разважаць няма пра што. З усіх зменаў кідаецца ў вочы толькі адна. І на гэтую змену пайшла не ўлада. А акурат наадварот. Гэта апазіцыйныя кандыдаты больш не заклікаюць людзей на плошчу. Ну то лагічна меркаваць, што на плошчу людзі і не пойдуць. А пойдуць на выбарчыя дзяльніцы, куды іх заклікае і ўлада, і апазіцыя.

У выніку, зыходзячы з такой змены ў дзеяннях, мы можам атрымаць і невялічкую змену ў выніку. А менавіта легітымізаваны рэжым. Той самы, які і быў два апошніх дзесяцігоддзі, толькі легітымізаваны. І ўсе яго рашэнні з кропкі гледжання міжнародных стасункаў таксама набудуць легітымізаваны характар. У тым ліку, прыкладам, і рашэнне ўвайсці Беларусі ў склад Расійскай Федэрацыі цалкам або часткамі. Калі такое рашэнне мажліва ў прынцыпе. А мы ж то ведаем, што немажлівага, у прынцыпе, то і не бывае.

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ