Вечныя сімвалы



“Выбары закончыліся!” Гэтая фраза ў Беларусі гучыць нашмат аптымістычней, чым, прыкладам, такая фраза як “выбары пачаліся”. Або “у нас ёсць выбары”. Ці “выбары пакажуць”… З усяго што звязанае з выбарамі толькі фраза “выбары закончыліся” для ўсяго без выключэння насельніцтва сінявокай выклікае палёгку. Ну нарэшце. Закончыліся.

Які там вынік нікога не цікавіць. Ён вядомы заранёў. Нават назіральнікі ад праўладных структур адразу пасля завяршэння падліку галасоў рванулі з выбарчых дзяльніц дахаты і не пацікавіліся колькі там за каго будзе намалявана ў выніковым пратаколе. Хоць каб гэта даведацца варта было затрымацца ўсяго на некалькі хвілін. Але дзеля чаго? І так усё зразумела. Галоўнае, што ўсё ужо скончылася.

А з якой палёгкай уздыхнулі сябры камісій. Ім больш не трэба хаваць вочы ад незалежных назіральнікаў і адзін перад другім. Не трэба больш шаптацца і закрываць сваімі плячамі ад непатрэбных вачэй бюлетэні на стале. Усё, канец! Заўтра на працу, як звычайна. І ні слова пра выбары. Ні на працы, ні ў хаце, ні на вуліцы, ні дзе… Чаму? Што за дурное пытанне? Таму што ўсім усё зразумела…

Каму хочацца пра гэта больш гаварыць? Толькі людзям з павышаным пачуццём гумару. Сустрэў выпадкова на вуліцы двух такіх. Беларусы сталага веку. Мудрыя. Вясёлыя. Пра такіх кажуць, што яны ёсць людзі яшчэ старой фармацыі. Раней, нібыта, у нашай нацыі было такіх багата. Ну а зараз такія вялікая рэдкасць.

– Як думаеш, – кажа адзін другому з усмешкай вартай увагі і павагі, – ці новы прэзідэнт будзе лепшы за старога, ці не?

– Гэты напэўна будзе лепшы за таго што быў цяпер, – адказвае другі, з усяе моцы  стараючыся захаваць дзеля смеху сур’ёзны выраз твару. – Бо той надта ж шмат абяцаў. А гэты дык і не абяцаў нічога. Таму хіба і не падмане.

Зразумела то ўсё і ўсім без выключэння. Але чаму тады дзяржаўнае тэлебачанне, дзяржаўная прэса і дзяржаўныя ідэёлагі не змаўкаюць ні на хвілінку? Ну выйгралі і ўсё тут. Але ж не. Яны ва ўнісон славяць новую элегантную перамогу. Распавядаюць пра ўсенародную падтрымку, якая нібыта і ёсць асноўным паказнікам даверу ўнутранаму і знешняму курсу новага старога кіраўніцтва, а таксам пра поўны давер і ўсеагульную любоў. Хто ў гэта верыць? Каму яны гэта даводзяць?

А нікому! Як некалі казала знакамітая настаўніца літаратуры: “Галоўнае не Шэкспір, а заўвагі да яго”. Галоўнае не як і што было, а як сказалі. І ніхто ўжо ад гэтага народу даўно не дамагаецца таго, чаго дамагаўся сябра дзяцінства Астапа Бэндара Коля Остэнбакен ад сяброўкі ягонага ж дзяцінства польскай прыгажуні Інгі Заёнц – кахання. Ды нікому яно не патрэбнае, тое ўсенароднае каханне. Галоўнае, каб слухалі і маўчалі. Галоўнае не каб верылі, а каб прыкідваліся што вераць.

І хай сабе будзе ўсё ўсім зразумела. Ніхто не супраць. Так нават лепш, калі ўсе ведаюць як там насамрэч, але ніхто не спрачаецца. Вось гэта па сапраўднаму крута.

Менавіта таму і выклікае шалёную паніку ў праўладных колах тое, калі дзесьці адбываецца не так. Вось узялі чатыры курсанты і сфатаграфаваліся з Пагоняй. І гэта адразу пасля такой упэўненай перамогі на выбарах і знешняга і ўнутранага курсу! Дзе больш за 80 адсоткаў нібыта падтрымліваюць іншыя сімвалы! А яны з Пагоняй!

Ім там і на занятках, і па тэлебачанню пра ўсенародную любоў і падтрымку распавядалі, а яны з Пагоняй! Ну маглі ж як большасць, насіць тую Пагоню хоць на вопратцы, хоць у сэрцы, але рабіць выгляд што нічога пра яе не чулі. І пайшла б кар’ера, і сталі б афіцэрамі, а можа і да старшыні выбарчай камісіі некалі дараслі б… Пагоня аказалася важнейшай.

А адкуль яны пра яе даведаліся? Яе ж не паказваюць па тэлебачанні. Наадварот. Яе замоўчваюць і хаваюць. Ды адусюль даведаліся! Ад бацькоў, ад выкладчыкаў, ад сяброў, ад знаёмых і незнаёмых… Ад тых, хто робіць выгляд што пагаджаецца з усім, але цішком распавядае пра Пагоню тым, хто пагаджацца не будзе. Тым, хто адчувае, што светам кіруюць сімвалы. І што розныя з іх маюць розны час. І толькі праўдзівыя сімвалы вечныя.

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ