Версіі
У Беларусі чарговая доўгачакана-нечаканая сенсацыя. Палітвязні выйшлі на свабоду!!! Апошнія і ўсе разам. Хоць, па-праўдзе гаворачы, гэта завельмі гучная і занадта смелая заява. Я бы сказаў што засамаўпэўненая. Ажно вуха на слых такога не ўспрымае ад яе дзёрзкасці і нечаканасці. Ды і наўрад ці можна аж настолькі ўпэўнена такое сцвярджаць. Лепш сказаць так, што беларускіх палітвязняў нечакана і ў поўным складзе выпусцілі з афіцыйных турмаў. А на свабоду ці не, гэта хай кожны вырашыць сам.
Такое асцярожнае і, зыходзячы з сённяшняга жыццёвага досведу няўпэўненае выказванне, будзе гучаць значна больш па-беларуску, а таксама ўлічваць час і месца дзе мы жывём,ды ў аб’ёмным разуменні значна больш стане адпавядаць рэчаіснасці. Ну выпусцілі з астрогу тых, каму там і так не месца. Для нас гэта ўжо сенсацыя. А як на іхняе вызваленае месца іншых папросяць, то гэта руцінныя будні і суровая рэчаіснасць сённяшняга дня. Як кажуць у народзе: – “Святое месца пустым не бывае”.
І чаго тут далёка хадзіць. Ужо разглядаюцца нейкія справы заведзеныя за беларускія надпісы. За так званыя графіці на сценах. Збудаваная гадамі машына пераследу не можа сабе дазволіць прастояў. Мусіць працаваць. А то чаго добрага пачне даваць збоі. Што тады?! Такую машыну наноў так хутка не адбудуеш. Таму трэба даглядаць тую, што ёсць.
Але як бы там не было, сем’і некалькіх нашых суайчыннікаў разам з сябрамі і сваякамі нарэшце атрымалі рэальную мажлівасць убачыць і абняць сваіх блізкіх. Сустрэчы, кветкі, віншаванні, святочны стол, слёзы радасці… Шчаслівыя воклічы кшталту: – “А ты чуў, той і той вярнуліся!” Ну проста ўсё як пасля вайны…Вярнуліся!Жывымі! Дзякуй Богу!!!
А аналітыкі і даследчыкі, якія яшчэ ўчора не маглі прадбачыць такога кроку ўладаў, крыху аклямаўшыся ад шоку пачалі даследаваць прычыны і матывы такога шляхетнага ўчынку. Ну як жа ж. На ўсё мусіць быць прычына.
Галоўны матыў які гучыць, гэта што ў рэжыму скончыліся грошы. Пра гэта пішуць ужо дваццаць год запар. Грошай, маўляў, больш няма і вось-вось усё ляснецца. Але ўсе гэтыя гады хлеб у крамах ды бульба ў сховішчах не канчаліся. А калі каму трэба, то і мяса мог набыць у якім хочаш выглядзе. Ды і гарэлачка заманліва падміргвала мноствам бліскучых этыкетак. І кожны раз мы думалі, што непадобна да поўнага краху. Ну але калі разумныя людзі гэта сцвярджаюць, то можа гэтым разам і праўда. І зараз так думаем. Можа гэтым разам і праўда, што ў рэжыму скончыліся грошы, і, што самае важнае, ён больш не ведае дзе іх узяць. І наступны раз так будзем меркаваць, хоць добра ведаем з гісторыі, што калі канчаюцца грошы, то колькасць палітвязняў павялічваецца, а не наадварот. Ну але ж мы ўнікальныя. У нас свой, унікальны шлях развіцця. У нас можа быць і наадварот. Хто яго ведае. Хутка пабачым.
Другая, менш распаўсюджаная, але значна больш інтрыгуючая версія, гэта штоначальнік беларускай дзяржавы не на жарт напалохаўся агрэсіўнасці свайго ўсходняга калегі, і зараз не ведае куды ад яго ўцякаць. І што нават ненавісны яму захад цяпер здаецца прытулкам, куды ў разе чаго можна і сігануць ад чэпкіх крамлёўскіх лап. Вось таму і трэба, нібыта, дзеля наладжвання адносінаў з тым Захадам выпусціць палітвязняў.
У прыхільнікаў гэтай тэорыі ёсць таксама слабое месца. Яскрава акрэсленая ахілесавая пятка. Яны забыліся адну народную прымаўку, якая сцвярджае, што воран ворану вока не выдзеўбе. Ну а ў астатнім тэорыя вельмі прывабная. Толькі непраўдзівая.
Ужо хутчэй верыцца ў тое, што галоўнаму прэтэндэнту на прэзідэнцкае крэсла стала вельмі сумна ад цяперашняй выбарчай кампаніі, дзе не толькі аніякай інтрыгі няма, але нават ніхто і не заклікае да яе. Вось ён і вырашыў унесці ў выбарчы працэс хоць нейкае ажыўленне.
А вось пра тое, што гэты трук з палітвязнямі да апошніх дэталяў узгоднены з Крамлём, дзеля таго каб выбары былі прызнаныя ўсімі, і тады можна будзе завалодаць Беларуссю ўсяго толькі па рашэнню цяпер ужо легітымнай беларускай улады, гавораць адзінкі.
Як мала людзей так думае цяпер. Раней такіх было больш.
Віктар Сазонаў