Візы і подпісы
Найважнейшы для улады сённяшняй Беларусі, ключавы і пераломны момант у іх выбарчай кампаніі, ужо адбыўся. На іх думку, вядома ж, ключавы. І адбыўся, канешне ж, таксама на іх думку… У іншых думкі могуць быць іншыя.
Я зараз гавару пра спешны як да ветру візіт міністра замежных спраў Расейскай Федэрацыі Сяргея Лаўрова ў Менск. Так-так, яго самога!
Нават афіцыйная версія таго візіту ўражвае. Аказваецца, што сам магутны і вялікі Сяргей Лаўроў, які дробнымі пытаннямі не займаецца, гэтым разам, у гэты гарачы для Беларусі выбарчы перыяд, не паленаваўся і асабіста прыехаў утрэсці пытанне па ўзаемным прызнанні віз паміж Беларуссю і Расеяй для іншаземцаў… Ну, такая, прынамсі, рабочая версія аднаго з пытанняў гэтай высокапастаўленай сустрэчы. Пагадненне пра візы падпісалі. Такое пагадненне, маўляў, дазволіць іншаземцам свабодна перамяшчацца па тэрыторыі абедзвюх гэтых краін, атрымаўшы візу хоць у адной з іх…
Ну вось прыспічыла менавіта зараз вырашыць гэтае пытанне міністру іншаземных спраў Расеі. І гэта ў той час, калі з-за пандэміі расейскі бок увогуле зачыніў расейска-беларускую мяжу. Нават для грамадзян гэтых краін, а не тое што для іншаземцаў. Ну зараз, хіба, хоць праз іншаземцаў можна будзе што-небудзь перадаць праз тую мяжу, хіба што, калі я правільна разумею клопаты уладаў Расеі і Беларусі, менавіта пра іх.
Вось па гэтым, нібыта неадкладным, пытанні Сяргей Лаўроў запланаваў сустрэцца не толькі з сваім калегам з Беларусі Уладзімірам Макеем, але і з самым прэзідэнтам суседняй краіны. Ну і нешта падказвае, што сустрэўся яўна не для таго, каб праверыць, ці ёсць у таго расейская віза для візіту ў Маскву на парад перамогі. Ну і хіба, каб так не падумалі недасведчаныя абывацелі, расейскае знешнепалітычнае ведамства агучыла пашыраны спіс пытанняў для абмеркавання. Аказваецца высокія асобы вырашылі паразмаўляць і пра развіццё еўразійскай інтэграцыі (зноў пра інтэграцыю), і пра ўзаемаадносіны дзвюх краін па лініі Еўразійскага Эканамічнага Саюзу (зноў саюзу), і па лініі Саюзу Незалежных Дзяржаў і па… Адным словам размова пайшла пра саюзы! І інтаграцыі… А пра што ж яшчэ ім гаварыць?!
Ну заадно выпала між іншым абмеркаваць і каардынацыю падыходаў Менску і Масквы на міжнародных пляцоўках, такіх як ААН ці АБСЕ. Ну раз усё адно ўжо сустрэліся і час ёсць, то чаму б і пра гэта не перакінуцца словам другім.
А вось пра “Газпрам” ні слова. Прынамсі афіцыйна. А між іншым, па версіі беларускіх ворганаў, структуры расейскага “Газпраму” хіба што ўмяшаліся ў унутраныя справы суверэннай краіны. У выбары. Намякнулі нам так з самага верху. І мажліва нават асобы яшчэ вышэйшага рангу умяшаліся таксама. (А куды ўжо больш вышэйшага рангу за “Газпрам”??!!! Вышэй толькі хіба сам Сяргей Лаўроў !!! Ну і…).
Ну, “Газпрам”, напэўна, сваю ролю ўжо выканаў. Што цяпер пра яго языком малоць упустую. Вось візы для іншаземцаў – вось гэта важная тэма.
А ў гэты час на вуліцах беларускіх гарадоў мноства людзей выйшлі заявіць пра сваё бачанне сітуацыі ў Беларусі. І пра сваё бачанне яе будучыні, і пра свой погляд на выбары. Пра візы для іншаземцаў яны не асабліва клапаціліся. Стараліся паставіць хутчэй сваю візу ў выглядзе подпісу за якогась з кандыдатаў, пакуль яшчэ можна. Бо пасля візіту Сяргея Лаўрова многа можа памяняцца. У тым ліку і гэта права. Як многа памянялася, некалі, пасля аналагічнай сітуацыі, калі Беларусь наведаў колішні расейскі палітык высокага рангу Віктар Чарнамырдзін, які ў таксама гарачы для Беларусі час завітаў сюды ў 1996 годзе паразмаўляць пра інтаграцыі і саюзы…
І вось як і тады, і зараз пачаліся вулічныя затрыманні тых падпісантаў, якія своечасова не ўцяклі дахаты паставіўшы свой подпіс у падпісным лісце. І гэта ў дадатак да ранейшых затрыманых па заведзенай крымінальнай і адміністрацыйных справах. Ці дасягне колькасць затрыманых колькасці пастаўленых імі подпісаў за сваіх кандыдатаў пакуль невядома. Усё можа стацца.
Хоць усё можа пайсці і іншым шляхам.
Ну а візы для іншаземцаў хай сабе будуць. Вялікай ролі гэта не мае. Не асабліва яны сюды рвуцца, тыя іншаземцы. Лаўроў з Макеем так пра іх клапоцяцца, а яны, няўдзячныя, не могуць правільна ацаніць іх працу.
Віктар Сазонаў