Выбарчыя інтрыгі



Беларусь чарговы раз увайшла ў перыяд выбарчай гонкі. Або гону. Не ведаю як больш правільна. Бо калі гаворыш, што выбіраць будуць прэзідэнта краіны, то сапраўды хочацца зрабіць сур’ёзны выраз. Але ўжо на слове “выбіраць” чамусьці ў большасці людзей з’яўляецца ўсмешка. Не даходзіць размова нават да таго, каго там будуць выбіраць.

Зрэшты, лепей па парадку. За прэзідэнцкае крэсла гэтым разам сталі змагацца больш пяці дзясяткаў чалавек. Ніколі не думаў, што так многа людзей мяркуюць, што яны здольныя кіраваць цэлай краінай. Але, хіба што, паглядзеўшы як гэтай краінай кіруюць ужо не адно дзесяцігоддзе, у вялікай колькасці людзей натуральна з’яўляецца перакананне, што так кіраваць можа кожны. Ну, адпаведна, і яны напэўна змогуць.

І вось ужо пяцьдзесят пяць чалавек падалі на рэгістрацыю свае ініцыятыўныя групы. І гэта не ўсе, што хацелі. Нехта за кратамі быў і адтуль не дацягнуўся да Цэнтральнай Выбарчай Камісіі, нехта не хацеў патрапіць за краты і таму не рызыкнуў з той камісіяй звязвацца. Усё адно рэкорд. Такой колькасці прэтэндэнтаў нават на спадчыну мільянера не заўсёды знаходзіцца. Дык там хоць спадчына ў мільёны. А тут пераможцу дастануцца адны дзяржаўныя пазыкі. Але ўсё адно ахвочых як блох у шалёнага сабакі.

Здавалася, што дзеючая ўлада акурат баіцца адваротнага. Баіцца, што ніхто не падасць дакументаў і пакіне яе на выбарах у ганаровай адзіноце самую з сабой. Таму яна, ўлада, заўсёды рыхтавала аднаго-двух так званых спарынг-парнёраў, на ўсялякі выпадак, дзеля выгляду масавасці прэтэндэнтаў на прэзідэнцкае крэсла. Выбары ж прадугледжваюць, што выбіраць трэба. А тут на табе, пяцьдзесят пяць! І рыхтаваць аніякіх партнёраў не трэба было. Самы нарыхтаваліся. Аніхто такога і спрагназаваць не змог.

Ды ніхто і не збіраўся ні прагназаваць, ні аналізаваць. Аб’яднаная апазіцыя ў старых даўнішніх традыцыях, якія заўсёды прыводзілі да паразы, нават праймерыз правяла, каб выбраць з сваіх шэрагаў усяго аднаго адзінага. У выніку гэтага выбару “адзінага”, кандыдатаў стала больш чым было прэтэндэнтаў на пачатку праймерызу. Ну хоць весела.

Але на гэтым не скончылася. Прэтэндэнты павылазілі адусюль, адкуль толькі можна. Партыйныя і беспартыйныя, вядомыя і абсалютна невядомыя персанажы, набліжаныя ў нядаўнім да ўлады чыноўнікі і аддаленыя ад улады апазіцыянеры, усе лічаць, што змогуць кіраваць краінай не горш, чым сённяшняя ўлада.

Але і сапраўды, ці цяжка гэта?! Вось, прыкладам, на пасяджэннях па ўтварэнні выбарчых камісій па ўсёй краіне было вырашана ў сувязі з пандэміяй абысціся без наведвання тых пасяджэнняў прадстаўнікамі партый і назіральнікаў. Але ж заканадаўства патрабуе галоснасці. Ну то для тых назіральнікаў былі арганізаваныя відэатрансляцыі. І што тут пачалося! Дзесьці пішчала, недзе трашчала, у іншым месцы малюнак размываўся, а там-сям і ўвогуле трансляцыя абарвалася. Аказалася, што арганізаваць трансляцыю цяжэй, чым краінай кіраваць. Бо краінай неяк жа кіруюць, а з трансляцыямі складанасці. Здавалася б, зараз кожны школьнік можа арганізаваць такую трансляцыю з свайго мабільніка ў рэжыме онлайн. А тут на табе. 

Ці вось, як пачалася тая пандэмія, усе краіны кінуліся хто як можа прымаць меры бяспекі для грамадзян, бізнес ратаваць сталі, хто лепш, хто горш, грошы сталі шукаць для тых, хто на каранціне, і розныя іншыя меры прымаць. А ў нас грамадзяне заняліся гэтым усім самыя. Ну то хто не захоча ўзначаліць такую краіну.

Хіба што і сапраўды, такой краінай кіраваць не так ужо і складана. Напэўна таму і ахвочых хоць адбаўляй.

Зрэшты, ЦВК і адбавіла. А то куры смяяцца пачнуць! Пяцьдзесят пяць чалавек на адно месца! Гэта вам не жарты! Дзе яшчэ такія конкурсы бываюць?! Непарадак! Пакінулі пятнаццаць. Самых бездакорных ў плане афармлення сваіх ініцыятыўных груп. Гэта дваццаць сем адсоткаў ад пададзеных. Яшчэ адзін рэкорд. Ды і так па-людску аднесліся. Навошта іх столькі?! Краінай то, як высвятляецца, і самым кіраваць не цяжка.

А зараз інтрыга палягае на тым, чые сто тысяч подпісаў зарэгіструюць. Вось і інтрыгу нейкую знайшлі. Бо як няма інтрыгі ў канчатковым выніку, то хаця б у працэсе яны патрэбныя.

Віктар Сазонаў

 

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ