Выключна на сябе



Сёння, праз дваццаць шэсць гадоў пасля першай інаўгурацыі першага прэзідэнта Беларусі, вуліцы беларускіх гарадоў штодзённа запаўняюцца людзьмі, якія дамагаюцца новых справядлівых выбараў. Людзей разганяюць, затрымліваюць, збіваюць, арыштоўваюць, палохаюць, праследуюць, судзяць, выганяюць з работы і вучобы… Што толькі не робяць. Але яны ўпарта выходзяць зноў і зноў, і рашуча дамагаюцца сваіх патрабаванняў пра правядзенне новых справядлівых і празрыстых выбараў. Людзі цвёрда заяўляюць, што паўнамоцтвы ўлады скончыліся!

Вялікая колькасць гэтых людзей нарадзілася ўжо пры гэтай уладзе і гэтым кіраўніку, і іншага начальніка сваёй краіны ў сваім жыцці не мелі. Ёсць таксама багата і старэйшых, тых, якія добра памятаюць, як першы прэзідэнт Рэспублікі Беларусь першы раз паклаў сваю здаравенную далонь на Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і на беларускай мове прамовіў першую прысягу на вернасць беларускай краіне і беларускаму народу. Пад час той гістарычнай падзеі ля чалавека, які прысягаў беларускаму народу, стаяў дзяржаўны бела-чырвона-белы сцяг…

А пасля быў ініцыяваны ім рэферэндум па замене таго сцяга, ля якога ён прысягаў… Былі выстаўленыя пытанні за наданне іншай мове статусу роўнага беларускай… А далей болей. Падпісваліся дамовы пра інтэграцыю і саюзную дзяржаву, выкідваліся з будынку парламенту дэпутаты, стваралася уладная прэзідэнцкая вертыкаль, мянялася Канстытуцыя, з’яўляліся палітвязні і прападалі палітыкі, зачыняліся газеты, арыштоўваліся палітычныя апаненты, збіваліся кандыдаты на пасаду прэзідэнта і пяць разоў запар абвяшчалася элегантная перамога на выбарах аднаго і таго ж чалавека… Шосты раз перамога таксама была аб’яўленая, але з элегантнасцю гэтым разам не атрымалася. Шостая інагурацыя прайшла ціха, нават таямніча, без пампезнасці, але ў спешцы, і даведалася грамадства пра гэта ўжо пасля яе заканчэння…

Гісторыя, якая ведае ўсё і праходзіла ўсё па некалькі разоў, такога яшчэ не бачыла. Нездарма тую інаўгурацыю не сталі спяшацца прызнаваць шэраг вядучых краін свету. Наадварот. Выбары, якія прайшлі ў Беларусі дзявятага жніўня не прызналі ні ЗША, ні Еўразвяз, ні АБСЕ. Для іх, як і для ўсіх, хто не прызнае гэтых выбараў, паўнамоцтвы цяперашняга кіраўніка Беларусі закончыліся ў сімвалічную і трагічна-камічную дату, якая супала з ноччу Гая Фокса, пятага лістапада, калі пяць год таму адбылася пятая па ліку інаўгурацыя адзінага пакуль што беларускага прэзідэнта…

Калі быць шчырым, то выбары ў Беларусі і раней не прызнаваліся ні справядлівымі, ні празрыстымі, ні адпаведнымі міжнародным дэмакратычным стандартам усімі тымі ж самымі суб’ектамі, што і зараз. Ну і што з таго? Прызнаваць не прызнавалі, а справу мелі з рэжымам больш шчыльную, чым з апанентамі гэтай улады. Больш важным ёсць беларусы. Што яны скажуць?! І гэта справядліва. Бо хто за нас мусіць вырашаць нашы справы?! А беларусы зараз штодзённа запаўняюць вуліцы сваіх гарадоў. Гэта ёсць важным. Іх воля і іх рашэнне. Яны зараз спадзяюцца выключна на сябе.

У большасці людзей, хіба што, толькі першыя выбары ў далёкім адна тысяча дзевяцьсот дзевяноста чацвёртым годзе не выклікаюць сумневаў у больш менш справядлівым выніку. Хоць як па мне, то і яны не маглі прайсці без бессаромнага і нахабнага ўмяшальніцтва з боку ўлады. Бо кантраляваліся то яны перафарбаванымі камуністамі, саветамі і сацыялістамі, што па сутнасці ёсць адным і тым. А гэтая публіка па натуры сваёй не можа нічога зрабіць чэсна. Нават калі гэта будзе ім карысна, ўсё адно не зробяць. Каб не прывыкаць. А то раз скажаш праўду, другі раз скажаш, так і ўцягнуцца можна ў гэты працэс. Таму яны і не рызыкуюць. Таму я і з першымі выбарамі быў бы асцярожны ў ацэнцы чэснасці. Ну а пра астатнія і гаварыць не варта. А вось самыя астатнія, то гэта самыя астатнія. Ва ўсіх адносінах і значэннях самыя астатнія для гэтай улады. Пра іх не тое, што гаварыць трэба, пра іх нельга не гаварыць. Як і пра наступныя, справядлівыя выбары, якіх патрабуе Народ.

Улады ж прапаноўваюць людзям новую Канстытуцыю. Маўляў, вось прымем яе, а пасля па новых законах правядзём новыя выбары. Толькі беларусы настойваюць на сваім. Яны больш не вераць, што ўлада можа ім прапанаваць нешта добрае.

Яны спадзяюцца выключна на сябе.

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ