З Калядамі і Новым годам!!!
Напэўна ў гэтыя перадсвяточныя і святочныя дні многія фельетоны, артыкулы, і іншыя газетныя ды часопісныя матэрыялы пачынаюцца гэтымі словамі: “З Калядамі і Новым годам!!!”. Гучаць яны на розных мовах, ва ўсіх кутках планеты, у мностве краін. Людзі так вітаюць адзін другога, і персанальна, і агульна, укладваючы ў гэтыя словы пачуццё радасці і надзеі, дорачы іншым свае светлыя думкі і пажаданні, шчыра віншуючы з гэтым вялікім святам і гэтай вялікай падзеяй сваіх блізкіх, знаёмых, і нават незнаёмых людзей…
З гэтымі словамі праз блакітныя экраны звяртаюцца кіраўнікі краін, гэтыя словы гучаць на ўсіх тэлефонных лініях, перадаюцца па мэсэджарах, ляцяць электроннай поштай, лістамі, паштоўкамі…
Бяру чарговую паштоўку і пішу ўжо каторы раз гэтыя словы: “З Калядамі і Новым годам!!!”. А пасля пішу адрас: “Турма №…” А на наступным канверце пяро выводзіць: “Следчы ізалятар горада…”
Такая яна сённяшняя беларуская рэчаіснасць, што многія сябры і знаёмыя, якіх даўно і добра ведаеш як прыстойных, сумленных, чэсных, вартых і годных людзей сустрэнуць гэтыя святы за кратамі…
Пяро акуратна выводзіць прозвішчы адрасатаў. Паўлу Севярынцу, Вітольду Ашурку, Мікалаю Статкевічу…
Вядомыя прозвішчы. Яны не першы раз за кратамі. Маючы трывалыя перакананні, нязломную волю, вялікую любоў да сваёй радзімы, яснае бачанне яе беларускай будучыні, маючы мноства сіл, інтэлекту, энергіі і жадання дзейнічаць у імя сваёй краіны, яны на дадзены момант моцна абмежаваныя ў мажлівасцях актыўна і афіцыйна працаваць дзеля дабрабыту свайго народу і дзеля дасягнення сваіх мэт, мар, жаданняў…
Адчыняю незалежныя сайты і ўчытваюся ў спіс прозвішчаў, якія прызнаныя праваабаронцамі палітвязнямі. Іх так многа… Яшчэ дзень назад было крыху менш. Многа і было, але менш… І тыдзень назад было многа, але менш, чым дзень назад. Колькасць гэтых людзей расце. Здаецца, куды ўжо больш?! Але яна расце…
За чатыры месяцы паслявыбарчага супрацьстаяння былі заведзена дзясяткі тысяч адміністрацыйных спраў на ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, якія заканчваліся пакараннямі. Многія адсядзелі адміністратыўнае пакаранне па некалькі разоў, практычна не выходзячы на волю. Ёсць загінуўшыя… Заведзены сотні крымінальных спраў. І ўвесь час становяцца вядомыя ўсё новыя выпадкі…
Чытаючы прозвішчы ловіш сябе на думцы, што пераважную большасць гэтых людзей не ведаеш. І гэта не дзіва. Іх так многа, што ніхто не можа ведаць столькі людзей. Але трапляюцца і тыя, каго ведаеш даўно…
Адкладаеш пяро ў бок і ўспамінаеш гэтых людзей. Як яны там? Менавіта гэта зараз ёсць невядомым, як яны там? Усё астатняе вядомае. Такія думкі, кшталту “А за што іх арыштавалі?”, або “Што ім будзе”, ці іншыя падобныя, нават не наведваюць розум. Бо ўсё гэта ясна як белы дзень. Усё зразумела. І за што іх хапілі, і навошта трымаюць, і чым закончыцца суд, усё гэта зразумела, і ўжо вядома ўсім заранёў. Відавочна ўсім, як у Беларусі, так і за яе межамі. Як тым, каго затрымліваюць, так і тым, хто затрымлівае, як тым, каго судзяць, так і тым, хто судзіць…
Напрыканцы старога году, прынятае рабіць нейкія прагнозы на будучы год. Мінулым годам аніхто не спрагназаваў тых падзей, якія ў Беларусі адбыліся гэтым годам. Ніхто нават не наблізіўся ў сваіх прадказаннях да той рэчаіснасці, якая паўстала. З году ў год збываецца толькі адно прадказанне, якое прарочаць беларускія патрыёты – Беларусь будзе беларускай, бела-чырвона-белай, вольнай краінай. З году ў год беларускі народ набліжаецца да гэтага прароцтва. Таму і надалей можна з упэўненасцю прадказваць менавіта гэта. Будзе так. Тут толькі справа часу.
А пакуль што прыходзіцца ўкладваць паштоўку з віншаваннем: “З Калядамі і Новым годам!!!” у канверт з адрасам “Турма №…” Там багата людзей, для якіх гэтае свята ёсць важным, знакавым, лёсавызначальным…
Яно такім дорыцца для ўсіх людзей на свеце. Застаецца толькі прыняць яго такім, якім яно дорыцца. Светлым, чыстым, велічным… І задумацца пра сваю місію на гэтай зямлі, пра сваё жыццё… Бо гэта свята збаўлення і надзеі, свята чакання Цуду і самога Цуду, свята перамогі дабра над злом…
З Калядамі і Новым годам!!!
Віктар Сазонаў