…за вашае права гэта гаварыць…
Цягам году свае фельетоны я прысвячаў выключна сітуацыі ў Беларусі. І гэта не дзіўна. Менавіта тут, на Радзіме, разгортваліся падзеі важныя і лёсаносныя не толькі для будучыні Беларускага Народу, але і для ўсяго рэгіёну, і нават свету. У свеце ў гэты час таксама адбываліся важныя рэчы. Але, як кажа старадаўняя прымаўка, свая кашуля бліжэй да цела. Ды і калі мы, беларусы, самыя не зможам асвятліць нашы падзеі, даць ім аналіз і ацэнку, то хто іх зможа падаць больш аб’ектыўна, чым мы самы?!
Сітуацыя ў Беларусі і зараз не стала больш спакойнай, не стала больш лёгкай і прадказальнай. Але ў гэтым матэрыяле дазволю злёгку закрануць і іншы рэгіён свету. Прынамсі, не магу не сказаць хоць паўслоўца пра апошнія падзеі ў ЗША.
Справа ў тым, што ўсё, што адбываецца ў гэтай краіне, так ці інакш уплывае на ўвесь свет, у тым ліку і на Беларусь. У свой час менавіта Амерыка, як узор дэмакратыі і справядлівасці, натхняла праўдашукальнікаў па ўсім свеце. І ў нас змагары за праўду таксама бралі далёкую заакіянскую краіну за эталон будучай мадэлі для сваёй дзяржавы. Справядлівы суд, справядлівыя выбары, і безліч усяго іншага справядлівага прываблівала і надавала сілаў, прадстаўляла аргументы для апанентаў, якім не было чым біць гэтую карту.
Справядлівасць і Свабода… Мара і надзея справядлівых і свабодных духам… І галоўнае з усяго замацаванага заканадаўча дзеля дасягнення гэтай мары гэта знакамітая першая папраўка, якая апрача іншага гарантуе сваім грамадзянам Свабоду Слова і Друку.
Гэта першае, за што змагаюцца людзі ў таталітарных краінах. За права свабодна даносіць да грамадства сваю думку. А грамадства не дурное. Яно само разбярэцца, дзе лухта, дзе памылка, а дзе праўда… Можа не з першага разу, але набярэцца досведу і навучыцца аддзяляць хлусню ад ісціны. А без Свабоды Слова не навучыцца ніколі. І тады больш ужо не зведае Праўды, а будзе жыць пад навалай прапаганды і хлусні.
Больш аб’ёмна разуменне Свабоды Слова расшыфраванае ў знакамітай фразе: “Я не згодны з аніводным словам, якое вы гаворыце, але гатовы аддаць жыццё за вашае права гэта гаварыць”. На гэтай фразе будавалася доўгія вякі разуменне таго, што ёсць Свабода Слова. Дзякуючы гэтаму разуменню ў свабодным і дэмакратычным свеце стала мажлівым існаванне незалежнай журналістыкі і незалежных СМІ.
І вось некаторыя з іх, стаўшы на ногі і разбагацеўшы, дзякуючы гэтай Свабодзе, вырашылі абмежаваць тую Свабоду для іншых. Прычына была знойдзена важная. Прычыны заўсёды важныя. Іншых не бывае ніколі.
Цэнзура была ўведзеная на словы дэмакратычна абранага большасцю насельніцтва дзеючага на той момант прэзідэнта ЗША… Некаторыя сацыяльныя сеткі ўвогуле заблакавалі яго акаўнты назаўсёды…
Мы не будзем зараз разглядаць постаць прэзідэнта і аналізаваць яго словы. Мы не будзем зараз разважаць над тым, чаму акаўнты некаторых іншых кіраўнікоў краін, у тым ліку і таталітарных, у тым ліку і тых, якія не сказалі ў сваім жыцці ані слова праўды і заўсёды вырыгвалі нянавісць, не падвяргаліся такім ударам… Не. Мы нават не будзем высвятляць, чаму гэта не суд, і нават не Кангрэс, і не Сенат, а нейкі адміністратар вырашыў, што народ дурны, і сам не можа разабрацца ў пададзенай інфармацыі. І таму ён, разумны, для дурнога народа ўводзіць цэнзуру.
Якая знявага для Вялікага Народа, якая засталася незаўважанай палітычнымі пераможцамі…
Зрэшты, вернецца гэта і да іх. Бо ўжо пасля гэтага стала не важна, хто там прэзідэнт. Яго заўсёды цяпер без рашэння суда могуць заблакаваць важнейшыя за яго людзі. Манапалізацыя інфармацыі заўсёды прыводзіла да маніпуляцыі розумамі. Нездарма бальшавікі пры сваім перавароце галоўным лічылі захоп “пошты, тэлефона і тэлеграфа”…
Ну а ў Беларусі за Слова людзі патрапляюць на лаўку падсудных. Нешта не тое напісаў у сацыяльных сетках, некага гэтым нібыта абразіў з службовых асоб, і ўжо жорсткі прысуд. Але змаганне за Свабоду Слова працягваецца. Толькі вось якую дзеля станоўчага прыкладу можна ўзяць мадэль?
Напэўна трэба вяртацца ў мінулае, да фразы, “Я не згодны з аніводным словам, якое вы гаворыце, але гатовы аддаць жыццё за вашае права гэта гаварыць”, і пачынаць усё ад пачатку.
Віктар Сазонаў