Запавет зубра
Ну вось! Нарэшце мы пачулі, на якой мове размаўляе беларускі зубр.
Ну мы то і так ведалі. Па-беларуску ён гаворыць, як жа яшчэ, але зараз пачулі тое на свае вушы.
Зубр загаварыў. Маўчаў вякамі. Маўчаў як княжае імклівае паляванне па Пушчы не шкадавала яго продкаў. Маўчаў як царскія паляўнічыя раскладвалі ў шэраг пушчанскія трафеі, і дзеля забавы фатаграфаваліся з забітымі ляснымі волатамі. Нічога не сказаў, як быў загад ў Першую сусветную вайну пабольш настраляць лясной жыўнасці каб пракарміць войска. І ў Другую сусветную не абмовіўся і гукам, як людзі шукалі ў Пушчы харчаванне, каб не памерлі іх дзеткі з голаду…
Нават тады, калі высокапастаўленыя бракан’еры стралялі апошніх белавежскіх зуброў, і тады маўчаў…
А як людзі апамяталіся, і від белавежскага зубра, цара Пушчы, пачалі усяляк падтрымліваць, каб той від аднавіўся, і тады не спяшаўся загаварыць. Не падзякаваў людзям! Нават кіўком галавы не падзякаваў.
А за што ім дзякаваць? Самыя падумайце…
Здавалася, ужо ніколі не загаворыць!
А вось тут загаварыў. У Мінску, на закрыцці Еўрапейскіх гульняў. Загаварыў па-беларуску!
“Я быў тут адвеку. Я бачыў, як адступае мора і растаюць ледавікі. Я бачыў, як кволы парастак робіцца магутным дрэвам. Я голас гэтай зямлі. Я – яе моц, яе душа. Мой дружа, памятай сваю гісторыю. Без мінулага няма будучыні. Гэта твой час. Я – Беларус! Мы – Беларусы!”, — сказаў беларускі зубр.
У перадапошняй і апошняй фразах націск быў зроблены на абодва словы. І на словы “Я” і “Мы”, і на слова “Беларус” і “Беларусы”.
Зразумела, што зубр быў сімвалічны, зроблены чалавекам як дэкарацыя для ўрачыстасцяў. Але дэкарацыі дэкарацыям розніца. Усялякіх дэкарацый хапае ў сучаснай Беларусі. І з партрэтамі Сталіна ездзяць, і кветкі гармаце ўскладаюць, і георгіеўскую стужку каб пачапілі на машыны людзям раздаюць задарма. Праўда ўсё радзей раздаюць, бо ахвочых чапляць тыя стужкі значна паменшала. Але часамі ўгаворваюць. І ўсё з падачы, або адабрэння ўлады.
А тут зубр, які загаварыў па-беларуску… Вось гэта дэкарацыя! Усім дэкарацыям дэкарацыя! Гэта як казырным тузам пабіць неказырную шасцёрку.
Цікавы паварот. Відаць сённяшняя беларуская ўлада сапраўды напалохалася нечага. Хіба што насамрэч нарэшце ўсур’ёз успрыняла мажлівасць пагрозы з усходу, і стала шукаць рэгіянальныя адметнасці ў адзінай саюзнай дзяржаве…
Ну трэба ж ратавацца неяк. Бо пагроза для незалежнасці краіны нейкім чынам па іроніі лёсу супала з пагрозай і для іх самых!
Цікавае ў жыцця пачуццё гумару, праўда! Ох якое цікавае! А што яно яшчэ прыдумае, тое пачуццё гумару?! Якая сатыра акажацца самай трапнай?!
Думаю і на Усходзе пачулі гэты пасыл ад беларускага зубра. Пачулі, што ён, пушчанскі волат, беларускі зубр, што ён беларус. І што мы беларусы. І на Захадзе хіба пачулі. І ў Беларусі пачулі. Прычым на роднай мове. Па-беларуску. Па-нашаму!
Праўда, больш нічога такога па нашаму ўжо не пачулі. Праз некалькі дзён на ваенным парадзе ў Мінску ўсе загады аддаваў ужо не зубр, і не па-беларуску. Загады людзям у вайсковай форме і з зброяй у руках аддаваліся па-руску. І тэледыктар на мове нашых усходніх суседзяў тлумачыў, хто там маршыруе па шырокай вуліцы беларускай сталіцы, як маршыруе, і чаго маршыруе.
А там хто толькі не маршыраваў. І казахі, і армяне, і узбекі… Многа розных было. Роўнымі шэрагамі, услед за беларускімі вайскоўцамі, прайшліся парадным маршам… Дыктар на тэлебачанні патлумачыў (бо нешта ж трэба было патлумачыць), што гэта ўсё салдаты тых краін, якія ў цяжкія часы ліхалецця дапамагалі нам разам разбіць лютага ворага ў гады Другой сусветнай вайны і здабыць перамогу. А як па вуліцы Мінска вайсковым маршам пайшлі кітайцы, дасведчаны дыктар не стаў асабліва шукаць для іх другой версіі кітайскага ўдзелу ў беларускім вайсковым парадзе. І тая версія нармальна.
Замыкалі парад, вядома ж, бравыя хлопцы з славутай Канцеміраўскай дывізіі войск Расейскай Федэрацыі…
Зубра на парадзе не было. А навошта? Ён усё сказаў. Дадаць больш няма чаго. Ды і не трэба. Галоўнае, каб тое што ён сказаў пачулі ўсе. Думаю, усе і пачулі.
Віктар Сазонаў