Форум прадпрымальнікаў у Менску (абноўлена)
У Менску завершыўся форум прадпрымальнікаў з удзелам амаль трох тысяч чалавек. Па яго выніках прадстаўнік Міністэрства эканомікі Пётар Арушанянц паведаміў, што лідар прадпрымальніцкай арганізацыі «Перспектыва» Анатоль Шумчанка прыняты ў грамадска-кансультацыйную раду Мінэканомікі па пытаннях, звязаных з указам № 222.
Сам Шумчанка выступіў з ініцыятывай папрасіць расейскую амбасаду паспрыяць сустрэчы «Перспектывы» з расейскімі прадпрымальнікамі. Удзельнікі форуму абвясцілі, што будуць ладзіць мітынг 15 лютага ў Менску. Наступны ж форум адбудзецца 29-га лютага.
* * *
На форум прадпрымальнікаў сабралася, паводле ўдакладненых звестак, каля трох тысяч прадстаўнікоў дробнага бізнесу з усёй Беларусі. Канферэнц-зала гатэля „Пекін” нават не ўмясціла ўсіх жадаючых. Людзі стаялі ў файе.
Паводле намесніка старшыні „Перспектывы” Вячаслава Піліпука, ўлады па-ранейшаму не чуюць голасу прадпрымальнікаў:
– Тыя стыхійныя сходы, якія адбыліся ля адміністрацый і выканкамаў гарадоў, дзе былі агучаны прапановы ІП, не атрымалі зваротнай сувязі. Людзі не ведаюць, што думаюць пра гэтую сітуацыю ўлады. Улада лічыць, што людзі сабраліся, пару выпусцілі, і гэтага дастаткова. Гэта адказ на тое, калі людзі чарговы раз прыходзяць да выканкамаў, як гэта было ў Гомелі і іншых гарадах.
“Такімі дзеяннямі ўлада штурхае людзей на Плошчу”, – лічыць Вячаслаў Піліпук. Таму яшчэ 29-га студзеня прадстаўнікі грамадскага аб’яднання „Перспектыва” падалі заяўку на правядзенне вялікага мітынгу ў Менску на плошчы Бангалор. Яго правядзенне запланавана на 15-га лютага.
Таксама на форуме прынята рашэнне пачаць збор 50 тысяч подпісаў, каб вылучыць варыянт закону аб малым і сярэднім бізнесе наўпрост у Палату прадстаўнікоў. І трэцім крокам будзе пачатак збору 450 тысяч подпісаў за арганізацыю народнага рэферэндума, на які плануецца вынесці пытанні, якія тычацца ўмоваў існавання бізнесу ў Беларусі.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
* * *
Наша асноўнае патрабаванне — перамовы з прэзідэнтам. Такая заява прагучала з вуснаў лідара грамадскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоля Шумчанкі ў час форума прадпрымальнікаў, які праходзіць у Менску.
«У нас асноўнае патрабаванне — перамовы з прэзідэнтам для таго, каб ацаніць аб’ектыўна сітуацыю і прыняць пэўныя рашэнні, якія дазволяць зняць праблему», – заявіў прадпрымальніцкі лідар.
Таксама ІП звяртаюцца да парламента, каб той прыняў заканадаўчыя змены на іх карысць:
– Калі парламент не вырашыць праблемы грамадзян, якія звярнуліся да яго карыстаючыся сваім канстытуцыйным правам, мы будзем вымушаны звярнуцца да іншага артыкула Канстытуцыі – арт.74 Канстытуцыі прадугледжвае прызначэнне рэспубліканскага рэферэндума па прапанове не менш чым 450 тыс грамадзян. На ім мы зможам звярнуцца наўпрост да народа з канкрэтным пытаннем, якое вырашыць нашыя праблемы. А пытанне сёння адно – даць магчымасць працаваць тым, хто хоча і можа гэта рабіць з карысцю для дзяржавы.
Таксама прадпрымальнікі плануюць правесці мітынг. Яго правядзенне запланаванае на плошчы Бангалор у Менску 15-га лютага. Адпаведная заяўку падалі сталічным уладам.
Фота: БелаПАН
* * *
Прадпрымальнікі маюць намер распрацаваць ды ўнесці ў парламент законапраект аб малым бізнесе. Пра гэта паведаміў старшыня грамадскага аб’яднання “Перспектыва” Анатоль Шумчанка, выступаючы на форуме прадпрымальнікаў у менскім гатэлі “Пекін”.
Зараз у Менску і рэгіёнах пачалося фарміраванне ініцыятыўных групаў па зборы 50-ці тысяч подпісаў, якія неабходныя, каб унесці законапраект на разгляд у парламент. Найперш прадпрымальнікі патрабуюць адмяніць указ №222, які ўводзіць сертыфікацыю тавараў лёгкай прамысловасці.
У форуме бяруць удзел больш за паўтары тысячы ІП, прадстаўнікі ўрада і замежныя дыпламаты.
Індывідуальныя прадпрымальнікі з усіх рэгіёнаў Беларусі cабраліся на чарговы форум, які праходзіць у менскім гатэлі “Пекін”. Яго арганізатарам традыцыйна выступае рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Перспектыва”.
Форум прысвечаны ўзаемадачыненням ІП і дзяржавы, а таксама ролі, значэнню і прапановам малога бізнесу ў святле эканамічнай сітуацыі, якая склалася. Папярэдні форум прадпрымальнікаў прайшоў 11-га студзеня ў гатэлі “Беларусь”. Наступны планавалі правесці 25-га студзеня, аднак ён не адбыўся, паколькі арганізатарам адмаўлялі ў прадастаўленні памяшкання. З новага года большасць рэчавых рынкаў краіны стаяць пустыя, гандляры не могуць выканаць патрабаванне пра абавязковую сертыфікацыю тавараў.
* * * У панядзелак 1 лютага некалькі соцень індывідуальных прадпрымальнікаў збяруцца ў менскім гатэлі «Пекін», каб абмеркаваць сітуацыю, у якой яны апынуліся пасля ўступлення ў сілу ўказа № 222, і планы далейшых дзеянняў.
Форум праводзіць грамадскае абʼяднанне «Перспектыва». Па словах краўніка аб’яднання Анатоля Шумчанкі, запрашэнні атрымалі ўсе зацікаўленыя ведамствы краіны. Калі ж улады спробу дыялогу праігнаруюць, прадпрымальнікі абяцаюць выставіць ужо больш радыкальныя патрабаванні:
– Мы разлічваем на тое, што гэтае мерапрыемства наведаюць не толькі прадпрымальнікі, але і чыноўнікі, а таксама прадстаўнікі замежных амбасадаў.
У прыватнасці, паабяцалі наведаць форум прадпрымальнікаў пасол Нямеччыны Петэр Дэтмар, а таксама першы сакратар посольства ЗША Моніка Блэнд. Раней свой удзел ў мерапрыемстве пацвердзілі ў пасольстве Францыі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота і відэа: svaboda.org