1 траўня на 6,5% падвышаюцца працоўныя пенсіі
Указ „Аб падвышэнні пенсій” падпісаў 23 красавіка Аляксандр Лукашэнка.
Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта, пераразлік працоўных пенсій будзе праведзены з 1 траўня ў сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы работнікаў. „Фактычны заробак пенсіянераў будзе скарэкціраваны зыходзячы з сярэдняй зарплаты па краіне, прымененай пры папярэднім пераразліку пенсій, з павышэннем яе велічыні на 6,5%”, — адзначаецца ў рэлізе.
Фінансаванне расходаў на рэалізацыю ўказа будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.
Лукашэнка, выступаючы 19 красавіка са штогадовым пасланнем народу і парламенту, даручыў падрыхтаваць рашэнне аб павышэнні пенсій сёлета. Ён нагадаў, што ў 2018-м пенсія павышалася двойчы. „Яе рост павінен быць і ў гэтым годзе. Даручаю ўраду, не адкладваючы, падрыхтаваць праекты неабходных рашэнняў. Сацыяльна гарантаваны ўзровень суадносін пенсіі па ўзросце і сярэдняй заработнай платы павінен імкнуцца да 50%, але не ніжэй за 40%, як гэта прынята ва ўсім свеце”, — сказаў афіцыйныя лідар.
Пры гэтым ён адзначыў, што пенсіянеры часам сыходзяць на пенсію „ў добрым здароўі з актыўнай творчай працы”. „Трэба даць ім магчымасць працаваць. Няхай працуюць. Таленавітыя, здольныя людзі, законапаслухмяныя. Чалавек да 75 гадоў і нават 80 у здаровым розуме і можа нядрэнна працаваць. Трэба стварыць ім умовы, і менш будзе скаргаў”, — лічыць Лукашэнка.
У лютым 2019 года ў параўнанні са студзенем рэальны памер пенсій (з улікам інфляцыі) знізіўся на 1,1%, за апошнія 12 месяцаў — вырас на 14,2%, сведчаць дадзеныя Белстата.
Сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў лютым вырас на 2 капейкі і склаў 393,5 рубля.
У органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне ў лютым 2019 года на ўліку стаяла 2 млн 557,5 тыс. пенсіянераў, сярэдні памер прызначаных ім пенсій склаў 381,8 рубля (+6 капеек), што ў 2,3 разу перавысіла афіцыйны бюджэт пражытковага мінімуму для гэтай катэгорыі насельніцтва і роўнае 39,1% сярэдняй зарплаты.
Сярэдні памер пенсіі па інваліднасці склаў 348,1 рубля (+1,8 рубля да ўзроўню студзеня), па прычыне страты карміцеля — 262,5 рубля (+2,9), сацыяльнай пенсіі — 201,2 рубля (+2,5) .
Фота belmarket.by