500 дзён урада Кабякова



10 траўня спаўняецца 500 дзён з дня прызначэння цяперашняга складу беларускага ўрада, які ўзначальвае Андрэй Кабякоў. За гэты перыяд эканамічным уладам удалося запаволіць інфляцыю, скараціць знешнія і ўнутраныя дысбалансы. З іншага боку, не дасягнутныя многія дырэктыўныя прагнозныя паказчыкі, што можа стаць падставай для адстаўкі ўрада. Пра гэта казаў кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка. З якімі вынікамі прыйшоў беларускі ўрад да 500-дзённага тэрміну, кажа эканаміст Леанід Заіка, ён жа і дае ацэнку эканамічным уладам.

– У Беларусі ўпаў экспарт, упала паступленне валюты, упаў таксама попыт. Прадпрыемствы ўжо не бяруць шмат крэдытаў, змяншаецца актыўнасць рублёвай масы. Насельніцтва з 600 даляраў скокнула ўніз да 300 даляраў. Такім чынам у два разы зменшыліся даходы. Гэта таксама знізіла спажывецкі патэнцыял. Самае галоўнае рашэнне, якое было прынятае, – пра дэнамінацыю. Таму, Нацбанк – 8 балаў па 10-бальнай сістэме. Урад – 5-6. На жаль, урад не цягне, аказаўся гаваркім, але не канструктыўным.

Урад Андрэя Кабякова быў прызначаны ў канцы 2014 года, калі адбывалася чарговая дэвальвацыя беларускага рубля. У спадчыну ад мінулага ўрада каманда Кабякова атрымала не толькі слабы рубель, але і высокую інфляцыю. Новы склад урада перайшоў на жорсткую бюджэтна-падатковую і грашова-крэдытную палітыку. Нягледзячы на ​​дэвальвацыю беларускага рубля, які апошнія паўтара года хутка слабеў услед за расейскай валютай, інфляцыю летась удалося ўтрымаць на ўзроўні 12%.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя