14 красавіка зноў вырастуць цэны на аўтамабільнае паліва



 Дзяржаўны канцэрн „Белнафтахім” паведаміў пра чарговае падвышэнне цэн на аўтамабільнае паліва, якое адбудзецца 14 красавіка.

„Па стане на 12 красавіка павялічыўся разрыў паміж рэзкім ростам кошту нафты і паступальным змяненнем цэн на аўтамабільнае паліва на АЗС Беларусі. З пачатку 2019 года кошт расейскай нафты, якая пастаўляецца на беларускія НПЗ, вырасла на 19,5%, а рознічныя цэны на маторнае паліва — у сярэднім на 4,5%, што памяншае кампенсацыю затрат НПЗ на набыццё сыравіны ў параўнанні з папярэднім узроўнем рознічных цэн на маторнае паліва”, — гаворыцца ў паведамленні канцэрна.

„У гэтых умовах у адпаведнасці з прынятай канцэрнам палітыкай стрымлівання цэн на аўтамабільнае паліва рознічныя цэны на АЗС з 14 красавіка павялічваюцца на 1 капейку”, — дапоўнілі ў „Белнафтахіме”.

Цана бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1,51 рубля, АІ-95-К5-Еўра — 1,62 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 1,83 рубля, ДТ — 1,62 рубля.

Гэта ўжо восьмае падаражанне паліва ў Беларусі з пачатку года. Апошні раз кошт паліва павялічыўся 7 красавіка — таксама на адну капейку.

„Белнафтахім” мае намер прытрымлівацца дзеючай стратэгіі падвышэння цэн на аўтамабільнае паліва, паведаміў намеснік старшыні канцэрна Уладзімір Сізоў 8 красавіка ў Менску на міжнароднай канферэнцыі „Нафтагазавыя рынкі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы”.

„Канцэрн працягвае палітыку і стратэгію па змяненні цэн, якая была раней пазначаная, мы не робім рэзкіх рухаў. Нягледзячы на тое, што кошт сыравіны з пачатку года вырас амаль на 18%, змяненне цаны для спажыўца склала ў раёне 4%. Мы эвалюцыйна спрабуем падцягвацца за тымі змяненнямі, якія адбываюцца на рынку, не дапускаючы рэзкага ўдару па спажыўцу”, — падкрэсліў Сізоў.

БелаПАН