14 снежня ў Менску пройдзе форум прадпрымальнікаў



Прадстаўнікі дробнага бізнесу Гарадзеншчыны маюць намер прыняць удзел у форуме прадпрымальнікаў, правядзенне якога запланаванае на 14 снежня ў Менску па ініцыятыве грамадскага аб’яднання «Перспектыва». Працоўная назва форума: «Будучыня прадпрымальнікаў з 1 студзеня 2016 года: наступствы, рызыкі і прапановы».

Гарадзенскія прадпрымальнікі, як і іх калегі з іншых рэгіёнаў, маюць намер патрабаваць ад уладаў адмены новаўводзінаў у заканадаўства, якія прыпыняюць іх дзейнасць.

На думку былога палітвязня, прадпрымальніка з Ваўкавыска Мікалая Аўтуховіча, патрабаванні прадпрымальнікаў цалкам абгрунтаваныя, асабліва, калі ўлічваць у якой эканамічнай сітуацыі апынуліся дробныя бізнесоўцы.

— Гэта і абурае. Эканамічная сітуацыя вельмі цяжкая і людзі перабіваюцца з капейкі на капейку. Кожны дзесьці камусьці павінен: то дзяржаве, то крэдыт трэба заплаціць.

Сярод прапановаў прадпрымальнікаў да ўладаў – прыпыненне Указа №222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў», а таксама адмена пастановы Савета міністраў №666, якая прадугледжвае правядзенне дзяржаўнай санітарна–гігіенічнай экспертызы тавараў замежнай вытворчасці.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня