2 чэрвеня аўтамабільнае паліва падаражае 15-ты раз з пачатку года



Канцэрн „Белнафтахім” абвясціў аб 15-м сёлета падаражанні аўтамабільнага паліва на 1 капейку.

„З улікам маніторынгу сітуацыі на рынку нафты і сумежных рынках нафтапрадуктаў, а таксама эканамічнага стану НПЗ, канцэрнам прынятае рашэнне аб працягу цэнавай стратэгіі, якая прадугледжвае штотыднёвую змену цэн на 1 капейку”, — гаворыцца ў паведамленні.

З 2 чэрвеня кошт бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1,85 рубля за літр, АІ-95-К5-Еўра — 1,95 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 2,17 рубля, ДТ — 1,95 рубля.

Як тлумачыць канцэрн, у траўні „працягваўся ўзыходны трэнд сусветных каціровак нафты да 68,7 даляра ЗША за 1 бараль”.

З пачатку года з улікам знешніх фактараў кошт нафты для беларускіх НПЗ павялічыўся на 25,4% (да ўзроўню студзеня 2021 года), цэны на маторнае паліва — на 7,6%.

Згодна з звесткамі „Белнафтахіма”, у сумежных дзяржавах таксама адзначаецца павышэнне цэн на маторнае паліва: у Прыбалтыцы — на 13—18%, Польшчы — на 16%, Украіне — на 10—15%.

belapan.by