3-га ліпеня разгледзяць заяўку Беларусі на крэдыт з Еўразійскага фонду



Заяўка Беларусі на атрыманне новага крэдыту ў Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця можа быць разгледжана 3-га ліпеня. На гэты дзень запланавана чарговае паседжанне Рады фонду.

З заяўкай на атрыманне новага крэдыту Беларусь звярнулася ў Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС у сакавіку.

Як паведамлялася раней, у другой палове траўня Менск наведалі эканамісты праектнай групы фонду. Яны правялі перамовы з беларускімі ўладамі аб новай крэдытнай праграме.

Як адзначае кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка, ёсць вялікая верагоднасць, што Беларусь атрымае пазыку, бо яе эканоміка моцна завязана на Расеі:

– Дэвальвацыя расейскага рубля зрабіла сваю справу. І цяпер можна казаць так: “Мы ад вас залежныя, мы вымушаныя таксама дэвальваваць. Наша прадукцыя робіцца не канкурэнтнай, таму давайце нам гэтыя грошы з ЕўрАзЭСу.

Па выніках візіту ў Менск Еўразійскі банк развіцця, які выступае кіраўніком сродкамі фонду, апублікаваў паведамленне, у якім гаварылася, што заяўка Беларусі на атрыманне новага крэдыту можа быць разгледжана ў канцы першага паўгоддзя бягучага году.

Пры гэтым эксперты фонду, якія наведалі Менск, рэкамендавалі беларускім уладам „як мага хутчэй” ажыццявіць пераход да акупляльных тарыфаў на платныя паслугі для насельніцтва.

 Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя