500 станцый для зарадкі электрамабіляў



Да канца чэрвеня праектны інстытут „Мінскграда” перадасць Мінгарвыканкаму распрацаваную ім схему аптымальных месцаў размяшчэння да 500 станцый для зарадкі электрамабіляў, паведаміў на прэс-канферэнцыі 11 чэрвеня галоўны архітэктар праектаў архітэктурна-планіровачнай майстэрні „Мінскграда” Антон Шаўцоў.

Паводле яго слоў, схема распрацоўваецца на замову камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама. Праца вядзецца ў два этапы. У снежні 2018 года „Мінскграда” перадаў замоўцу першую чаргу праектавання, якая прадугледжвае прыблізна 200 месцаў для ўстаноўкі зарадных станцый. З улікам другой чаргі праектавання, якая цяпер завяршаецца, колькасць аптымальных месцаў для ўстаноўкі гэтых станцый павялічыцца прыкладна ў 2,5 разу.

„Адразу хачу сказаць, што гэта не значыць, што ўсе яны павінны быць рэалізаваныя. Мы толькі прадугледжваем аптымальныя пляцоўкі, дзе могуць з’явіцца гэтыя аб’екты ў тым ці іншым складзе, а ўжо неабходнасць размяшчэння ў канкрэтным месцы павінна быць прадыктаваная попытам”, — падкрэсліў Шаўцоў.

Прадстаўнік „Мінскграда” адзначыў, што пры распрацоўцы схемы праектны інстытут прадугледжваў магчымасць ўстаноўкі ўсіх хадавых класіфікацый зарадных станцый — ад Mode 1 да Mode 4, якія адрозніваюцца магутнасцю, што непасрэдна ўплывае на хуткасць зарадкі батарэі электрамабіля.

„Самыя неабходныя і асноўныя для інфраструктуры электразаряднай сеткі — аб’екты з зараднымі модулямі Mode 3 і Mode 4, якія забяспечваюць зарадку да 80% ёмістасці акумулятарнай батарэі за 6—8 гадзін для Mode 3 і за 1—3 гадзіны — для Mode 4, — паведаміў ён. — Лічбы адрозніваюцца, таму што цяпер у электрамабілях выкарыстоўваюцца розныя батарэі. Мы спрабуем прадугледзець найбольш аптымальны варыянт для таго, каб усім карыстальнікам транспарту без рухавіка ўнутранага згарання было зручна і хутка выкарыстоўваць гэтую інфраструктуру”.

Паводле слоў Шаўцова, у першую чаргу інстытут прадугледзеў размяшчэнне станцый на аб’ектах транспартнай інфраструктуры, а зараз заканчвае падбіраць найбольш аптымальныя пляцоўкі на ўжо існых аб’ектах — у буйных гандлёвых цэнтрах, шматузроўневых паркінгах пры офісных комплексах.

Акрамя грамадскіх месцаў, інстытут прадугледзеў месцы для размяшчэння электразарадных станцый у спальных раёнах сталіцы. Менчанам, якія жадаюць усталяваць у сваім двары зарадную станцыю, ён параіў звяртацца ў адміністрацыю раёна. „Я думаю, наш замоўца — камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама — перадасць адміністрацыям раёнаў у тым ці іншым выглядзе схемы, якія мы распрацоўваем. Яны будуць у курсе аб месцах магчымага размяшчэння”, — сказаў прадстаўнік „Мінскграда”.

Праграма стварэння дзяржаўнай зараднай сеткі для электрамабіляў зацверджаная пастановай Савета міністраў ад 10 кастрычніка 2018 года. Яна прадугледжвае стварэнне да 2030 года 1.304 электразарядных станцый, у тым ліку 1.224 — у населеных пунктах, 80 — на ўсіх асноўных аўтамагістралях, з адлегласцю паміж двума найбліжэйшымі станцыямі 50—70 км. Мяркуецца ўсталяваць 25 суперхуткіх электразарадных комплексаў у гарадах абласнога падпарадкавання і Менска, а таксама на асноўных аўтамагістралях з адлегласцю паміж двума найбліжэйшымі станцыямі 120—150 км.

На першым этапе рэалізацыі праграмы (да 2021 года ўключна) мяркуецца размясціць 431 станцыю ў Менску, найбольш прыярытэтных месцах абласных цэнтраў і на аўтадарогах катэгорый М і М/Е. Другі этап будзе ажыццяўляцца ў 2022—2025 гадах пры ўмове павелічэння колькасці электрамабільнага транспарту ў Беларусі да больш як 10 тыс. адзінак. Рэалізацыя трэцяга этапу запланаваная на 2026—2030 гады пры павелічэнні колькасці электрамабільнага транспарту да больш як 25 тыс. адзінак.

Функцыі па стварэнні і развіцці дзяржаўнай зараднай сеткі для аўтамабіляў ажыццяўляе дзяржаўны аператар — РУП „Вытворчае аб’яднанне „Беларуснафта”. Фінансаванне праграмы прадугледжанае за кошт уласных сродкаў дзяржаўнага аператара.

belapan.by