6 млн еўра на падтрымку малога бізнесу ў Беларусі
Еўрапейскі звяз выдзеліць Еўрапейскаму банку рэканструкцыі і развіцця 6 млн еўра на падтрымку малога і сярэдняга бізнесу ў Беларусі. Адпаведнае пагадненне паміж ЕЗ і ЕБРР падпісанае 13 верасня ў Міністэрстве эканомікі ў Менску.
Як паведамілі БелаПАН у прадстаўніцтве ЕБРР, выдзяленне гэтых сродкаў надасць новы імпульс праграме „Кансультацыі для малога бізнесу” ЕБРР (ASB) у Беларусі. Больш за 200 мясцовых малых і сярэдніх прадпрыемстваў змогуць скарыстацца экспертнымі кансультацыямі і ноу-хау, прапанаванымі праграмай. Асаблівая ўвага будзе нададзеная кампаніям за межамі сталіцы і абласных цэнтраў. Чакаецца таксама, што новыя сродкі дазволяць ЕБРР працаваць з асобнымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі для садзейнічання іх рэструктурызацыі і магчымай прыватызацыі.
Адзначаецца, што падтрымка ЕЗ, якая ажыццяўляецца ў межах ініцыятывы EU4Business, атрымала поўную ўхвалу кіраўніцтва Беларусі. „ЕЗ з’яўляецца найбуйнейшым акцыянерам ЕБРР, і мы цалкам давяраем нашым партнёрам з банка ў рэалізацыі новай праграмы”, — адзначыла кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Андрэа Віктарын, каментуючы выдзяленне 6 млн еўра на падтрымку малога бізнесу.
У сваю чаргу прэзідэнт ЕБРР Сума Чакрабарці, які знаходзіцца з візітам у Мінску, заявіў: „Мы хацелі б падзякаваць ЕЗ за даванне гэтых рэсурсаў. Дзякуючы гэтаму будзе аказаная падтрымка многім беларускім прыватным прадпрыемствам, якія адыгрываюць усё больш важную ролю ў мясцовай эканоміцы”.
Новая праграма „Кансультацыі для малога бізнесу” будзе абапірацца на шырокі вопыт ЕБРР у пытаннях аказання кансультацыйных паслуг пры ўдзеле мясцовых кансультантаў або міжнародных галіновых экспертаў і фінансавання ў Беларусі з моманту пачатку яе працы ў 2012 годзе. За перыяд з 2012 па 2016 гады ў межах праграмы падтрыманыя больш як 250 суб’ектаў МСП, што дапамагло гэтым прадпрыемствам стварыць звыш 1.500 новых працоўных месцаў і павялічыць выручку ў сярэднім на 63%.
З пачатку сваёй дзейнасці ў Беларусі ў 1992 годзе ЕБРР інвеставаў амаль 1,9 млрд еўра ў 90 праектаў у розных сектарах эканомікі краіны.