80 тысяч тон няякаснай нафты вярнулі ў РФ



 Няякасную расейскую нафту пачалі транспартаваць з Беларусі назад у Расею, паведамляе канцэрн „Белнафтахім”.

„Беларускі аператар магістральнага нафтаправода ААТ „Гомельтранснафта Дружба” ў цесным кантакце з расейскім АТ „Транснефць — Дружба” (Бранск) працуе над выкананнем этапаў дарожнай карты мерапрыемстваў па замяшчэнні на тэрыторыі Беларусі нафты неналежнай якасці. Распрацаваныя і ўзгодненыя тэхналагічныя рэгламенты і іншыя дакументы, якія патрабуюцца для арганізацыі рэверснага транспартавання нафты з беларускай тэрыторыі. З 24 мая 2019 г. у другой ветцы трубаправода ў кірунку расійскай лінейнай вытворча-дыспетчарскай станцыі (ЛВДС) „Унеча” пачалося транспартаванне забруджанай нафты, назапашанай у рэзервуарах ЛВДС „Мазыр” пасля першага этапу яе выцяснення”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе на сайце канцэрна.

Па стане на 00.00 27 траўня ў Расею адпраўлена больш за 80 тысяч тон нафты.

„Транспартаванне чыстай нафты ў напрамку ААТ „Мазырскі НПЗ” і ва ўкраінскім напрамку вядзецца ў планавым рэжыме згодна з графікамі прапампоўкі, — паведамляе „Белнафтахім”. — ААТ „Мазырскі НПЗ” забяспечвае перапрацоўку нафты, якая адпавядае стандарту па якасці, з планавай вытворчай загрузкай. Вядзецца строгі кантроль якасці на кожным этапе выпуску таварнай прадукцыі, а таксама жорсткі кантроль уваходнай нафтавай сыравіны”.

Што да другога беларускага НПЗ — наваполацкага ААТ „Нафтан”, то ён „працуе на зніжанай загрузцы, перапрацоўваючы нафту, якая паступае па нафтаправодзе Сургут — Полацк і мае стандартныя паказчыкі якасці”, адзначае канцэрн.

Забруджаная хлорарганікай сыравіна пачала паступаць па трубаправодзе „Дружба” ў Беларусь у красавіку. З-за няякаснай расейскай нафты на Мазырскім НПЗ выйшла са строю дарагое абсталяванне. Неўзабаве транзіт нафты ў Еўропу па трубаправодзе „Дружба” быў спынены цалкам. Пастаўкі чыстай нафты на тэрыторыю Беларусі аднавіліся ў пачатку траўня.

24 траўня паводле вынікаў перамоў з расейскім прэм’ер-міністрам Дзмітрыем Мядзведзевым беларускі прэм’ер Сяргей Румас паведаміў, што намеснікі старшыняў урадаў дзвюх краін падпісалі дарожную карту, якой „урэгуляваныя ўсе захады па вырашэнні гэтага пытання”. „Мы чакаем, што літаральна з панядзелка-аўторка пачнецца выцясненне некандыцыйнай нафты ў бок Расейскай Федэрацыі. Такім чынам, вызваліцца пуцеправод у бок Заходняй Еўропы”, — сказаў Румас.

Ён падкрэсліў, што абодва бакі зацікаўленыя „як мага хутчэй пачаць прапампоўку добрай нафты ў бок Заходняй Еўропы”.

Перамовы аб кампенсацыі шкоды працягваюцца. Бакі стварылі працоўную групу па ацэнцы шкоды і вызначэнні спосабаў кампенсацыі.

belapan.by