90% насельніцтва не чакаюць хуткага аднаўлення эканомікі



Эканамічныя чаканні насельніцтва застаюцца негатыўнымі, сведчаць вынікі чэрвеньскага апытання, праведзенага Беларускім эканамічным даследча-адукацыйным цэнтрам (BEROC) у партнёрстве з кампаніяй SATIO.

Беларускія ўлады чакаюць аднаўлення эканомікі ў другой палове года (у студзені—маі ВУП знізіўся на 1,8%), аднак насельніцтва працягвае глядзець на перспектывы нацыянальнай эканомікі песімістычна, сведчаць вынікі апытання, якія апублікаваныя на рэсурсе „Кавіданоміка”, прысвечаным сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне ў перыяд пандэміі.

У чэрвені 90% апытаных заявілі, што не чакаюць хуткага аднаўлення эканомікі (аналагічны паказчык быў у траўні). Пры гэтым падзенне даходаў стабілізавалася: у чэрвені 49,7% рэспандэнтаў паказалі на зніжэнне сваіх даходаў (у параўнанні з 45% у сакавіку, 52% у красавіку і 48,5% у траўні).

„Сярод асноўных прычын падзення даходаў, як і раней, — скарачэнне заказаў (34%), адмена прэмій (26%), скарачэнне зарплат (25%)”, — канстатуюць даследнікі.

20% апытаных паведамілі, што працягваюць сутыкацца са скарачэннем працоўнага часу (травеньскі паказчык — 25%) і адпачынкамі за свой кошт (19% у чэрвені супраць 20% у траўні).

Пры гэтым 7% тых, у каго знізіліся даходы, сутыкнуліся з затрымкай зарплаты.

„Дынаміка на рынку працы застаецца негатыўнай, але тэмпы пагаршэння зніжаюцца. 4,5% апытаных сутыкнуліся са стратай працы за апошнія два тыдні, і толькі 1,1% знайшлі працу”, — пракаментавалі арганізатары вынікі сацыялагічнага даследавання, праведзенага з 8 па 15 чэрвеня.

Як паведамлялася, у сувязі з пагаршэннем сітуацыі на рынку працы ўрад ініцыяваў павышэнне дапамогі па беспрацоўі да бюджэту пражытковага мінімуму. Для фінансавання дадатковых сацыяльных выдаткаў, выкліканых пандэміяй, улады звярнуліся па крэдыт да Сусветнага банка.

„Мы рады атрымаць запыт на аказанне фінансавання ад беларускага ўраду, які нам расказаў пра свае планы па павышэнні дапамогі па беспрацоўі. Мы лічым, што гэта сапраўды добра, і мы пастараемся папрацаваць па гэтым пытанні. Не хачу зараз спекуляваць, мы паглядзім, якія дапамогі ў выніку падтрымаем”, — заявіў кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка Алекс Крэмер, адказваючы ў маі на пытанні БелаПАН падчас відэаканферэнцыі.

belapan.by

Фота finversia.ru