90-ыя гады – “залаты час” для памежнага гандлю
90-ыя гады мінулага стагоддзя – добрая тэма для мемуараў, тэлевезійных серыялаў, а ад нядаўняга часу – і для флэшмоба ў Фейсбуку. Для кагосьці 90-ыя асацыююцца з набыццём нашай краінай незалежнасці, для кагосці – з бандытамі ў малінавых пінжаках. Для людзей з украінска-беларускага сумежжа 90-ыя гады – “залаты час” для памежнага гандлю.
Якія тавары вазілі беларусы ва Украіну, а ўкраінцы – у Беларусь? За што вымантачвалі хабары мытнікі і памежнікі? Ці здараліся канфлікты на міжнацыянальнай глебе?
На пытанні нашага ўкраінскага карэспандэнта Марціна Войны адказвае Васіль Шаўчэнка – рэпкінскі прадпрымальнік, які ў 90-ыя гандляваў на гомельскіх рынках.
Васіль Шаўчэнка: Памятаю 1993-ці, 94-ты, 95-ты гады. Я акурат вярнуўся з войска, і трэба было неяк жыць. У нас тады яшчэ былі купоны, а не грыўні. Жыццё тады было цяжкім. І гандаль у Беларусі быў неад’емнай часткай нашага жыцця. З Беларусі тады ва Украіну вазілі каўбасы, вяндліну і розныя транты. А ў Беларусь мы вазілі тушонку, каву і шакаладныя батончыкі, нават туалетную паперу…
РР: Калі параўнаць зарплаты ў 90-я гады ў Чарнігаве і ў Гомелі – дзе плацілі больш?
Васіль Шаўчэнка: Яе амаль і не было. Калі ў нас тую зарплату купонамі і плацілі, то можна было крыху пражыць. Але ў Гомелі ўсе адно зарплаты былі вышэйшымі.
РР: Паездкі на гомельскія рынкі былі гэткім дадаткам да мізэрнай зарплаты?
Васіль Шаўчэнка: Так. Грошай бракавала ўвесь час. Такія паездкі вельмі дапамагалі.
РР: Але ж тады і на гомельскіх рынках, і на чарнігаўскіх стаяла шпана, якая саманазывалася “бандытамі”. Яны тады вымантачвалі так званыя “месцавыя”. Вы з імі сутыкаліся?
Васіль Шаўчэнка: Так, былі. На гомельскім рынку. Там тады працавалі “кашальковыя”, кралі ў людзей гаманцы, выцягвалі з валізаў блокі цыгарэт у тых, хто прыязджаў гандляваць з Украіны. На маіх вачах іх злавілі і здалі ў міліцыю. Праз тыдзень прыязджаю – а яны зноў вольна ходзяць па рынку. З бандытамі, дзякуй Богу, не сутыкаўся, бо яны займаліся тымі, хто спецыялізаваўся на валютных аперацыях.
РР: А бывала такое, каб у вас патрабавалі хабар памежнікі і мытнікі – хоць украінскія, хоць беларускія?
Васіль Шаўчэнка: Беларускія – ніколі, а ўкраінскія – так, бывала.
РР: Колькі яны хацелі і за што?
Васіль Шаўчэнка: За рознае. Калі што вязеш звыш мытнай нормы, напрыклад. Калі цябе лавілі мытнікі, то варыянтаў было два: ці выкідай залішняе ў сметнік, ці давай ім нешта “на лапу”. А ў Беларусі было так: яны ўваходзілі ў нашае становішча, бачылі, як бедна мы жылі, і маглі прапусціць крыху больш тавару, чым дазвалалася мытнымі правіламі. У нас ва Украіне ніколі такога не было, бо ў нас хабар – гэта лічыцца належным.
РР: Але ж у пэўны момант ездзіць у Гомель стала невыгодна…
Васіль Шаўчэнка: Так было заўсёды. Спачатку чарнігаўцы больш актыўна ездзілі ў Гомель, а потым гамяльчане сталі больш ездзіць на нашыя рынкі. Быў нейкі час, калі ў нас было горш, потым горш стала ў іх. Так што мы адзін аднаму дапамагалі эканамічна.
РР: Ці былі ў вас нейкія канфлікты з беларусамі на міжнацыянальнай глебе?
Васіль Шаўчэнка: Не было такога. Ані разу. Нават ніколі пра такое і не чуў.
РР: Беларусь цяпер адгароджаная ад Украіны рознымі мытнымі бар’ерамі, якія вельмі абмяжоўваюць гандаль, у тым ліку і памежны…
Васіль Шаўчэнка: Патрэбная большая мытная адкрытасць. А то нарабілі абмежаванняў… Даходзіць да смешнага. Гэта ж ненармальна, калі праз мяжу можна весці не паўтары кілаграмы той жа каўбасы, напрыклад, а кілаграм. Калі людзям трэба выжываць і ва Украіне, і ў Беларусі, трэба неяк дамаўляцца нашым памежным раёнам.
На Чарнігаўшчыне і пагэтуль існуе некалькі паспяховых бізнесаў, стартавы капітал якіх быў назапашаны ў 90-я гады менавіта на гомельскіх рынках.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя