A1 Telekom Austria Group чакае зніжэння курсу беларускага рубля на 15% у 2021 годзе
У 2021 годзе курс беларускага рубля ў адносінах да еўра можа знізіцца на 15%. Такі прагноз утрымліваецца ў справаздачы аўстрыйскай кампаніі A1 Telekom Austria Group, якой належыць беларускі аператар тэлекамунікацыйных паслуг А1.
„На развіццё Беларусі можа негатыўна паўплываць абясцэненне беларускага рубля ў 2021 годзе. Менеджмент A1 Telekom Austria Group чакае, што ў 2021 годзе мясцовая валюта абясцэніцца ў сярэднім прыкладна на 15% у адносінах да еўра, хоць варта зазначыць, што прадказальнасць дынамікі беларускага рубля абмежаваная”, — гаворыцца ў справаздачы.
Аўтары справаздачы звяртаюць увагу, што менавіта з-за абясцэньвання беларускага рубля ў адносінах да замежных валют прыбытак беларускага мабільнага аператара А1 у 2020 годзе знізіўся.
Так, у нацыянальнай валюце прыбытак мабільнага аператара (EBIDTA) у 2020 годзе склаў 481,8 млн рублёў і павялічыўся на 7,8% у параўнанні з 2019 годам. Аднак у еўра прыбытак скарацілася на 9,5% — са 190,9 млн еўра ў 2019 годзе да 172,8 млн еўра ў 2020 годзе.
„Эканамічная сітуацыя ў Беларусі па-ранейшаму вызначаецца палітычнай нявызначанасцю. На працягу чацвёртага квартала 2020 года ўсім мабільным аператарам было загадана скараціць прапускную здольнасць мабільнай сеткі ў Менску на пэўны час. Аператар А1 выканаў патрабаванні дзяржаўных упаўнаважаных органаў”, — падкрэсліваецца ў справаздачы.
Акрамя гэтага, у сваёй справаздачы аўстрыйская кампанія акцэнтуе ўвагу на павышаных працэнтных стаўках на грашовым рынку Беларусі, якія будуць стрымліваць развіццё эканомікі.
„Нацбанк Беларусі праводзіць жорсткую грашова-крэдытную палітыку, каб утрымаць інфляцыю на нізкім узроўні, і таму прыпыніў выдаванне кароткатэрміновай ліквіднасці банкаўскай сістэме… Як следства, дэфіцыт мясцовай валюты на рынку прыводзіць да рэзкага павышэння працэнтных ставак па кароткатэрміновым крэдытаванні, што адбіваецца на перспектывах росту эканомікі”, — падкрэсліваюць аўтары справаздачы.
У квартальным дакладзе A1 Telekom Austria Group гаворыцца, што кампанія прыняла рашэнне скараціць свае інвестыцыі ў Беларусі.
„Ва ўмовах неспрыяльнага інвестыцыйнага клімату ў 2020 годзе А1 істотна скараціла капітальныя выдаткі”, — паведамляецца ў справаздачы.
Так, у цэлым капітальныя выдаткі мабільнага аператара A1 у 2020 годзе склалі 26,8 млн еўра і скараціліся на 74,5% (у чатыры разы) у параўнанні з 2019 годам. Асобна ў чацвёртым квартале 2020 года капітальныя выдаткі мабільнага аператара A1 у Беларусі склалі 5,9 млн еўра і зменшыліся больш чым у 10 разоў у параўнанні з аналагічным перыядам 2019 года, калі было інвеставана 69,5 млн еўра.
А1 — правайдар тэлекамунікацыйных, ІКТ- і кантэнт-паслуг у Беларусі. Камерцыйную дзейнасць кампанія пачала 16 красавіка 1999 года, стаўшы першым мабільным аператарам стандарту GSM у краіне. З лістапада 2007 года ўваходзіць у склад міжнароднай групы A1 Telekom Austria Group, якая з’яўляецца еўрапейскім падраздзяленнем транснацыянальнага холдынгу America Movil, аднаго з найбуйнейшых сусветных правайдараў бесправадных паслуг. Да жніўня 2019 года кампанія вяла аперацыйную дзейнасць пад брэндам velcom.