A1 Telekom Austria не збіраецца сыходзіць з Беларусі
A1 Telekom Austria Group не збіраецца пакідаць беларускі рынак у сувязі з сітуацыяй з арыштам прэс-сакратара беларускай „дачкі” кампаніі Мікалая Брэдзелева. Пра гэта ў інтэрв’ю агенцтву APA заявіў старшыня праўлення A1 Telekom Austria Group Томас Арнольдэр, піша finanzen.at.
У матэрыяле гаворыцца, што Telekom Austria дабілася моцнага скачка прыбытку ў 2021 годзе.
„Такімі тэмпамі росту мы яшчэ раз даказалі, што з’яўляемся адной з самых хуткарослых кампаній у еўрапейскім тэлекамунікацыйным сектары”, – заявіў старшыня праўлення A1 Telekom Austria Group Томас Арнольдэр.
Паводле слоў Арнольдэра, бізнес у Беларусі прыносіць прыкладна дзясятую частку даходаў.
„Беларусь – важны для нас рынак, мы працуем там вельмі паспяхова ўжо шмат гадоў”, – падкрэсліў ён, адзначыўшы, што сыход кампаніі з Беларусі не абмяркоўваецца.