ААЭ згодныя павялічыць здабычу нафты
Майскія ф’ючэрсы на гатунак Brent на Лонданскай біржы 9 сакавіка адкаціліся з максімумаў больш чым на 10%, да $112,85 за барэль.
Аптымізму глабальнаму нафтаваму рынку дадалі навіны пра тое, што Аб’яднаныя Арабскія Эміраты паабяцалі нарошчваць здабычу нафты, каб змякчыць наступствы складанай сітуацыі на энергетычных рынках.

Фота oilcapital.ru
Заяву са спасылкай на канструктыўную пазіцыю ААЭ зрабіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен. Ён дадаў, што ААЭ падтрымліваюць нарошчванне здабычы ў рамках здзелкі АПЕК +.
Раней ЗША і Вялікабрытанія заклікалі забараніць імпарт расейскай нафты. Пасля гэтага на рынку сфармаваліся асцярогі аб моцным удары па прапанове нафты.
Па дадзеных JPMorgan, Расея з’яўляецца адным з найбуйнейшых у свеце вытворцаў нафты з доляй сусветнага рынку 12%. Да канфлікту ва Украіне Расея экспартавала каля 6,5 млн барэляў у дзень, з якіх 4,3 млн барэляў у дзень ішло ў Еўропу і ЗША.
Аналітыкі прагназавалі, што перакрыцце гэтага крана прывядзе да павышэння коштаў, калі не будзе знойдзена альтэрнатыва.
