ААТ „Гродна Азот”: Праца двух цэхаў прадпрыемства адноўленая



У ААТ „Гродна Азот” адноўленая праца двух цэхаў.

„Цэхі „Аміяк-4” і „Карбамід-4″ у гэты момант працуюць у штатным рэжыме. Ажыццяўляецца дазагрузка магутнасцяў”, — паведамілі на прадпрыемстве.

Як паведаміла раней прэс-служба „Гродна Азоту”, 9 лістапада ў 5.30 з-за праблем у тэхналагічным працэсе аддзялення ачышчэння канвертаванага газу здарылася спыненне кампрэсара сінтэз-газу ў цэху „Аміяк-4” са скідваннем азотна-вадароднай сумесі на факел. У 15.57 адбылося поўнае прыпыненне цэха, з-за чаго быў спынены і цэх „Карбамід-4”.

Згодна з апошнімі звесткамі, 25 рабочых „Гродна Азоту” далучыліся да страйку.

26 кастрычніка прыкладна 150 супрацоўнікаў прадпрыемства сабраліся на прахадной, як мінімум 32 з іх былі жорстка затрыманыя сілавікамі. Затым выйшаў загад аб звальненні 12 работнікаў завода, якія далучыліся да страйку. Аднаго са страйкоўцаў — Аляксандра Жука — раніцай 27 кастрычніка забралі ў КДБ „на размову”, а пазней асудзілі на 30 сутак арышту за ўдзел у двух мітынгах.

Значныя цэхі прадпрыемства з бесперапыннай вытворчасцю — „Аміяк-3” і „Карбамід-4” — не прымаюць змены. Або іх прымаюць не тыя людзі, якія павінны былі рабіць гэта па плане: за пультам працуюць начальнікі, работнікі іншых падраздзяленняў, стажоры. Да страйку далучыўся цэх АКіКАС.

Раней паведамлялася, што работнікаў ААТ „Гродна Азот”, якія бастуюць, заменяць прадстаўнікі іншых прадпрыемстваў канцэрна „Белнафтахім”. Лідар страйкама „Гродна Азоту” Юрый Рававы паведаміў, што запрошаныя работнікі Гомельскага хімічнага завода і завода „Магілёўхімвалакно”.

belapan.by

Фота: Тут.бай