Абаненцкая база аператара „МТС” дасягнула 5,5 млн карыстальнікаў



Абаненцкая база мабільнага аператара „МТС” па выніках 2018 года павялічылася прыкладна на 200 тысяч карыстальнікаў і дасягнула 5,5 млн абанентаў, паведамілі ў прэс-службе СТАА „Мабільныя ТэлеСістэмы”.

„Для нас гэта не проста лічба — гэта галоўная ўзнагарода за ўсе гады працы. Мы працягваем інвеставаць у развіццё сеткі, хмарныя прадукты, інтэрнэт рэчаў. Робім стаўку на ўкараненне самых сучасных тэхналогій зыходзячы з патрэб нашых кліентаў”, — пракаментаваў генеральны дырэктар кампаніі „МТС „Уладзімір Карповіч.

Як адзначылі ў кампаніі, у 2018 годзе аператар „МТС” запусціў паслугі сувязі па тэхналогіі LTE (4G) ва ўсіх раённых цэнтрах Беларусі: за мінулы год у краіне запрацавалі 650 базавых станцый LTE у дыяпазоне 1.800 Мгц і 161 базавая станцыя ў дыяпазоне 2.600 МГц.

Разам з інфраструктурным аператарам becloud кампанія „МТС” пачала маштабаваць сетку 4G — уключаць дыяпазон 2.600 МГц. Ён дазваляе пашырыць ёмістасць сеткі LTE і паскорыць перадачу даных нават пры вялікіх нагрузках на сетку. Сёння дыяпазон 2.600 МГц падтрымлівае стабільную працу сеткі ў самых загружаных лакацыях Менска, Магілёва, Гомеля, Віцебска, Гародня, Берасце, а таксама ў Салігорску, Барысаве, Жодзіне, Баранавічах, Горках, Мазыры, Кобрыне, Пінску, Івацэвічах, Полацку, Наваполацку, Лідзе, Маладзечне і Астраўцы.

Беларуска-расейскае СТАА „Мабільныя ТэлеСістэмы” — найбуйнейшы па колькасці абанентаў аператар у Беларусі. Кампанія зарэгістравана 4 красавіка 2002 года. Заснавальнікамі з’яўляюцца РУП „Белтэлекам” (51% статутнага фонду) і расейскае ААТ „Мабільныя ТэлеСістэмы” (49%).

belapan.by