Абмежаванні на мяжы – страты польскіх гандляроў



Абмежаванні на беларускай мяжы паўплываюць на беластоцкіх гандляроў. Ад жніўня пачалі дзейнічаць новыя нормы ўвозу ў Беларусь пэўных групаў тавараў. Найбольш гэтыя абмежаванні тычацца тых, хто больш часта перасякае мяжу. Гэта можа адбіцца і на прыбытках гандляроў у Польшчы.

Лідар грамадскага аб’яднання „Перспектыва“ Анатоль Шумчанка не разумее дзеянняў мытных службаў ды ўладаў:

-Як бы яны не імкнуліся абмежаваць увоз тавараў, праводзіць маніторынгі і праверкі на рынках рабіць, нічога добрага з гэтага не атрымаецца. Гэта барацьба з уласным народам. Калі яны гатовыя забяспечыць Гарадзеншчыну і Берасцейшчыну працоўнымі месцамі, забяспечыць тых, хто застаўся без працы, і пенсіянераў, якія кормяць сваіх дзяцей, дзякуючы  гэтым перавозкам, тады добра. Але я моцна сумняюся ў гэтым.

Да прыкладу, цяпер асоба, якая перасякае мяжу раз у тыдзень, можа правезці не больш, чым 5 кілаграмаў прадуктаў, а тыя, хто ездзяць штодня – ўвогуле не могуць увозіць у Беларусь прадукты, алкаголь ды іншыя тавары.

Правезці кампутар, тэлевізар, або камплект шынаў можна толькі адзін раз у год.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота strefabiznesu.echodnia.eu