Аб’яднанне прадпрымальнікаў «Перспектыва» збірае свой форум
Пытанні адказнасці і накладання штрафаў за тавар, за які ўплочаны ўвазны падатак, гандлёвыя стасункі з Расейскай Федэрацыяй, праблема так званых «гандляроў з Усходу» ды іншыя будуць абмяркоўвацца на форуме прадпрымальнікаў 10 снежня. Яго арганізуе ў Менску аб’яднанне прадпрымальнікаў «Перспектыва», – паведаміў яго старшыня Анатоль Шумчанка.
– Людзі збіраюцца, усе рэгіёны будуць прадстаўлены. З чыноўнікаў толькі Дзяржстандарт сказаў, што будзе. Але яшчэ ёсць заўтрашні дзень.
РР: А каго запрашалі?
– Шесць міністэрстваў – мінэканомікі, мінфін, мінгандаль, дзяржстандарт, міністэрства па падатках і зборах, а таксама шэраг намеснікаў прэм’ера.
Па словах Анатоля Шумчанкі, сітуацыя з сярэднім і дробным бізнэсам толькі пагаршаецца праз агульную сітуацыю ў беларускай эканоміцы і збядненне насельніцтва краіны.
– Прадпрымальнікі церпяць ад нізкай пакупной здольнасці насельніцтва, ад таго, што нашая эканоміка не развіваецца, адчувае вялікія цяжкасці. Прадпрымальнікі адчуваюць гэта ў першую чаргу. Людзі пераходзяць на найбольш танныя тавары. У крамах сэканд-хэнд паўстаюць чэргі. Таму мы, як ніхто іншы, ведаем сапраўдны стан нашай эканомікі. Людзі збяднелі, купляюць самае таннае, грошай на добрыя рэчы ў іх усё менш і менш.
Як адзначае Анатоль Шумчанка, сітуацыя пагаршаецца ва ўсіх рэгіёнах без выключэння, што можа прывесці да таго, што дробнае і сярэдняе прадпрымальніцтва ў Беларусі можа знікнуць, а прапрымальнікі сысці з рынкаў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя