Аб’яўлены конкурс імпарцёраў алкагольнай прадукцыі
У Беларусі аб’яўлены адкрыты конкурс на вызначэнне імпарцёраў алкагольнай прадукцыі ў 2020 годзе, паведамляе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
Міжведамасная камісія па арганізацыі і правядзенні конкурсаў для вызначэння юрыдычных асоб, якія забяспечваюць рэалізацыю выключнага права дзяржавы на ажыццяўленне імпарту алкагольнай прадукцыі, прымае дакументы па 6 верасня ўключна.
Да відаў алкагольнай прадукцыі, права на ажыццяўленне імпарту якой з’яўляецца прадметам адкрытага конкурсу, адносяцца: шампанскае і віны пеністыя; віны вінаградныя натуральныя, уключаючы мацаваныя (вытрыманыя, марачныя, калекцыйныя, з абароненым найменнем па паходжанні, з абароненым геаграфічным указаннем); вермуты і вінаградныя натуральныя віны іншыя з дабаўленнем раслінных або араматычных рэчываў; напоі іншыя зброджаныя (напрыклад, сідр, пэры, або сідр грушавы, напой мядовы, саке); сумесі са зброджаных напояў і сумесі зброджаных напояў і безалкагольных напояў, акрамя вінаў пладовых, напояў вінных вінаградных, напояў вінных пладовых; каньякі, прыгатаваныя з каньячных спіртоў, вытрыманых не менш за 6 гадоў; віскі; ром; джын; гарэлка; лікёры; херасныя брэндзі, арманьяк, грапа і іншыя спіртавыя настойкі, атрыманыя ў выніку дыстыляцыі вінаграднага віна або выціскання вінаграду; кальвадос, вытрыманы, які знаходзіўся ў кантакце з драўнінай дуба не менш за тры гады.
Дакументы павінны ўтрымліваць: пералік алкагольных напояў, якія ўдзельнік конкурсу мае намер увозіць у Беларусь; указанне мэты іх увозу (аптовы або рознічны гандаль); аб’ём увозу алкагольных напояў у натуральным і грашовым выражэнні; наяўнасць або адсутнасць запазычанасці па плацяжах на 1 ліпеня і іншыя звесткі аб дзейнасці кампаніі.
Раней быў зацверджаны пералік юрыдычных асоб — пераможцаў конкурсу, якія будуць забяспечваць рэалізацыю выключнага права дзяржавы на ажыццяўленне імпарту алкагольнай прадукцыі ў 2019 годзе.
У 2016—2019 гадах спецімпарцёрамі былі 29 прадпрыемстваў, у 2015-м — 35.
Сістэма ўвозу алкаголю ў Беларусь змянілася ў 2008 годзе пасля ўваходжання ў сілу дэкрэта прэзідэнта № 3, які замяніў кватаванне імпарту алкагольнай прадукцыі на інстытут спецімпарцёраў. Апошніх выбіраюць па конкурсе. Імпартаваць алкагольныя напоі пасля перамогі ў конкурсе могуць як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя прадпрыемствы.
Згодна з дэкрэтам № 2 ад 11 красавіка 2011 года, дарагія алкагольныя напоі ўвозяцца ў Беларусь у рэжыме свабоднага імпарту.
Некалькі гадоў таму быў падрыхтаваны законапраект аб унясенні змяненняў у закон „Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці і абароту алкагольнай, нехарчовай прадукцыі з утрыманнем спірту і нехарчовага этылавага спірту”, згодна з якім прадугледжана адмена выключных правоў дзяржавы на ажыццяўленне імпарту алкагольных напояў. Аднак пакуль гэты законапраект не прыняты.